Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бялградзе скончылі разгляд апэляцыі Андрэя Гнёта на рашэньне суду аб дэпартацыі ў Беларусь


Андрэй Гнёт перад будынкам суду ў Бялградзе пасьля разгляду апэляцыі, 27 жніўня 2024
Андрэй Гнёт перад будынкам суду ў Бялградзе пасьля разгляду апэляцыі, 27 жніўня 2024

Беларускаму рэжысэру пагражае экстрадыцыя.

27 жніўня Апэляцыйны суд Сэрбіі разгледзеў скаргу беларускага рэжысэра Андрэя Гнёта на рашэньне аб экстрадыцыі, паведамляе Балканская служба Радыё Свабода.

Скарга на рашэньне Найвышэйшага суду ў Бялградзе была пададзеная 18 чэрвеня.

Рашэньне пакуль невядомае. Як спадзяецца абарона беларуса, яго абвесьцяць у наступныя 3-4 тыдні. У суда «ёсьць законны тэрмін 30 дзён для прыняцьця рашэньня аб ягонай экстрадыцыі ў Беларусь», паведамляе мясцовы партал N1.

«Маім галоўным пасланьнем было прасіць суд падумаць, маючы вялікія абавязкі, пра тое, што кепскае рашэньне можа зьнішчыць ня толькі жыцьцё адной асобы (маё), але й жыцьцё маіх сваякоў і сяброў», — сказаў Андрэй Гнёт пасьля паседжаньня.

«Праз два месяцы маруднага чаканьня і цемры апэляцыйны суд Сэрбіі прызначыў дату слуханьняў. Гэта ня проста дзень, гэта мой апошні шанец быць пачутым. Лёс усёй маёй будучыні ў адным кроку ад катастрофы, і менавіта зараз мне як ніколі патрэбная вашая падтрымка», — напісаў раней Гнёт у сацыяльных сетках.

Паводле словаў Андрэя Гнёта, дзесяць месяцаў арышту, сем зь якіх ён правёў у цэнтральнай турме Бялграду, былі бясконцым кашмарам.

«Нягледзячы на гэта, я не здаюся, — падкрэсліў Гнёт. — Амаль год адчайнай барацьбы, і вось нарэшце мае адвакаты і я зможам выступіць у судзе, каб сказаць сваё слова. Гэта нашая апошняя магчымасьць выратаваць маё жыцьцё».

На думку рэжысэра, цяпер зразумела, што толькі аб’яднаньне намаганьняў, «палітычны і мэдыйны ціск» змаглі зрушыць яго справу зь мёртвага пункту.

  • 41-гадовы Гнёт — рэжысэр тэлерэклямы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднаньня SOS.by, прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Працаваў зь вядомымі брэндамі, сярод якіх МТС, Mark Formelle, «Бульбаш», «Аліварыя», «Спартак», «Беллакт», World of Tanks.
  • Яго затрымала 30 кастрычніка 2023 году памежная служба Сэрбіі пасьля прылёту ў Бялград, прычына — знаходжаньне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрполу ад 21 верасьня 2023 году.
  • Праваабаронцы і адвакат Гнёта настойваюць, што яго перасьледуюць з палітычных, а не эканамічных матываў, як сузаснавальніка SOS.by.
  • 31 траўня 2024 году суд у Бялградзе пастанавіў, што патрабаваньне выдаць Гнёта беларускім праваахоўным органам законнае і павінна быць задаволенае «ў мэтах яго прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці па абвінавачаньні ва ўчыненьні крымінальнага злачынства паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў)».
  • Рашэньне Гнёт і яго адвакат атрымалі 13 чэрвеня і падалі апэляцыю.
  • Цяпер рэжысэр знаходзіцца ў Бялградзе пад хатнім арыштам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG