Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 28 жніўня: масавы суд у Бярозе за ўдзел у пратэстах


Шыльда суду ў Берасьці. Ілюстрацыйнае фота
Шыльда суду ў Берасьці. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі не спыняюцца палітычныя рэпрэсіі.

У Бярозе пачаўся масавы суд за ўдзел у пратэстах

У судзе Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці 28 жніўня паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак») пачынаюць судзіць адразу чатырох мясцовых жыхароў: Сяргея Скробата, Аляксандра Малькова, Ігара Шыманчыка, Сяргея Гоўшу.

У сакавіку 2024 году сілавікі правялі ў горадзе Бярозе затрыманьні за ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Тады паведамлялася пра затрыманьне каля дзесяці чалавек, у тым ліку Сяргея Скробата — яго зьнялі на відэа сілавікоў. Таксама праваабаронцам «Вясны» вядома, што Ігара Шыманчыка ўтрымліваюць пад вартай у СІЗА-7.

Справу разглядае Натальля Мінчанка.

Жыхара Берасьця затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту

Як паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна», на відэа сілавікоў затрыманы берасьцеец кажа, што 10 жніўня знаходзіўся на праезнай частцы праспэкту Машэрава ў Берасьці разам зь іншымі пратэстоўцамі, сярод якіх было двое ягоных знаёмых. Яны, як ён сказаў, «ужо знаходзяцца пад сьледзтвам».

Жыхарку Менску будуць судзіць за садзейнічаньне «экстрэмісцкай дзейнасьці»

54‑гадовую жыхарку Менску Алену Тапаркову будуць судзіць па артыкуле аб садзейнічаньні «экстрэмісцкай дзейнасьці» (часткі 1 і 2 артыкула 361-4 КК) піша «Наша ніва».

Справу Тапарковай у Менскім гарадзкім судзе 5 верасьня пачне разглядаць судзьдзя Сьвятлана Макарэвіч.

Выданьне піша, што Алену маглі затрымаць у студзені 2024 году за дапамогу палітвязьням. Алене Тапарковай 54 гады, яна скончыла Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію.

Кардыёляга зь Сеньненскага шпіталя судзілі за «распаўсюд экстрэмізму»

Справу Вольгі Васілёнак паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) 27 жніўня рзглядаў суд Віцебскага раёна. Вынік пакуль не вядомы, піша «Вясна».

Вольга Васілёнак — кардыёляг зь райцэнтра Сянно. Яе імя да нядаўняга часу было пазначана ў раскладзе Сеньненскага раённага шпіталя ў якасьці загадчыцы тэрапэўтычнага адзьдзяленьня. Але цяпер ім кіруе іншая супрацоўніца ў статусе «выканаўцы абавязкаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG