Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса, якому Швэцыя адмовіла ў прытулку, затрымалі на радзіме


Сьцяг Швэцыі, ілюстратыўнае фота
Сьцяг Швэцыі, ілюстратыўнае фота

Пра выпадак паведаміла Швэдзкае радыё.

Мужчыну зь Беларусі, якому міграцыйная служба Швэцыі адмовіла ў прытулку, затрымалі з палітычных матываў па вяртаньні на радзіму, паведаміла Sveriges Radio.

Адзначаецца, што ён прыбыў у Швэцыю з маці два гады таму. Прытулку яны папрасілі, бо «абое ўдзельнічалі ў шырокамаштабных акцыях пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году».

Паводле інфармацыі выданьня, у заявах на атрыманьне міграцыйнага статусу гаворыцца, што ў Беларусі на маці і сына завялі крымінальную справу і «яны баяцца, што іх пасадзяць у турму».

Нягледзячы на гэта, іх прашэньні адхілілі.

Гэта адбылося яшчэ ў 2023 годзе, а на мінулым тыдні, як сьцьвярджаецца, мужчыну і ягоную маці дэпартавалі са Швэцыі ў Беларусь.

У публікацыі гаворыцца, што беларуса «арыштавалі проста на мяжы». Пра лёс жанчыны не паведамляецца.

Адвакат Стэфан Крысьціч, які прадстаўляў інтарэсы некалькіх беларускіх просьбітаў прытулку, у камэнтары выданьню адзначыў, што шмат хто з шукальнікаў «пацярпеў», бо міграцыйная служба Швэцыі «да нядаўняга часу ацэньвала іхныя прашэньні на падставе састарэлай інфармацыі».

Швэдзкае міграцыйнае агенцтва «раней крытыкавалі за выкарыстаньне састарэлай інфармацыі аб палітычных рэпрэсіях у Беларусі», адзначаецца ў публікацыі. Пры гэтым у лютым сёлета апублікаваныя новыя зьвесткі, якія «ясна паказваюць, як узмацніліся рэпрэсіі [у Беларусі] і як людзей усё яшчэ караюць за ўдзел у пратэстах чатыры гады таму».

Як піша «Позірк», 5 жніўня ў Вільні на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» прадстаўнік Народнай амбасады ў Швэцыі Дзьмітры Васэрман паведаміў, што летась больш за сто беларусаў папрасілі статусу ўцекача ў Швэцыі, а далі яго толькі тром.

«Гэта не азначае, што ўсіх астатніх высылаюць у Беларусь, паколькі некаторыя абскарджваюць [судовыя рашэньні], некаторыя едуць у іншыя краіны, і гэтак далей», — падкрэсьліў ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG