Сюжэт з трыма вызваленымі палітвязьнямі — Русланам Красавым, Аляксандрам Галузам і Алегам Зыкуном — паказалі на тэлеканале АНТ.
- Аляксандр Галуза з Гомельскай вобласьці. Мужчыну затрымалі на пачатку 2023 году і асудзілі за «распальваньне варожасьці» ды ўдзел ў пратэстах, але праваабаронцам дагэтуль невядома, колькі гадоў зьняволеньня яму прызначыў суд. Калі параўнаць фатаздымак Аляксандра Галузы да арышту і ягоны выгляд падчас здымкаў для АНТ перад вызваленьнем можна меркаваць, што ў зьняволеньні палітвязень значна схуднеў.
- Руслан Красаў з Горадзенскага раёну. Малады мужчына быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за «абразу і паклёп» на Лукашэнку. Гэтак суд ацаніў допісы, якія мужчына размясьціў на сваёй старонцы ў «Аднаклясьніках». Руслана Красава затрымалі ў верасьні 2022 году, ён адбываў пакараньне ў Наваполацкай калёніі № 1. Паводле разьлікаў правабаронцаў, без памілаваньня Руслан мусіў выходзіць на волю ў першай палове 2025 году.
- Сярод памілаваных Лукашэнкам і лекар-уроляг зь Берасьця Алег Зыкун, якому летась споўніўся 41 год. Мужчына быў затрыманы ў верасьні 2023 году і асуджаны на 1,5 года зьняволеньня за перадачу зьвестак аб міліцыянтах і данаты пратэстоўцам. Праваабаронцы падлічылі, што Алега Зыкуна мусілі вызваліць у канцы 2024-га — пачатку будучага году.
16 жніўня Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 30 палітзьняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, а некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні.
Па стане на 24 жніўня праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы 19 вызваленых палітвязьняў, 13 зь якіх жанчыны, шасьцёра — мужчыны.
Сярод памілаваных Васіль Бераснеў, Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Вольга Новікава, Ірына Санкоўская, Яўген Чуміла і журналістка Ксенія Луцкіна. Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бясьпекі вязьняў, таму пакуль не публікуюць прозьвішчы астатніх вызваленых.
21, 22 і 23 жніўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прымала заявы аб наданьні новым фігурантам крымінальных палітычных спраў статусу палітвязень — за тры дні такі статус атрымаў 31 чалавек. Гэта людзі з усёй Беларусі, рознага ўросту і сацыяльнага статусу, якія абвінавачваюцца паводле шэрагу палітычных артыкулаў.
- За чатыры гады з прычыны палітычнага перасьледу было затрымана каля 65 тысяч чалавек.
- За чатыры гады зафіксавана больш за 74 тысячы фактаў рэпрэсіяў: ператрусаў, каротка- і доўгатэрміновых затрыманьняў, допытаў і інш.
- За чатыры гады колькасьць прызнаных палітвязьняў вырасла ў 55,5 раза: 9 жніўня 2020 году іх было 25, сёньня — 1385. Больш за 2000 чалавек ужо маюць статус былых палітвязьняў.
- Вядома пра мінімум 6971 фігуранта крымінальных справаў.
- 1140 палітвязьняў адбылі ў месцах няволі свае тэрміны цалкам.
- 51 чалавек вызвалены па амністыі і памілаваньні.
- Сёлета 2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Ён, як і папярэднія падобныя законы, не прадугледжвае палёгкі для асобаў, «датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці». Але, тым ня менш, некаторых палітычных зьняволеных усё ж вызвалілі ў рамках гэтай амністыі.
- Мінімум 2671 чалавек асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту (паводле ч. 2 арт. 293 і арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Шасьцёра палітвязьняў памерлі за кратамі. Гэта Аляксандар Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак.
- Пяць чалавек загінулі падчас пратэстаў і затрыманьняў. Гэта Аляксандар Віхор, Аляксандар Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка і Андрэй Зельцар.
Форум