Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады будуць пераконваць, што «нармалізацыя» адбылася і Лукашэнка стаў гарантам новай «стабільнасьці», — Быкоўскі


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Палітычны экспэрт і мэдыяаналітык Паўлюк Быкоўскі адказвае на пытаньне, як спалучаецца працяг рэпрэсіяў і вызваленьне палітвязьняў, і аналізуе, як улада падрыхтавалася да новай прэзыдэнцкай кампаніі.

Сьцісла:

  • Працяг рэпрэсіяў — гэта ў значнай ступені інэрцыя сыстэмы.
  • Сілавая бюракратычная сыстэма, як той алігатар, ня ўмее аддаваць ахвяру, якую заглынула.
  • Паўстае пытаньне: што можа прапанаваць Захад у адказ на вызваленьне палітвязьняў?
  • Большасьць санкцыяў, якія былі ўведзеныя, — за саўдзел у агрэсіі, за пасадку самалёта з Пратасевічам. А не за рэпрэсіі.
  • Сярэдняму беларусу, які не глядзіць «экстрэмісцкіх» каналаў, цяжка даведацца пра тое, што машына рэпрэсіяў працягвае працаваць.
  • Рэпрэсіі дэ-факта не спыняюцца, але ў інфармацыйнай сфэры будзе ўсё больш размоў пра тое, што рэжым нібыта стаў «больш гуманным».

— 3 чэрвеня былі памілаваныя яшчэ 30 палітвязьняў. Гэта ўжо трэцяя партыя, папярэднія памілаваньні адбываліся 3 ліпеня і 16 жніўня. Адначасова з гэтым амаль штодня адбываюцца новыя суды над затрыманымі з палітычных прычынаў, а значыць, зьяўляюцца новыя палітвязьні. Як можна патлумачыць гэтыя паралельныя працэсы, які ў гэтым сэнс з гледзішча ўлады?

— Я б разьвёў гэтыя працэсы. Працяг рэпрэсіяў — гэта ў значнай ступені інэрцыя сыстэмы. Сілавікі ня могуць працаваць па-іншаму, мяняць матывацыю, паказчыкі, на якія арыентуюцца. І калі справы заведзеныя, то сілавая бюракратычная сыстэма, як той алігатар, ня ўмее аддаваць ахвяру, якую заглынула.

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Што тычыцца вызваленьня палітзьняволеных, то трэба разумець, што вызваляюць не па нейкім гуманітарным сьпісе, вызваляюць нават не таму, што людзі пісалі ці не пісалі прашэньне — вызваляюць так, як сама сыстэма вырашыла.

Гэта важны элемэнт стратэгіі рэжыму, які ўваходзіць у прэзыдэнцкую кампанію. Магчыма, гэта будзе азначаць частковае альбо поўнае вызваленьне палітзьняволеных да дня выбараў — за выключэньнем найбольш значных фігур. Гэта будзе прадстаўлена як лібэралізацыя і гуманітарны жэст, накіраваны на зьніжэньне міжнароднага ціску і паляпшэньне іміджу рэжыму.

У чэрвені Лукашэнка ўпершыню з 2020 году вярнуў гаспадарнікаў у кадравую шафу, запоўненую сілавікамі, — эканаміст Дзьмітры Круты быў прызначаны кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, а ягоным першым намесьнікам — Натальльля Пяткевіч, якая ў свой час брала чыньны ўдзел у «гандлі палітзьняволенымі». І ў 2015 годзе прэзыдэнцкія выбары адбыліся без наяўнасьці прызнаных палітзьняволеных.

— Вось ужо трэцяе памілаваньне за апошні час, але пакуль не відаць, чым на гэта адказвае Захад. Ці Менск гэта робіць «у паветра», не чакаючы нейкага адназначнага адказу, проста каб паказваць свой «гуманны» настрой і намер, ці проста ўжо існуюць нейкія дамоўленасьці з Захадам, але грамадзтва пра іх ня ведае?

— Мы ў значнай ступені арыентуемся па ценях на сьцяне ў той пячоры, дзе гарыць агонь. Гэта вельмі няўстойлівая глеба, на якой складана рабіць дакладныя высновы.

Аднак мы бачым, што менскі рэжым імкнецца непасрэдна ня ўдзельнічаць у вайне Расеі з Украінай. Пры тым, што ў 2022 годзе ў некаторых складвалася ўражаньне, што Менск можа рынуцца ў вайну і падтрымаць Расею ўсім, чым магчыма.

Менск некалькі разоў выступаў ініцыятарам таго, каб прадставіць сваю пляцоўку для мірных перамоваў. У нейкі момант спыніліся абстрэлы Ўкраіны зь беларускай тэрыторыі.

То бок існуе шмат чыньнікаў, якія дазваляюць меркаваць, што нейкія ўскосныя кулюарныя дамоўленасьці паміж рознымі бакамі могуць існаваць. І гэта той стан, які патрэбен Лукашэнку, каб адстойваць сваю пэўную самастойнасьць.

— Калі вы казалі, што бюракратычна-сілавая сыстэма працуе па пэўнай інэрцыі, то ўзьнікае пытаньне: а чаму Лукашэнка не дае загаду спыніць рэпрэсіі? Беларусь — гэта ўсё ж аўтарытарная краіна, і менавіта Аляксандар Лукашэнка, а не сілавікі, прымае галоўныя рашэньні. Чаму ён не дае загад вызваліць усіх і ня браць новых, як гэта было, напрыклад, у 2014-2015 годзе?

Натальля Пяткевіч толькі ў сярэдзіне лета трапіла на гэтую пасаду, у якой яна магла б удзельнічаць у такім працэсе. Для гэтага працэсу трэба пэўны час.

Па-другое, улада заканамерна можа спытаць: а што Захад можа прапанаваць у адказ на вызваленьне палітвязьняў? На сёньняшні момант большасьць санкцыяў, якія былі ўведзеныя, — гэта санкцыі за тое, што Беларусь стала суагрэсарам супраць Украіны, і за пасадку самалёта з Пратасевічам.

Санкцыі, які былі ўведзеныя за рэпрэсіі ўлады супраць беларусаў, таксама ёсьць, але не такія магутныя і іх ня так шмат у параўнаньні з санкцыямі «за вайну». І вайна Расеі супраць Украіны — гэта ня тая сытуацыя, якую можа спыніць афіцыйны Менск сваім жаданьнем ці рашэньнем.

— Матывацыяй спыненьня рэпрэсіяў мог бы стаць зварот да ўнутранай, беларускай аўдыторыі напярэдадні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Маўляў, глядзіце, я ўжо памяркоўны і разважлівы, палітычных вызваляю, давайце перагорнем старонку. А актыўны працяг рэпрэсіяў усё ж псуе гэтую карцінку.

— Людзі жывуць у сваіх інфармацыйных бурбалках і ім часам складана зразумець агульную карціну, асабліва калі яны ня ўцягнутыя ў інфармацыйныя крыніцы, якія ўлады назвалі «экстрэмісцкімі».

— Але пра новыя арышты актыўна паведамляюць і праўладныя тэлеграм-каналы сілавікоў, і прапагандыст Азаронак.

— Аднак гэта ня тое, што прызначана і даходзіць да масавай аўдыторыі. Да масавай аўдыторыі зьвернутыя беларускія тэлеканалы, масавыя газэты, якія якраз пра рэпрэсіі і амністыю гавораць даволі рэдка і коратка. Таму сярэдняму беларусу, які не глядзіць «экстрэмісцкія» каналы, цяжка даведацца, што машына рэпрэсіяў працягвае працаваць.

І калі ў лістападзе будзе прызначаная дата прэзыдэнцкіх выбараў на люты наступнага году, то да гэтага часу рэжыму трэба будзе правесьці пэўную «хатнюю працу». Ім трэба імітаваць ці дэманстраваць дабрабыт. І мы бачым, як штучна, на шкоду эканамічнаму стану прадпрыемстваў, падвышаюцца заробкі.

Калі казаць пра інфармацыйную сфэру, то там усё зачышчана, амаль усё незалежнае выціснута за мяжу. Тыя мэдыя, якія засталіся, дакладна ведаюць, пра што можна, а пра што нельга пісаць.

Кантраляваную апазыцыю вырашылі не ствараць. Як выглядае, будзе паўтораная схема са «спойлерамі»: ніякіх, нават мяккіх, апазыцыйных кандыдатаў ня будзе. Падчас мінулай выбарчай кампаніі ўжо было адпрацаванае паняцьце «электаральны сувэрэнітэт», так што міжнародныя назіральнікі ня будуць запрошаныя. Хіба што з «саюзнай дзяржавы»... Можа, яшчэ ад АДКБ.

Так што рэпрэсіі дэ-факта не спыняюцца, але ў інфармацыйнай сфэры будуць усё больш пісаць пра тое, што рэжым нібыта стаў «больш гуманным». То бок людзей будуць пераконваць, што «нармалізацыя» адбылася і Лукашэнка стаў гарантам новай «стабільнасьці». «Ня даў уцягнуць Беларусь у вайну», — гэта будзе, магчыма, адным з галоўных лёзунгаў кампаніі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG