Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала адстаўку яшчэ трох чыноўнікаў і зацьвердзіла кандыдатуры 9 міністраў


Вярхоўная Рада Ўкраіны 5 верасьня прыняла адстаўку міністра замежных спраў Дзьмітра Кулебы, віцэ-прэм'ера і міністра па рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірыны Верашчук. Таксама ў Радзе прагаласавалі за прызначэньне 9 міністраў.

На пленарным пасяджэньні 5 верасьня Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала заявы аб адстаўцы:

  • Дзьмітра Кулебы — з пасады міністра замежных спраў Украіны;
  • Ірыны Верашчук — з пасады віцэ-прэм’ер-міністра Ўкраіны — міністра ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны;
  • Віталя Коваля — з пасады Старшыні Фонду дзяржаўнай маёмасьці Ўкраіны.

Сама Ірына Верашчук пісала, што пераходзіць на працу ў Офіс прэзыдэнта і зойме там пасаду намесьніка ягонага кіраўніка Андрэя Ермака. Дзьмітро Кулеба, паводле крыніц РБК-Україна, таксама застанецца ў камандзе Зяленскага і, магчыма, працягне працу ў Брусэлі.

Таксама народныя дэпутаты Ўкраіны прагаласавалі за прызначэньне:

  • Вольгі Стэфанішынай — міністрам юстыцыі Ўкраіны. Таксама яна ў выніку захавала пасаду віцэ-прэм’ер-міністра па эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі Ўкраіны;
  • Аляксея Кулебы — на пасаду віцэ-прэм’ер-міністра па аднаўленьні Ўкраіны — міністра разьвіцьця грамадаў і тэрыторыяў Украіны (раней займаў пасаду намесьніка кіраўніка Офіса прэзыдэнта);
  • Сьвятланы Грынчук — на пасаду міністра аховы навакольнага асяродзьдзя і прыродных рэсурсаў Украіны (раней займала пасаду намесьніцы міністра);
  • Мацьвея Беднага — на пасаду міністра моладзі і спорту Ўкраіны (раней часова выконваў абавязкі кіраўніка ведамства);
  • Мікалая Тачыцкага (намесьнік кіраўніка Офіса прэзыдэнта) — на пасаду міністра культуры і стратэгічных камунікацый Украіны;
  • Натальлі Калмыковай — на пасаду міністра ў справах вэтэранаў Украіны (раней займала пасаду намесьніцы міністра абароны па сацыяльным разьвіцьці);
  • Германа Сьмятаніна — на пасаду міністра ў пытаньнях стратэгічных галінаў прамысловасьці Ўкраіны (былы дырэктар канцэрту «Укроборонпром»; ягоны папярэднік Аляксандар Камышын, як пішуць украінскія СМІ, пяройдзе на працу ў Офіс прэзыдэнта);
  • Віталя Коваля — на пасаду міністра аграрнай палітыкі і харчаваньня (да гэтага кіраваў Фондам дзяржаўнай маёмасьці);
  • Андрэя Сібігі — на пасаду міністра замежных спраў Украіны (з 2024 году — першы намесьнік міністра замежных спраў).

З чым зьвязаныя маштабныя перастаноўкі ва ўкраінскім урадзе

Чаканыя перастаноўкі ва ўрадзе пракамэнтаваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі:

«Восень будзе надзвычай важнай для Украіны, і нашы дзяржаўныя інстытуцыі павінны быць настроеныя так, каб Украіна дасягнула ўсіх вынікаў, якія нам патрэбныя. Для гэтага мы павінны ўзмацніць некаторыя напрамкі ва ўрадзе», — сказаў ён.

На думку ўкраінскага паліттэхноляга Сяргея Гайдая, зьмяненьне складу Кабінэта міністраў Украіны вырашае дзьве задачы: першая — відавочная адсутнасьць пазытыўных вынікаў працы цяперашняга складу ўраду, другая — патрабаваньні саюзьнікаў.

«Таму што для іх таксама не зьяўляецца сакрэтам тое, што вялікая колькасьць задач, якія сёньня патрабуецца вырашаць ва Ўкраіне, у тым ліку і барацьбу з карупцыяй, і ўздым эканомікі, і, перш за ўсё, абарону краіны, — з гэтым цяперашні ўрад спраўляецца ня вельмі добра. Ёсьць вялікая колькасьць недахопаў. І ёсьць спроба проста памяняць пэрсаналіі, зьмяніць нейкія вынікі, дамагчыся нейкіх вынікаў ад працы ўраду», — сказаў паліттэхноляг у інтэрвію «Настоящему времени».

Кандыдат па дзяржаўныя кіраваньні Юры Гаўрылечка лічыць, што замена міністраў ніяк не адаб’ецца на дзейнасьці ўкраінскага ўраду. У камэнтары Голасу Амэрыкі ён сказаў, што ўкраінскі Кабінэт міністраў фактычна працуе як адміністрацыйны цэнтар і адзіныя праблемы, якія могуць узьнікнуць у сыстэме выканаўчай улады, — гэта калі ў адстаўку падасьць кіраўнік кабінэта міністраў.

  • 4 верасьня ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны разгледзелі заявы аб адстаўцы чатырох міністраў, двух віцэ-прэм’ераў і старшыні Фонду дзяржаўнай маёмасьці. Па выніках разгляду заяваў адправілі ў адстаўку міністра ў пытаньнях стратэгічных галінаў прамысловасьці Аляксандра Камышына, міністра юстыцыі Дзяніса Малюську, міністра аховы навакольнага асяродзьдзя Руслана Стральца і віцэ-прэм’ера ў пытаньнях эўраінтэграцыі Вольгу Стэфанішыну.
  • Хадайніцтвы аб адстаўцы віцэ-прэм’ер-міністаркі ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Украіны Ірыны Верашчук і кіраўніка Фонду дзяржаўнай маёмасьці Ўкраіны Віталя Коваля на паседжаньні 4 верасьня адхілілі. Галасаваньне наконт адстаўкі міністра замежных спраў Украіны Дзьмітра Кулебы адклалі на 5 верасьня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG