Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Курскай вобласьці абмежавалі ўезд у Курчатаў, дзе знаходзіцца АЭС


Курская АЭС, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Курская АЭС, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Уезд у горад Курчатаў, дзе разьмешчаная Курская АЭС, абмежаваны, паведаміў 28 жніўня часовы выканаўца абавязкаў губэрнатара рэгіёну Аляксей Сьмірноў.

«Нягледзячы на тое, што бясьпека Курскай атамнай станцыі максымальна забясьпечаная, УСУ не пакідаюць спробаў пракрасьціся ў горад. У сувязі з гэтым, а таксама ў мэтах гарантаваньня дадатковых мераў бясьпекі апэратыўным штабам контратэрарыстычнай апэрацыі прынята рашэньне ў бліжэйшы час абмежаваць уезд у Курчатаў», — напісаў ён.

Пры ўезьдзе ў горад усталююць блёкпасты. Жыхары гораду могуць свабодна ўяжджаць у Курчатаў, усе астатнія павінны будуць атрымліваць пропускі.

Супрацоўнікі Курскай атамнай станцыі і будоўлі АЭС-2 наконт прапускнога рэжыму павінны зьвярнуцца да кіраўніцтва сваёй кампаніі.

Аўтамабілі, якія едуць праз Курчатаў транзытам, павінны будуць выкарыстоўваць альтэрнатыўныя маршруты, паведаміў Сьмірноў.

27 жніўня кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі па выніках інспэкцыі Курскай АЭС заявіў, што побач са станцыяй узьнікла «небясьпека або магчымасьць ядзернай аварыі».

  • Узброеныя сілы Ўкраіны ўвайшлі ў Курскую вобласьць раніцай 6 жніўня 2024 году. Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандар Сырскі 27 жніўня заявіў, што пад кантролем украінскага войска цяпер знаходзяцца 1294 квадратныя кілямэтры і 100 населеных пунктаў у Курскай вобласьці Расеі.
  • Мінабароны Расеі паведамляе, што па стане на 28 жніўня расейскія вайскоўцы працягваюць адбіваць спробы ўварваньня УСУ. Як сьцьвярджае блізкі да ведамства тэлеграм-канал «Рыбарь», у Курскай вобласьці «назіраецца зьніжэньне інтэнсіўнасьці нападаў праціўніка, які засяродзіў высілкі на ўтрыманьні занятых тэрыторыяў і інжынэрным абсталяваньні пазыцыяў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG