Паўла Дурава 24 жніўня каля восьмае вечара затрымалі ў аэрапорце Лё Буржэ пад Парыжам, дапыталі і зьмясьцілі пад варту.
Дураў зь целаахоўнікам і асыстэнткай прыляцеў на прыватным самалёце з Азэрбайджану і плянаваў правесьці ў Парыжы сама меней адзін вечар. Навошта — незразумела. Крыніца тэлеканалу TF1 не хавае зьдзіўленьня рашэньню Дурава прызямліцца ў Францыі — бо на яго ўжо быў выпісаны ордэр, які дзейнічае выключна на тэрыторыі краіны.
Увечары ў нядзелю ў афіцыйным акаўнце Telegram у сацыяльнай сетцы X зьявіўся камэнтар пра сытуацыю з Паўлам Дуравым. У ім гаворыцца, што Telegram выконвае законы Эўразьвязу, у тым ліку Закон аб лічбавых паслугах, а мадэрацыя ў мэсэнджары «адпавядае галіновым стандартам і пастаянна ўдасканальваецца».
Як піша выданьне Le Monde, асноўныя прэтэнзіі францускіх уладаў да Дурава зьвязаныя зь нежаданьнем Telegram дзяліцца «з праваахоўнымі органамі» доступам да зашыфраваных паведамленьняў і ўводзіць мадэрацыю, што адкрывае магчымасьці для каардынацыі злачынстваў. Паводле дадзеных СМІ, супраць Дурава як саўладальніка кампаніі адкрытае папярэдняе міжведамаснае расьсьледаваньне па сэрыі злачынстваў, у тым ліку цяжкіх: пачынаючы ад махлярства і гандлю наркотыкамі — да злачынстваў у сфэры кібэрбясьпекі і пэдафіліі, а таксама спрыяньня тэрарызму.
26 жніўня AFP са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што Паўлу Дураву працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай на 48 гадзін.
Таксама 26 жніўня прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон зрабіў заяву пра затрыманьне Паўла Дурава:
«Затрыманьне кіраўніка Telegram на тэрыторыі Францыі адбылося ў рамках судовага расьсьледаваньня. Гэта ні ў якім разе не палітычнае рашэньне. Рашэньне павінны прымаць судзьдзі... Францыя як ніколі адданая свабодзе выказваньня меркаваньняў і камунікацыі, інавацыям і прадпрымальніцтву. Так і застанецца», — запэўніў францускі лідэр», — напісаў прэзыдэнт Францыі ў сацыяльнай сетцы Х.
Што пагражае карыстальнікам Telegram
Паводле мэдыяаналітыка Міхаіла Дарашэвіча, у тэхнічным пляне ніякіх зьменаў не адбылося і чакаць іх ня варта. Аднак пры карыстаньні Telegram варта захоўваць меры бясьпекі: чысьціць кэш, правяраць далучаныя прылады.
«Мяркую, у цяперашні момант тэхналягічных праблем не павінна быць. Варта таксама памятаць, што Telegram шмат у чым ня вельмі бясьпечны мэсэнджар. Знаходжаньне людзей па ID, павышаная ўвага сілавікоў. А ў размовах і перапісках тэхналягічна нічога не зьмянілася. Кожны карыстальнік павінен сам ацэньваць важнасьць для сябе той ці іншай інфармацыі», — кажа экспэрт.
Калі ж Telegram адключаць ці зьнішчаць — карыстальнікі пяройдуць на альтэрнатыўныя варыянты мэсэнджараў, кажа экспэрт.
«У гэтым не зацікаўленыя інвэстары Telegram. Тыя, хто на ім зарабляе. Калі Telegram перапыніць працу, то гэтаму будуць рады канкурэнты. Іншыя мэсэнджары падхопяць карыстальнікаў. Людзі звыклі да аднаго інструмэнту, але яны лёгка перавучацца на іншы», — кажа Дарашэвіч.
Сярод альтэрнатыў суразмоўца пералічвае Viber, WhatsApp, мэсэнджар Facebook, Signal, Delta-чаты.
«Як мэсэнджар Telegram лёгка замяніць, як мэдыяплятформу — не»
Экспэрт праваабарончай арганізацыі Human Constanta на ўмовах ананімнасьці патлумачыў Свабодзе, што Telegram можа кіравацца некалькімі кампаніямі ў розных краінах.
«Ёсьць інфармацыя, што мэсэнджар кіруецца некалькімі кампаніямі, якія зарэгістраваныя ў розных юрысдыкцыях, паміж імі разьмеркаваныя ключы шыфраваньня. Гэта для таго, каб была ўстойлівасьць супраць юрыдычнага перасьледу з боку нейкай дзяржавы. Умоўна, у кампаніі, куды нейкая дзяржава можа дацягнуцца, ёсьць толькі частка інфармацыі», — кажа экспэрт.
Спрагназаваць, як адаб’ецца арышт заснавальніка на мэсэнджары, немагчыма, кажа суразмоўца. Бо няясная ягоная роля ў структуры кіраваньня і адміністраваньня.
«Звонку арышт успрымаецца як спроба празь ціск на аднаго чалавека дамагчыся нейкіх дзеяньняў ад кампаніі», — кажа суразмоўца.
Што да інфармацыі наконт перапіскі празь незашыфраваныя чаты, то ў адміністратараў мэсэнджара такі доступ можа быць, нават калі карыстальнік сваю перапіску выдаліць.
Суразмоўца зважае, што Telegram даўно стаў больш чым мэсэнджарам. Гэта мэдыяплятформа, дзе можна рабіць бізнэс, ствараць ботаў, дадатковыя кліенты і сэрвісы.
«Гэта мэдыяструктура, сыстэма распаўсюду інфармацыі. Найбольш гэта тычыцца краін, дзе цяжка па-іншаму распаўсюджваць інфармацыю, дзе гэта забаронена. Telegram дазваляе ствараць каналы, групы, ствараць мэдыя на ягонай базе. Альтэрнатывы проста мэсэнджару хапае, а замяніць Telegram як мэдыяплятформу складана», — кажа экспэрт.
Ён дадае, што ў праваабаронцаў таксама шмат прэтэнзій да Telegram, бо там слабая мадэрацыя зь непразрыстымі мэханізмамі. Аднак альтэрнатыву адшукаць цяжка.
«Дурава арыштавалі ў Францыі, дзе выконваюцца законы»
Экспэрт з кібэрбясьпекі, зь якім Свабода паразмаўляла на ўмовах ананімнасьці, зважае, што ўся перапіска ў Telegram, якая вядзецца не праз сакрэтныя чаты, захоўваецца. І тэарэтычна да яе можна атрымаць доступ. Бо ў сакрэтных чатах выкарыстоўваецца скразное шыфраваньне.
«Тэхнічна перапіску не праз сакрэтныя чаты можна падняць, было б жаданьне. Аднак Дурава арыштавалі ў Францыі, у краіне, дзе выконваюцца законы. Ня думаю, што яго будуць катаваць, каб ён выдаў нейкія дадзеныя. Карыстальнікам няма пра што хвалявацца. Наўрад ці Telegram закрыюць ці ён будзе ламацца», — мяркуе суразмоўца.
Ён таксама зьвяртае ўвагу на крыптавалюту Toncoin (Ton), якая прасела пасьля арышту Дурава. Яе стваральнік Telegram распрацаваў разам з братам.
«Калі б я быў трымальнікам крыптавалюты TON, я б хваляваўся. Але гэта (падзеньне яе курсу. — РС) таксама часовая зьява», — мяркуе спэцыяліст.
Крыптавалюта TON пасьля навінаў пра затрыманьне Паўла Дурава апусьцілася на 14%.
Telegram — адзін з самых папулярных мэсэнджараў у сьвеце (па словах самога Дурава, да наступнага году кампанія плянуе давесьці колькасьць карыстальнікаў да 1 мільярда).
Форум