Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 «выйшла», 31 «сеў». Як зьмянілася сытуацыя з палітвязьнямі за апошнія дні


Турма ў Магілёве.
Турма ў Магілёве.

16 жніўня Лукашэнка падпісаў Указ аб памілаваньні 30 палітзьняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, а некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні.

Па стане на 24 жніўня праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы 19 вызваленых палітвязьняў, 13 зь якіх — жанчыны, шасьцёра — мужчыны.

Сярод памілаваных Васіль Бераснеў, Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Вольга Новікава, Ірына Санкоўская, Яўген Чуміла і журналістка Ксенія Луцкіна. Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бясьпекі вязьняў, таму пакуль не публікуюць прозьвішчы астатніх вызваленых.

21, 22 і 23 жніўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прымала заявы аб наданьні новым фігурантам крымінальных палітычных спраў статуса палітвязень — за 3 дні такі статус атрымаў 31 чалавек. Гэта людзі з усёй Беларусі, рознага ўросту і сацыяльнага статуса, якія абвінавачваюцца па шэрагу палітычных артыкулаў.

  • За чатыры гады з прычыны палітычнага перасьледу было затрымана каля 65 тысяч чалавек.
  • За чатыры гады зафіксавана больш за 74 тысячы фактаў рэпрэсіяў: ператрусаў, каротка- і доўгатэрміновых затрыманьняў, допытаў і інш.
  • За чатыры гады колькасьць прызнаных палітвязьняў вырасла ў 55,5 раза: 9 жніўня 2020 году іх было 25, сёньня — 1385. Больш за 2000 чалавек ужо маюць статус былых палітвязьняў.
  • Вядома пра мінімум 6971 фігуранта крымінальных справаў.
  • 1140 палітвязьняў адбылі ў месцах няволі свае тэрміны цалкам.
  • 51 чалавек вызвалены па амністыі і памілаваньні.
  • Сёлета 2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў Закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Ён, як і папярэднія падобныя законы, не прадугледжвае палёгкі для асобаў, «датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці». Але, тым ня менш, некаторых палітычных зьняволеных усё ж вызвалілі паводле гэтай амністыі.
  • Мінімум 2671 чалавек асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту (паводле ч. 2 арт. 293 і арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Шасьцёра палітвязьняў памерлі за кратамі. Гэта Аляксандар Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак.
  • Пяцёра чалавек загінулі падчас пратэстаў і затрыманьняў. Гэта Аляксандар Віхор, Аляксандар Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка і Андрэй Зельцар.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG