Гэта Кацярына Леў, Натальля Пятровіч, Тамара Каравай, Сьвятлана Палуэктава, Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Вольга Новікава, Ірына Санкоўская і Ксенія Луцкіна.
Як вынікае са зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», пяць жанчын з гэтага сьпісу павінны былі выйсьці ў найбліжэйшы час з прычыны заканчэньня тэрміну, прызначанага судом.
- Гэта Вольга Стаброўская, якую затрымалі ў ліпені 2023 году і асудзілі на 1 год і 3 месяцы зьняволеньня,
- Вольга Новікава, затрыманая ў красавіку 2022 году і асуджаная на 3 гады,
- Ірына Санкоўская, якая трапіла за краты ў верасьні 2023 году і атрымала паводле прысуду 1 год і 6 месяцаў зьняволеньня.
- У такім жа становішчы былі палітзьняволеныя Кацярына Леў, затрыманая ў лютым 2023 году і асуджаная на 2 гады,
- і Тамара Каравай. Гэтую жанчыну ўзялі пад варту на пачатку студзеня 2023 году і ў сакавіку таго ж году прысудзілі ёй 2 гады зьняволеньня. Такім чынам, на свабоду Тамара Каравай павінна была выйсьці да 2025 году.
Яшчэ дзьве жанчыны чакалі вызваленьня цягам 2025 году. Гэта Сьвятлана Палуэктава, якую затрымалі летась у траўні і асудзілі на 2 з паловай гады зьняволеньня, а таксама пэнсіянэрка Ала Зуева, тэрмін зьняволеньня якой (2,5 года) заканчваўся ў 2025-м.
І толькі дзьве жанчыны са сьпісу памілаваных выйшлі на волю сапраўды на шмат гадоў раней за тэрміны, прызначаныя судамі. Так, толькі ў 2028-м павінна была вызваліцца Натальля Пятровіч, якую затрымалі ў сьнежні 2022 году і пакаралі 6 гадамі зьняволеньня. У 2030 годзе, паводле разьлікаў, мелася б выйсьці на волю Ксенія Луцкіна, якую суд пакараў 8 гадамі зьняволеньня, а затрымалі яе ў кастрычніку 2022 году.
Вядома, што ў саракагадовай Ксеніі Луцкіной дыягнаставалі анкалягічнае захворваньне. Натальля Пятровіч, якая трапіла за краты ва ўзросьце 67 гадоў, таксама мае цяжкую хваробу.
Судаленка: Лукашэнка вызваляе ў асноўным тых, хто і безь ягонага памілаваньня неўзабаве выйшаў бы на волю
Праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка ў інтэрвію Свабодзе вітаў датэрміновае вызваленьне некаторых палітзьняволеных, але зазначыў, што гэта толькі малая частка таго, чаго чакае беларускае грамадзтва.
«Добра, калі людзі выходзяць на волю, гэта цалкам вітаю. Нават хто на адзін дзень раней адтуль выйшаў — ужо выдатна. Але зноў працягваецца ранейшая тэндэнцыя — Лукашэнка вызваляе ў асноўным тых, хто і безь ягонага памілаваньня неўзабаве выйшаў бы на волю. Гаворыць пра гуманітарныя прычыны памілаваньня, а насамрэч толькі тры чалавекі выйшлі з прычыны цяжкай хваробы, а ў іншых выпадках ён зноў скарыстаў палітвязьняў у сваіх мэтах.
У ліпені нібыта 18 чалавек памілаваў, цяпер яшчэ 30. Усяго 48. А дзе ўказ пра астатніх амаль паўтары тысячы палітвязьняў? Таму для мяне галоўным патрабаваньнем да рэжыму застаецца патрабаваньне неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў — без выключэньняў і папярэдніх умоваў. Толькі гэтак можна рухацца наперад у палітычным вырашэньні крызісу, які пачаўся ў 2020 годзе», — мяркуе праваабаронца.
На думку Леаніда Судаленкі, беларускі рэжым праз сытуацыю з палітвязьнямі зноў спрабуе вырашыць свае праблемы.
«Маё тлумачэньне, што Лукашэнка распачаў новы выбарчы цыкль і зноў пачаў гандаль закладнікамі. Магчыма, ужо пачаліся (ці ён хоча пачаць) нейкія перамовы, і гэтым памілаваньнем ён паказвае, што можа ісьці на саступкі, што ён нібыта перамоваздольны. Але ён жа ня вызваліў Алеся Бяляцкага ці Анджэя Пачобута. Не, за іх ён заломіць яўна большую цану. Можа, запросіць за іх вызваленьне прызнаньня сваёй легітымнасьці пасьля выбараў», — пракамэнтаваў апошняе вызваленьне палітвязьняў праваабаронца Леанід Судаленка.
- Увечары 20 жніўня ў сюжэце дзяржаўнай тэлевізіі паказалі трох палітвязьняў, вызваленых праз памілаваньне. Сярод іх — журналістка Ксенія Луцкіна, якая правяла за кратамі 3 гады і амаль 8 месяцаў.
- 21 жніўня з турмы выпусьцілі палітвязьня Васіля Берасьнева, прафсаюзнага актывіста, у якога за кратамі абвастрыліся праблемы са здароўем.
- 21 жніўня праваабаронцам «Вясны» зрабілася вядома, што сама меней 16 палітвязьняў выйшлі на волю праз памілаваньне.
- 16 жніўня Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 30 палітзьняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні.
- 3 ліпеня выйшлі на волю 18 палітзьняволеных. Сярод іх — 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны на 10 гадоў калёніі і хворы на анкалёгію Рыгор Кастусёў.
Форум