Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх атлетаў не дапусьцяць да цырымоній адкрыцьця і закрыцьця Паралімпійскіх гульняў 2024 году


Парыж
Парыж

Кіроўная рада Міжнароднага паралімпійскага камітэту (МПК) распрацавала «строгія крытэрыі адбору», якім павінны адпавядаць расейскія і беларускія спартоўцы і дапаможны пэрсанал, каб удзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы ў якасьці нэўтральных гульцоў, піша «Позірк» са спасылкай на сайт камітэту.

Паводле рэглямэнту МПК нэўтральныя паралімпійскія спартоўцы (расейцы і беларусы) на Паралімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы «будуць спаборнічаць індывідуальна (без удзелу камандаў. — „Позірк“) у нэўтральнай форме пад нэўтральным сьцягам», ня будуць фігураваць у табліцы мэдалёў і «ня будуць маршыраваць на цырымоніі адкрыцьця 28 жніўня або мець сьцяганосца на цырымоніі закрыцьця 8 верасьня».

Акрамя гэтага, нэўтральныя атлеты «будуць праходзіць незалежную праверку».

«Спартоўцы і дапаможны пэрсанал, якія актыўна падтрымлівалі вайну ва Ўкраіне, ня будуць мець права ўдзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях, роўна як і тыя, хто працуе па кантракце з расейскімі/беларускімі вайскоўцамі або органамі нацыянальнай бясьпекі», — адзначаецца ў заяве МПК.

Дзяржаўныя сьцягі Расеі і Беларусі, а таксама іншая нацыянальная сымболіка, у тым ліку вайсковая, строга забароненыя паблізу любых аб’ектаў, зьвязаных з Паралімпійскімі гульнямі. Дзяржаўныя гімны Расеі і Беларусі гучаць ня будуць.

Летнія Паралімпійскія гульні пройдуць у сталіцы Францыі з 28 жніўня па 8 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG