Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офіс Ціханоўскай пачаў кансультацыі з МЗС Швэцыі з нагоды дэпартацыі грамадзян Беларусі


Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм і Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы ў Вільні 6 лістапада 2023 году.
Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм і Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы ў Вільні 6 лістапада 2023 году.

Офіс Сьвятланы Ціханоўскай праводзіць кансультацыі зь Міністэрствам замежных спраў і міграцыйным агенцтвам Швэцыі ў сувязі з дэпартацыяй з гэтай краіны двух грамадзян Беларусі, паведаміў галоўны дарадца дэмакратычнай лідэркі Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, кансультацыі таксама праходзяць з урадам Літвы і амбасадай гэтай краіны ў Швэцыі.

Вячорка адзначыў, што сумесная праца офісу са швэдзкім бокам дазволіла «пераацаніць сытуацыю» ў Беларусі, якая «больш ня лічыцца бясьпечнай краінай для вяртаньня».

Цяпер важна, каб «міграцыйная служба [Швэцыі] дзейнічала ў адпаведнасьці з новымі інструкцыямі — яна прымае рашэньні незалежна ад ураду, — сказаў Вячорка. — Агенцтва па міграцыі абяцае супрацоўнічаць і садзейнічаць у гэтым пытаньні».

Офіс, паводле дарадцы Ціханоўскай, прапанаваў увесьці мараторый на дэпартацыю беларускіх грамадзян са Швэцыі.

«Міграцыйная служба на працягу месяцаў абяцае перагледзець апошнія рашэньні па беларусах, і мы дамаўляемся, каб да завяршэньня праверак дэпартацыі былі прыпыненыя», — заявіў Вячорка.

Акрамя гэтага, паводле яго слоў, Офіс Ціханоўскай прыступіў да «распрацоўкі для беларусаў інструкцый і парадаў, якія дапамогуць прадухіліць падобныя сытуацыі».

28 жніўня швэдзкае Sveriges Radio паведаміла, што грамадзянін Беларусі, якому міграцыйная служба Швэцыі адмовіла ў прадстаўленьні прытулку, затрыманы з палітычных матываў па вяртаньні на радзіму.

Адзначалася, што ён прыбыў у краіну з маці два гады таму. Прытулку папрасілі, бо «абое ўдзельнічалі ў шырокамаштабных акцыях пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году». У заявах на атрыманьне міграцыйнага статусу гаварылася, што ў Беларусі супраць маці і сына распачатая крымінальная справа, і «яны баяцца, што іх пасадзяць у турму». Іх просьбы былі адхіленыя.

Гэта адбылося яшчэ ў 2023 годзе, а на мінулым тыдні, як сьцьвярджалася, мужчыну і яго маці дэпартавалі са Швэцыі ў Беларусь праз тэрыторыю Літвы.

  • 29 жніўня Радыё Свабода атрымала адказ ад міністаркі па справах міграцыі Швэцыі Марыі Мальмэр Стэгергард. Мы цікавіліся пазыцыяй ураду Швэцыі наконт дэпартацыі беларусаў, а таксама — ці вядома яму пра тое, што дэпартацыя можа прывесьці да перасьледу, патэнцыйных катаваньняў і турэмнага зьняволеньня высланых беларусаў. Міністарка паведаміла, што ўстрымаецца ад камэнтароў па пытаньні дэпартацыі беларусаў, пакуль не пазнаёміцца з вынікамі юрыдычнай праверкі апрацоўкі справаў аб прытулку, якую Міграцыйнае агенцтва Швэцыі правядзе гэтай восеньню.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG