Узброеныя сілы Ізраілю пачалі буйную апэрацыю на Заходнім беразе ракі Ярдан, паведамляецца ў сумеснай заяве Арміі абароны Ізраілю і Службы агульнай бясьпекі краіны. З пачатку апэрацыі, як паведамляецца, былі забітыя сама меней 9 палестынцаў.
У заяве ізраільскія вайскоўцы паведамілі, што ў цяперашні час праходзіць «контратэрарыстычная апэрацыя» ў гарадах Джэнін і Тулькарм.
ВВС са спасылкай на палестынскія крыніцы паведамляе, што асноўныя дарогі ў Джэнін перакрытыя, на тэрыторыі разьмешчанага ў горадзе лягеру ўцекачоў працягваюцца ўзброеныя сутыкненьні. Ізраільскія войскі таксама ўвайшлі ў бальніцу ў Джэніне, заблякавалі дзьве бальніцы ў Тулькарме і праводзяць рэйд у двух лягерах уцекачоў у Наблусе.
Згодна з апошняй заявай Арміі абароны Ізраілю, на цяперашні момант вайскоўцы забілі дзевяць баевікоў груповак ХАМАС (прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ) і «Ісламскі джыхад», затрымалі падазраваных, якіх шукалі, а таксама знайшлі і канфіскавалі зброю. Таксама паведамляецца, што вайскоўцы выявілі і абясшкодзілі выбуховыя прыстасаваньні, закладзеныя пад дарогамі.
Міністар замежных спраў Ізраілю Ісраэль Кац раней абвінаваціў Іран у імкненьні адкрыць новы фронт на Заходнім беразе ракі Ярдан. Ён заявіў, што апэрацыя ў Джэніне і Тулькарме накіраваная на зьнішчэньне «інфраструктуры іранска-ісламісцкага тэрору». Міністар таксама падкрэсьліў, што апэрацыя павінна суправаджацца часовай эвакуацыяй палестынскіх жыхароў.
З кастрычніка 2023 году пасьля нападу ХАМАС Ізраіль вядзе апэрацыю супраць гэтай групоўкі ў сэктары Газа. На Заходнім беразе ракі Ярдан, частку тэрыторыі якога кантралюе Палестынская аўтаномія, таксама прысутнічаюць структуры ХАМАС.
Форум