Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі заявілі аб складаным пажары, які перайшоў з украінскай тэрыторыі. Ва Ўкраіне такой інфармацыі няма


За некалькі гадоў да расейскай вайны ва Ўкраіне на Альманскіх балотах Беларусі пачалі будаваць дарогі. Архіўнае фота
За некалькі гадоў да расейскай вайны ва Ўкраіне на Альманскіх балотах Беларусі пачалі будаваць дарогі. Архіўнае фота

Паводле ўладаў, пацярпела каля 0,5 гектара балоцістай мясцовасьці.

У Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі паведамілі аб ліквідацыі на тэрыторыі Палескага лясгасу «транспамежнага пажару», які «перайшоў з боку Ўкраіны».

«Пад пагрозай апынулася балоцістая мясцовасьць у Вільенскім лясьніцтве. Паводле апэратыўнай інфармацыі, пацярпела каля 0,5 гектара», — адзначаецца ў паведамленьні ведамства.

У міністэрстве ўдакладнілі, што пажар тушылі «адказныя асобы дзяржлесаховы», а ачаг заўважылі пры дапамозе аўтаматызаванай сыстэмы відэаназіраньня. «На месца здарэньня апэратыўна прыбыла лясная ахова, задзейнічалі трактар з плугам, пажарны аўтамабіль», — дадалі ў ведамстве.

«Нягледзячы на тое, што ўчастак быў цяжкадаступны, зладжанасьць дзеяньняў адказных асоб дзяржлесаховы дазволіла апэратыўна зьліквідаваць пажар. Каб патушыць месцы пераходу агню, працаўнікі з ранцавымі вогнетушыцелямі перамяшчаліся па вадзе», — паведамілі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі.

Як вынікае з паведамленьня, пажар, падобна, адбыўся на Альманскіх балотах, якія знаходзяцца ў складзе Вільенскага лясьніцтва, што ўваходзіць у Палескі лясгас.

Перад расейскім уварваньнем ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі праводзіліся вайсковыя вучэньні з баявой стральбой. Паводле мясцовых газэт, вучэньні праходзілі ў тым ліку і на тэрыторыі запаведных зонаў. Як паведамляла ў лютым 2022 году столінская раённая газэта, вайсковыя вучэньні на тэрыторыі раёну часткова закранулі ляндшафтны заказьнік «Альманскія балоты». У пачатку 1960-х гадоў у Альманскіх балотах знаходзіўся 41-ы авіяцыйны палігон (Мярлінскі).

На гэтым участку Беларусь мяжуе з Ровенскай вобласьцю Ўкраіны. У рэгіянальным упраўленьні Дзяржаўнай службы Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях пра памежныя пажары не паведамлялі. Згодна з апошняй інфармацыяй, 10 красавіка ровенскія пажарныя выяжджалі на тушэньне пажараў на розных аб’ектах вобласьці, а таксама на тушэньне сухой травы ў вёсцы Крупец Дубенскага раёну, але гэта амаль за 300 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю.

У Жытомірскім упраўленьні Дзяржаўнай службы Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях 13 красавіка паведамілі аб ліквідацыі 6 пажараў сухой травы ў Корасьценскім раёне, але ён мяжуе з Гомельскай, а не Берасьцейскай вобласьцю

11 сакавіка Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб пачатку ва Ўзброеных сілах праверкі баявой гатоўнасьці злучэньняў і вайсковых частак у адказ на правядзеньне ля межаў Беларусі вучэньняў NATO. Вучэньні праводзіліся ў тым ліку і на тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG