Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сікорскі выказаўся пра вызваленьне Пачобута і фінансаваньне «Белсату»


Радослаў Сікорскі. Архіўнае фота
Радослаў Сікорскі. Архіўнае фота

Міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі сярод іншага заявіў: «Беларускі рэжым ведае, што мае рабіць, калі хоча палепшыць адносіны».

Журналісты спыталі кіраўніка МЗС Польшчы Радослава Сікорскага, ці мела ягонае ведамства кантакт з Анджэем Пачобутам, які знаходзіцца ў турме ў Беларусі.

«Ёсць ускосны кантакт, і гэтая навіна нядобрая, таму што ён [Пачобут] несправядліва зьняволены жорсткім рэжымам, які саджае ў турму дзьве тысячы чалавек. За апошні час на волю выйшаў дзясятак, а можа, нават некалькі дзясяткаў чалавек; на жаль, Анджэя Пачобута сярод іх няма. Але беларускі рэжым ведае, што рабіць, калі ён хоча паляпшэньня стасункаў з Польшчай і Эўразьвязам», — цытуюць Сікорскага PAP і TVP.

На пытаньне, ці будзе Польшча чыніць большы ціск на Беларусь у гэтым пытаньні, напрыклад у сфэры гандлю, кіраўнік МЗС адказаў, што будзе рабіць «гэтак жа, як папярэдні ўрад».

«Хачу нагадаць, што Анджэй Пачобут ужо тры гады сядзіць у турме Лукашэнкі. Мы спрабуем розныя ідэі, спадзяюся, што адна зь іх нарэшце спрацуе», — дадаў Скорскі.

Таксама журналісты запыталі Радослава Сікорскага наконт працы «Белсату».

«„Белсат“ ёсць і заўсёды быў часткай Telewizja Polska, яго фінансуе польскі падаткаплатнік, і тут нічога не мяняецца. Польшчы неабходны тэлевізійны ўплыў у некалькіх сфэрах — расейскамоўнай, на Беларусь, дзе гавораць як на расейскай, так і на беларускай, а таксама на нямецкай, францускай і ангельскай. І, як і ў іншых публічных СМІ, такіх як BBC, Deutsche Welle, Voice of America, у яе будзе вяшчаньне», — адказаў кіраўнік польскага замежнапалітычнага ведамства.

«Вядома, да „Белсату“ будуць ставіцца спэцыфічна, таму што ён зьяўляецца спэцыфічным, мы ня хочам страчваць яго дасягненьні, але мы павінны памятаць, што гэта грошы польскіх падаткаплатнікаў», — сказаў міністар, дадаўшы, што «польскі падаткаплатнік патрабуе, каб гэтыя грошы былі выдаткаваныя прапарцыйна эфэкту».

  • Раней тэлеканал «Белсат» сутыкнуўся з праблемамі пасьля таго, як новы польскі ўрад зрабіў рэарганізацыю грамадзкіх СМІ, у тым ліку Польскай тэлевізіі (TVP), да якой адносіўся «Белсат». Сайт адсутнічаў у сеціве з раніцы 1 жніўня і аднавіў працу 26 жніўня.
  • Польскі партал Onet паведаміў пра абвінавачаньні ў бок мэнэджараў «Белсату» — іх падазраюць у фінансавых махінацыях падчас заключэньня дамоваў на IT-паслугі. У адказ кіраўніцтва «Белсату» выступіла з заявай, у якой выказала пратэст супраць абвінавачаньняў.
  • Аўтары заявы адзначылі, што ім удалося стварыць самастойную сыстэму абароны і праграмы для пашырэньня мультымэдыйнасьці каналу. Аргумэнт, што група TVP зазнала страты, выдаткоўваючы грошы на бясьпеку дзейнасьці каналу ў інтэрнэце, аўтары заявы назвалі «зусім недарэчным».

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG