Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, хто прэтэндуе на ролю новага дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі


Ніл Райманд Муйжніекс. Архіўнае фота
Ніл Райманд Муйжніекс. Архіўнае фота

Высокія шанцы стаць новым спэцдакладчыкам ААН аб правах чалавека ў Беларусі — у Ніла Райманда Муйжніекса з Латвіі.

Як паведамляе выданьне «Позірк», кандыдатура Ніла Муйжніекса была першай сярод трох рэкамэндаваных старшыні Рады правоў чалавека ААН (РПЧ) Амару Зьнібэру адпаведнай кансультацыйнай групай. Астатнія двое рэкамэндаваных — былая судзьдзя Эўрапейскага суду ў правах чалавека, судзьдзя Вярхоўнага суду Эстоніі Юлія Ляфранк і расейскі адвакат і юрыст-міжнароднік Сяргей Галубок.

Акрамя гэтага, заяўкі падавалі аўстрыйскі юрыст Вольфганг Бэнэдэк, польскі праваабаронца Рышард Камэнда і праваабаронца з Маўрытаніі Дэцье Саль.

Фінальнае галасаваньне ў прызначэньні спэцдакладчыка адбудзецца 11 кастрычніка, у апошні дзень 57-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН.

Муйжніекс нарадзіўся 31 студзеня 1964 году ў Лос-Анджэлесе (ЗША) у сям’і латыскіх эмігрантаў.

У 2012–2018 гадах Муйжніекс быў камісарам Рады Эўропы ў правах чалавека. У 2020–2024 гадах займаў пасаду дырэктара Эўрапейскага рэгіянальнага офісу міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

Пры падачы заяўкі на пасаду дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі Муйжніекс указваў, што ў яго ёсьць «высокая матывацыя ўзяць на сябе гэты мандат», бо ён «цьвёрда перакананы ў неабходнасьці ўнесьці свой уклад у паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі».

  • Мандат спэцдакладчыка аб правах чалавека ў Беларусі заснаваны ў 2012 годзе і з таго часу штогод працягваецца (апошні раз — у красавіку сёлета).
  • Зь лістапада 2018 году пасаду займае францужанка Анаіс Марэн, яна пакіне яе 1 лістапада 2024 году. Ейны апошні на пасадзе даклад «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі» будзе разгледжаны на 79-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў кастрычніку.
  • Спэцдакладчык працуе на грамадзкіх пачатках. Беларускія ўлады не прызнаюць ягонага мандату і не супрацоўнічаюць зь ім.
Анаіс Марэн і Натальля Пінчук, жонка палітзьняволенага нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага. Архіўнае фота
Анаіс Марэн і Натальля Пінчук, жонка палітзьняволенага нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага. Архіўнае фота

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG