Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачаўся суд над кіраўнікамі стартап-хабу Imaguru


Сядзіба Imaguru ў Варшаве
Сядзіба Imaguru ў Варшаве

Справу Тацяны Марыніч, Анастасіі Хамянковай і Яўгена Пугача разглядаюць у Менскім гарадзкім судзе.

Іх абвінавачваюць паводле дзесяці крымінальных артыкулаў, паведаміла «Вясна». Прэцэс вядзе судзьдзя Любоў Сімахіна.

Сузаснавальніц Imaguru Марыніч і Хамянкову судзяць завочна. Яўгена Пугача, дырэктара арганізацыі ў 2018–2020 гадах, судзяць у звычайным парадку. Ён знаходзіцца пад вартай зь ліпеня 2023 году, аднак ягонае імя раней не называлася.

СК Беларусі сьцьвярджаў, што Марыніч і Хамянкова нібыта «стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фармаваньнем».

Размова аб прызнанай такім групе грамадзян зь ліку супрацоўнікаў Startup Hub Imaguru. Арганізацыя, паводле сьледчых, нібыта разьмяшчала «экстрэмісцкія матэрыялы, накіраваныя на падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў сталіцы ў жніўні 2020 году».

Пугачу выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 243 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў») і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Таксама ён нібыта «разьмяшчаў на асабістых старонках у сацыяльных сетках» заклікі да страйкаў.

Марыніч і Хамянковай завочна выставілі абвінавачаньні паводле артыкулаў:

  • 130 КК ч. 3 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або звады»);
  • арт. 243 ч. 2 КК («Ухіленьне ад выплаты падаткаў»);
  • арт. 357 ч. 1 КК («Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»);
  • арт. 361 КК («Заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь»);
  • арт. 361-1 ч. 2 і 3 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фарміраваньня або ўдзел у ім»);
  • арт. 361 ч.2 КК («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»);
  • ч. 2 арт. 361-2 КК («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу»);
  • ч. 2 арт. 361-4 КК («Ссадзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»);
  • арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»);
  • арт. 424 КК ч. 2 («Злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі»).

На маёмасьць абвінавачаных, у тым ліку дамы і зямельныя ўчасткі, накладзены арышт на агульную суму 676 тыс. рублёў.

Сьледчы камітэт распачаў спэцвядзеньне у дачыненьні да Марыніч і Хамянковай 2 траўня.

КДБ прызнаў Startup Hub Imaguru «экстрэмісцкім фармаваньнем» у жніўні 2023 году. Яго ўдзельнікамі былі названыя Марыніч, Хамянкова, а таксама Андрэй Новак і Кацярына Болтан-Сміт.

У траўні 2021 году галоўны офіс Imaguru пераехаў у Мадрыд пасьля таго, як быў пазбаўлены памяшканьня ў Менску. На сёньня пазіцыянуе сябе як стартап-хаб з цэнтрамі ў сталіцы Гішпаніі, а таксама ў Вільні і Варшаве, дзе у тым ліку адкрытыя яго пляцоўкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG