Усе матэрыялы адабраныя па выніках разбору ды вопісу фондаў архіву. У зборы кожнага чалавека, апрача карэспандэнцыі, чарнавікоў, накідаў, малюнкаў ды засушаных кветак між старонак застаецца й нявыкарыстаная папера. Людзі адкладаюць яе на будучыню, зьбіраюцца паслаць паштоўку, намаляваць карціну, напісаць верш, адзначылі ў музэі.
Выстава знаёміць наведнікаў зь нязьдзейсьненай часткай адзінаццаці фондаў архіву ВБМ, дысыдэнтаў, настаўнікаў, ссыльных, вязьняў, мастакоў, журналістаў, дасьледнікаў: Зоі Коўш, Зоські Верас, Алега Аблажэя, Аляксея Анішчыка, Адольфа Клімовіча, Янкі Тулейкі, Надзеі ды Язэпа Шнаркевічаў, Сержука Вітушкі, газэты «Наша ніва» й калгасаў памежжа. Матэрыялы выставы ахопліваюць пэрыяд у сто гадоў, з 1910-х па 2010-я.
Выстава расказвае пра старыя тэхналёгіі пісьма, пра вечны дэфіцыт паперы ў паваенным СССР, які прымушаў запасацца паперай, пра падпольны самадрук, пра графаманію, калекцыянаваньне, пра эстэтыку старой паперы і пра тое, чым, як і дзе ўсё гэта сканчаецца. Для назвы выставы выбралі габрэйскае слова «гефкер», якое азначае «нічыё», тое, што нікому не патрэбна.
Стварэньнем гэтай выставы Віленскі беларускі музэй адзначае сканчэньне папярэдняга этапу працы са сваім архівам, калі былі разабраныя фонды й выдадзеныя даведнікі аб іх, і пачатак наступнага этапу, калі пачнецца масавае сканаваньне й электронная публікацыя матэрыялаў архіву ВБМ з 1910-х па 1950-я гады. Праект аблічбаваньня пачынаецца ў верасьні 2024-га і будзе йсьці цягам году пры фінансавай ды тэхнічнай падтрымцы Брытанскай бібліятэкі.
Выстава будзе працаваць цягам восені. Экспазыцыя забясьпечаная даведнікам на беларускай, літоўскай і ангельскай мовах і аўдыёзапісамі беларускай цішы, дасланымі сябрамі музэю. На працягу восені музэй запросіць на куратарскія туры па выставе. Уваход на выставу дармовы.
Праект падтрымаў Дэпартамэнт нацыянальных меншасьцяў Літвы.
Форум