На прэс-канфэрэнцыі па выніках інспэкцыі Гросі заявіў, што побач са станцыяй узьнікла «небясьпека або магчымасьць ядзернай аварыі».
Кіраўнік МАГАТЭ зьвярнуў увагу, што рэактары РБМК (рэактар вялікай магутнасьці канальны), якія выкарыстоўваюцца на станцыі, з прычыны сваіх памераў былі спраектаваныя без выкарыстаньня гермэтычнай абалонкі, якая абараняе іх ад зьнешняга ўзьдзеяньня. Гэта робіць рэактар асабліва ўразьлівым для ўдараў артылерыі ці дронаў, адзначыў Гросі.
Цяпер станцыя працуе ва ўмовах, блізкіх да нармальных, але гэта робіць сытуацыю зь яе бясьпекай яшчэ больш сур’ёзнай, — пераказвае словы Гросі агенцтва Reuters. Раней кіраўнік МАГАТЭ выказваў «асаблівую занепакоенасьць» у сувязі з блізкасьцю атамнай станцыі да баявых дзеяньняў.
На мінулым тыдні Масква заяўляла, што станцыю атакавалі ўкраінскія дроны. 17 жніўня кіраўнік «Росатома» Аляксей Ліхачоў у размове з Рафаэлем Гросі заявіў, што ўкраінскі бок нібыта рыхтуе правакацыю на Курскай АЭС, і папрасіў кіраўніка МАГАТЭ наведаць АЭС для ацэнкі яе бясьпекі.
Украіна абвінавачаньні ў падрыхтоўцы нападу на Курскую АЭС адкідае.
- Курская АЭС — адна з найбуйнейшых электрастанцый у Расеі. У яе складзе — чатыры энэргаблёкі, два зь іх працягваюць працаваць на фоне актыўных дзеяньняў Узброеных сіл Украіны ў Курскай вобласьці.
- Ва Ўкраіне ў непасрэднай блізкасьці ад зоны баявых дзеяньняў знаходзіцца найбуйнейшая ў Эўропе Запароская АЭС. Расея захапіла яе на пачатку ўварваньня ў 2022 годзе, цяпер станцыяй кіруе «Росатом». Масква і Кіеў рэгулярна абвінавачваюць адзін аднаго ў грубых парушэньнях правілаў ядзернай бясьпекі вакол аб’екта і ядзерным шантажы.
Форум