Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная Рада Ўкраіны адправіла ў адстаўку трох міністраў і віцэ-прэм’ера ў пытаньнях эўраінтэграцыі


Вярхоўная Рада Ўкраіны, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Вярхоўная Рада Ўкраіны, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Па выніках галасаваньня ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны 4 верасьня ў адстаўку адправілі трох міністраў і аднаго віцэ-прэм’ера. Дэпутаты не падтрымалі адстаўкі міністра ў пытаньнях рэінтэграцыі і кіраўніка Фонду дзяржаўнай маёмасьці. Рашэньне наконт адстаўкі кіраўніка МЗС адклалі на 5 верасьня.

4 верасьня ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны разгледзелі заявы аб адстаўцы чатырох міністраў, двух віцэ-прэм’ераў і старшыні Фонду дзяржаўнай маёмасьці.

4 чыноўнікаў па выніках разгляду заяваў адправілі ў адстаўку:

  • міністра ў пытаньнях стратэгічных галінаў прамысловасьці Аляксандра Камышына,
  • міністра юстыцыі Дзяніса Малюську,
  • міністра абароны навакольнага асяродзьдзя Руслана Стральца,
  • віцэ-прэм’ера ў пытаньнях эўраінтэграцыі Вольгу Стэфанішыну.

Яшчэ два хадайніцтвы былі адхіленыя: на сваіх пасадах засталіся віцэ-прэм’ер-міністарка ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Украіны Ірына Верашчук і кіраўнік Фонду дзяржаўнай маёмасьці Ўкраіны Віталь Каваль.

Суразмоўца агенцтва «РБК-Україна» з урадавай фракцыі «Слуга народу» расказаў, што звальненьне Каваля сабатавала частка фракцыйных дэпутатаў, якія маюць пярэчаньні супраць далейшага прызначэньня яго кіраўніком Міністэрства аграрнай палітыкі і харчаваньня. «Што тычыцца Верашчук, то яна не была задаволеная сваім зьняцьцем з пасады віцэ-прэм’ера і паведаміла пра гэта дэпутатам, у выніку ляяльная да яе група „слуг“ не падтрымала яе звальненьне», — піша агенцтва.

Галасаваньне наконт адстаўкі міністра замежных спраў Украіны Дзьмітра Кулебы адклалі на 5 верасьня. 43-гадовы дыплямат узначальвае МЗС Украіны больш за чатыры гады — з 4 сакавіка 2020 году. Ён стаў самым маладым кіраўніком МЗС у гісторыі.

Як паведамляе «РБК-Україна» са спасылкай на крыніцы ў «Слузе народу», галасаваньне наконт Кулебы вырашылі адкласьці, бо стала відавочна, што «няма патэнцыялу» і ў залі прысутнічае недастаткова дэпутатаў.

Раней стала вядома, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сваім указам таксама звольніў Расьціслава Шурму з пасады намесьніка кіраўніка офіса прэзыдэнта Ўкраіны.

Дзяніс Малюська даўжэй за ўсіх міністраў займаў пасаду: ён узначаліў Міністэрства юстыцыі Ўкраіны яшчэ ў 2019 годзе, а пасьля быў пераабраны на гэтую пасаду. Паводле зьвестак народнага дэпутата Яраслава Жалезьняка, Міністэрства юстыцыі можа ўзначаліць Вольга Стэфанішына, якую адправілі ў адстаўку з пасады віцэ-прэм’ера ў пытаньнях эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі (яна займала гэтую пасаду з 4 чэрвеня 2020 году).

Аляксандар Камышын быў прызначаны міністрам у пытаньнях стратэгічных галінаў прамысловасьці ў сакавіку 2023 году. Паводле Жалезьняка, Камышын, «нягледзячы на інфармацыю ў СМІ, не ідзе на пасаду намесьніка старшыні Офісу прэзыдэнта, а будзе ў статусе стратэгічнага дарадцы».

Руслан Стралец займаў пасаду міністра навакольнага асяродзьдзя і прыродных рэсурсаў з 14 красавіка 2022 году.

  • Раней у Вярхоўную Раду Ўкраіны паступіла 7 заяваў аб адстаўцы — чатырох міністраў, двух віцэ-прэм’ер-міністраў і старшыні Фонду дзяржаўнай маёмасьці Ўкраіны.
  • Выданьне «РБК-Україна» зьвярнула ўвагу на камэнтар кіраўніка фракцыі «Слуга народу» Давіда Арахаміі. У сваім тэлеграм-канале ён анансаваў на 4 верасьня «дзень звальненьняў», а на 5 верасьня — «дзень прызначэньняў». «Як і абяцалі, вялікай перазагрузкі ўраду можна чакаць ужо на гэтым тыдні», — напісаў Арахамія. Паводле яго, зьменіцца больш за 50% штатнай колькасьці Кабінэту міністраў Украіны. Канчатковы сьпіс будзе вызначаны на пасяджэньні фракцыі 4 верасьня, дадаў Арахамія.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG