Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства энэргетыкі рыхтуе справаздачу пра мэтазгоднасьць пабудовы ў Беларусі другой АЭС


Астравецкая АЭС
Астравецкая АЭС

Дакумэнт маюць падрыхтаваць у 2025 годзе.

Аб працы ў гэтым кірунку на дзяржаўнай тэлевізіі заявіў намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз.

«Мы на цяперашні момант маем вельмі дакладныя даручэньні кіраўніка дзяржавы. Распрацаваны адпаведны плян мерапрыемстваў на ўзроўні ўраду, вядзецца дэталёвае вывучэньне як прагнозных паказьнікаў электраспажываньня, гэта значыць за кошт чаго гэты рост электраспажываньня ў краіне далей будзе адбывацца, так і праводзіцца дэталёвы аналіз таго, якія тэхналёгіі, якія праекты могуць быць рэалізаваныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Цяпер гэтая работа вядзецца, і я думаю, што па выніках 2025 году яна будзе прадастаўленая на ўзроўні ўраду», — сказаў ён.

Мароз дадаў, што цяпер пытаньне канкрэтнага месца разьмяшчэньня не абмяркоўваецца. Ідуць дыскусіі пра тое, якой магутнасьці блёк можа быць інтэграваны ў беларускую энэргасыстэму і ў які пэрыяд.

Паводле намесьніка міністра, летась БелАЭС выпрацавала каля 30% ад энэргаспажываньня ў краіне. Сёлета яе доля ўжо наблізілася да 40%. Агулам станцыя здольная выпрацоўваць 18 млрд кілават-гадзін электраэнэргіі на год.

Дзяніс Мароз заявіў, што спажываньне электраэнэргіі ў Беларусі можа вырасьці за кошт таго, што «інтэнсіўна расьце эканоміка», а таксама больш энэргіі пойдзе для ўжываньня людзей і на электратранспарт.

Раней беларускія чыноўнікі нярэдка давалі супярэчлівую і несапраўдную інфармацыю пра стан справаў на Беларускай АЭС у Астраўцы і рабілі сумнеўныя прагнозы адносна пабудовы другой атамнай электрастанцыі.

Фізык-атамнік і актывіст беларускай антыядзернай кампаніі Андрэй Ажароўскі называў паказьнікі БелАЭС «правальнымі» і падрабязна пракамэнтаваў словы чыноўнікаў, у тым ліку тагачаснага міністра энэргетыкі Віктара Каранкевіча.

Суд над былым куратарам Беларускай АЭС

Нагадаем, што да 28 сьнежня 2023 году куратарам працы АЭС у Астраўцы быў ранейшы намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк, які сёньня знаходзіцца на лаве падсудных праз абвінавачаньне ў атрыманьні хабару.

За 10 дзён да сваёй адстаўкі і далейшых падазрэньняў у хабарніцтве Міхадзюк зьняпраўдзіў інфармацыю агенцтва Bloomberg аб няштатнай сытуацыі на БелАЭС у 2022 годзе, назваўшы яе спробай «дыскрэдытаваць нашы цёплыя стасункі з нашым старэйшым братам Расейскай Фэдэрацыяй». Ён казаў пра «адказнасьць перад нашымі дзецьмі, унукамі, перад будучымі пакаленьнямі».

Таксама Міхадзюк гаварыў, што АЭС нібыта дазволіла зэканоміць 5 мільярдаў кубамэтраў газу за ўвесь час работы станцыі. Але папраўдзе ў 2019 годзе Беларусь купіла ў Расеі 20,2 мільярда кубамэтраў газу. У 2020-м — 18,8 мільярда кубамэтраў. АЭС запусьцілі ў лістападзе таго ж 2020 году. Імпарт газу пасьля адкрыцьця станцыі толькі вырас.

Перастаноўкі ў Міністэрстве энэргетыкі

Сёлета 12 жніўня ў Міністэрстве энэргетыкі зьмяніўся кіраўнік. Віктара Каранкевіча, які ўзначальваў міністэрства з 31 жніўня 2018 году, Лукашэнка паставіў на пазыцыю віцэ-прэм’ера.

Новым міністрам энэргетыкі стаў Аляксей Кушнарэнка, які ўзначальваў дзяржаўны кацэрн «Белтопгаз» і працаваў у Савеце Рэспублікі апошнія два скліканьні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG