За нядзелю 8 верасьня ў беларускіх лясах зьліквідавалі 16 лясных пажараў, а таксама 5 пажараў тарфянікаў і 73 пажары травы і кустоў, паведамляе ў ранішняй зводцы МНС Беларусі.
Агульная плошча лясных пажараў склала 5,35 гэктара, тарфяных — 0,097 гэктара, пажараў травы і кустоў — амаль 12 гэктараў.
З 16 лясных пажараў па 5 зь іх адбылося ў Менскай і Берасьцейскай вобласьці, па два — у Горадзенскай і Магілёўскай абласьцях і па адным — у Віцебскай і Гомельскай. Агулам для іх ліквідацыі прыцягвалі 71 адзінку тэхнікі і 198 чалавек.
Сярод тарфяных пажараў найбольш буйны адбыўся ў Брагінскім раёне на землях ААТ «Пераможца» каля вёскі Новы Макрэц — яго плошча склала каля 7 гектараў. На 6-ю гадзіну раніцы 9 верасьня пажар лякалізавалі, яго плошча складала 3,5 га.
Яшчэ адзін буйны пажар на тарфяніках на агульнай плошчы каля 2,5 га адбыўся на землях УП «Забалацьце 2010» каля в. Стары Мазалаў Рагачоўскага раёну Гомельскай вобласьці. На 6-ю раніцы пажар лякалізалі, яго плошча складае 2 га.
У Гомельскай вобласьці Беларусі ўжо больш за тыдзень дзейнічае чырвоны ўзровень пажарнай небясьпекі. З канца мінулага тыдня яго пашырылі і на Магілёўскую вобласьць. Папярэджаньне з чырвоным узроўнем небясьпекі дзейнічае да 10 верасьня. Згодна з актуальнай мапай МНС, 5-ю клясу пажарнай небясьпекі ўвялі і ў Пінскім раёне Берасьцейскай вобласьці.
У большасьці раёнаў Беларусі дзейнічае забарона на наведваньне лясоў, у астатніх раёнах уведзеныя абмежаваньні на наведваньне.
За мінулы тыдзень дзяржаўная лясная сахова ліквідавала 55 лясных пажараў — гэта антырэкорд пажаранебясьпечнага сэзону, паведамілі БелТА ў Міністэрстве лясной гаспадаркі.
- 7 верасьня ў Беларусі зьліквідавалі тры лясныя пажары на агульнай плошчы 3,35 га, адзін тарфяны пажар на плошчы 0,0075 га і 17 пажараў травы і кустоўя на агульнай плошчы 6,705 га.
- Дымка і пах у Гомельскай вобласьці ўзьніклі ў выніку ўзгараньня тарфянікаў і «гаспадарчай дзейнасьці насельніцтва ва ўмовах зацішнага надвор’я і адсутнасьці рассейваньня ў атмасферы», заявіла 7 верасьня абласное ўпраўленьне МНС. Смог і пах гару назіралі і ў Менску.
- Нацыянальны цэнтар кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Літвы ўвечары 7 верасьня папярэдзіў, што тарфяныя і лясныя пажары ў Беларусі выклікалі пах гару і забруджваньне паветра ў краіне. Агенцтва аховы навакольнага асяродзьдзя Літвы паведаміла, што забруджваньне паветра ў краіне 7–8 верасьня, паводле звестак маніторынгу, будзе павышаным, канцэнтрацыя цвёрдых часьцінак (PM10) павялічана ў многіх раёнах.
Форум