Працэс над былым намесьнікам міністра энэргетыкі Міхаілам Міхадзюком пачаўся 20 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Менску, вынікае з раскладу на сайце Вярхоўнага суду, піша «Позірк».
Міхадзюка абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманьне хабару «альбо ў асабліва буйным памеры, або арганізаванай групай, або асобай, якая займае адказнае становішча»). Былому чыноўніку пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам і пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю.
Згодна з інфармацыяй сьледзтва, Міхадзюк з 2018-га па 29 сьнежня 2023 году атрымаў у некалькі этапаў хабару памерам 35 тысяч эўра. Таксама ён прыняў у Менску сэрбскія дынары за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у яго кампэтэнцыю. Таксама яму забясьпечылі паездку на сэрбскі горналыжны курорт.
У судзе Міхадзюк, як вынікае з паведамленьняў праўладнай прэсы, дапушчанай на пасяджэньне, прызнаў віну і раскаяўся. Меру стрыманьня яму зьмяніць адмовіліся, матываваўшы гэта тым, што ў СІЗА ёсьць мэдычна-санітарная служба.
Разглядае справу судзьдзя Марына Запасьнік, якая ў сакавіку 2023 году прысудзіла працяглыя тэрміны турэмнага зьняволеньня кіраўнікам праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціну Стэфановічу, Уладзю Лабковічу і ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму. Міжанродныя праваабарончыя арганізацыі назвалі прысуд палітычна матываваным. Запасьнік уключылі ў санкцыйныя сьпісы на Захадзе.
Справа Міхадзюка
28 сьнежня 2023 году ўрад вызваліў 68-гадовага Міхадзюка, які быў куратарам будаўніцтва Беларускай АЭС, ад пасады намесьніка міністра энэргетыкі «ў сувязі з выхадам у адстаўку».
Паводле інфармацыі дзяржаўных СМІ, 26 студзеня Сьледчы камітэт пачаў супраць экс-чыноўніка крымінальную справу «за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў у выбары замежнай кампаніі ў якасьці падрадчыка для будаўніцтва і мадэрнізацыі высакавольтных падстанцый у Беларусі». 14 чэрвеня сёлета на нарадзе Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савету Міністраў стала вядома, што Міхадзюк знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.
Міхаіл Міхадзюк працаваў у кіраўніцтве Міністэрства энэргетыкі з 2005 году. На гэтай пасадзе ён быў непасрэдным куратарам працы Беларускай АЭС. За ўвесь час з пачатку эксплюатацыі БелАЭС яе першы энэргаблёк спыняўся некалькі дзясяткаў разоў. Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі ў сваёй справаздачы адзначала, што ў 2022 годзе першы энэргаблёк БелАЭС не вырабляў электраэнэргіі 54,6% часу.
За 10 дзён да сваёй адстаўкі і далейшых падазрэньняў у хабарніцтве Міхадзюк зьняпраўдзіў інфармацыю агенцтва Bloomberg аб няштатнай сытуацыі на БелАЭС у 2022 годзе, назваўшы яе спробай «дыскрэдытаваць нашы цёплыя стасункі з нашым старэйшым братам Расейскай Фэдэрацыяй». Ён казаў пра «адказнасьць перад нашымі дзецьмі, унукамі, перад будучымі пакаленьнямі».
Таксама Міхадзюк гаварыў, што АЭС нібыта дазволіла сэканоміць 5 мільярдаў кубамэтраў газу за ўвесь час работы станцыі. Але папраўдзе ў 2019 годзе Беларусь купіла ў Расеі 20,2 мільярда кубамэтраў газу. У 2020-м — 18,8 мільярда кубамэтраў. АЭС запусьцілі ў лістападзе таго ж 2020 году. Імпарт газу пасьля адкрыцьця станцыі толькі вырас.
Форум