Як заявілі ў Арміі абароны Ізраілю, ізраільскія вайскоўцы атрымалі інфармацыю пра падрыхтоўку масіраванага ўдару па тэрыторыі Ізраілю і вырашылі дзейнічаць «прэвэнтыўна».
«У рамках самаабароны для ліквідацыі гэтых пагрозаў ЦАХАЛ наносіць удары па тэрарыстычных цэлях у Лібане», — заявіў прадстаўнік арміі Ізраілю Даніэль Хагары.
Пазьней ЦАХАЛ паведаміў пра нанясеньне ўдараў «па розных месцах на поўдні Лібану». Армія абароны Ізраілю заявіла, што каля сотні ізраільскіх зьнішчальнікаў «ліквідавалі тысячы ствалоў ракетных установак „Хезбалы“, прызначаных для неадкладнага абстрэлу паўночных і цэнтральных раёнаў Ізраілю».
Пасьля пачатку атак Ізраілю лібанская радыкальная ісламісцкая групоўка «Хезбала» ў адказ атакавала Ізраіль ракетамі і ўдарнымі дронамі. «Хезбала» сьцьвярджае, што за некалькі гадзін выпусьціла больш за 320 ракет па 11 ваенных цэлях у паўночным Ізраілі, а таксама запусьціла некалькі дронаў, начыненых выбухоўкай. Пры гэтым групоўка заявіла, што гаворка ідзе пра «першы этап» апэрацыі адплаты за забойства ў мінулым месяцы ў Бэйруце аднаго з высокапастаўленых камандзіраў «Хезбалы» Фуада.
Пра ахвяраў і пацярпелых у выніку абстрэлаў, як у Ізраілі, так і ў Лібане, пакуль не паведамляецца.
Гаворка, паводле ацэнак, ідзе пра найбуйнейшы абмен ударамі паміж Ізраілем і «Хезбалой» з пачатку вайны ў сэктары Газа 7 кастрычніка 2023 году, калі дружалюбная «Хезбале» групоўка ХАМАС напала на Ізраіль, які ў адказ пачаў апэрацыю ў падкантрольным ХАМАС сэктары Газа.
У Ізраілі на тэрмін 48 гадзін узмоцненыя меры бясьпекі, міжнародны аэрапорт Тэль-Авіва прыпыніў працу. Уначы прайшло паседжаньне ізраільскага кабінэта міністраў. Міністар замежных спраў Ісраэль Кац заявіў, што Ізраіль па-ранейшаму ня мае намеру пачынаць поўнамаштабную вайну з «Хезбалой», але будзе адэкватна рэагаваць на ўсе пагрозы.
Пазьней паступілі паведамленьні пра аднаўленьне працы аэрапорта і зьняцьце абмежавальных мераў.
- З кастрычніка 2023 году Ізраіль і «Хезбала» абменьваюцца ўдарамі. Канфлікт сур’ёзна абвастрыўся пасьля гібелі 12 чалавек, галоўным чынам дзяцей, у выніку ўдару з тэрыторыі Лібану па падкантрольных Ізраілю Галанскіх вышынях. Ізраіль абвінаваціў ва ўдары «Хезбалу», якая адмаўляла дачыненьне да гэтага.
- Пасьля гэтага ізраільскія вайскоўцы нанесьлі ўдар па прыгарадзе Бэйруту, сталіцы Лібану. У выніку ўдару быў забіты высокапастаўлены камандзір «Хэзбалы» Фуад Шукр. У ізраілі заявіўлі, што гэта была апэрацыя адплаты за гібель людзей на Галянскіх вышынях. «Хезбала», у сваю чаргу, заявіла, што адпомсьціць за свайго камандзіра.
- ЗША і іншыя краіны сур’ёзна занепакоеныя тым, што канфлікт перарасьце ў поўнамаштабныя наземныя баявыя дзеяньні.
Форум