Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе абмяркуюць магчымую адпраўку вайскоўцаў для навучаньня салдатаў ва Ўкраіне


Вучэньні ўкраінскіх вайскоўцаў, архіўнае ілюстрацыйнае фотп
Вучэньні ўкраінскіх вайскоўцаў, архіўнае ілюстрацыйнае фотп

У сярэдзіне наступнага тыдня міністры замежных спраў і міністры абароны краінаў Эўразьвязу ўпершыню зьбяруцца для абмеркаваньня магчымай эўрапейскай місіі ў навучаньні салдатаў непасрэдна ва Ўкраіне, паведамляе нямецкае выданьне Welt am Sonntag са спасылкай на канфідэнцыйны дакумэнт аб «навучальнай місіі ЭЗ ва Ўкраіне». Яго цытуе расейская служба Радыё Свабода.

Асновай для перамоваў стане дакумэнт «Стратэгічная праверка місіі ЭЗ у навучаньні ва Ўкраіне», падрыхтаваны Эўрапейскай службай замежных сувязяў. У дакумэнце, які выданьне атрымала ад крыніц, гаворыцца пра тое, што Кіеў зьбіраецца сфармаваць дзесяць новых пяхотных брыгадаў. Каля 150 тысяч навабранцаў павінны прайсьці навучаньне.

Дыпляматычная служба Эўразьвязу ў сваёй справаздачы аб вайсковай трэнавальнай місіі Эўразьвязу для Ўкраіны не дае рэкамэндацыяў адносна неабходнасьці навучаньня салдатаў менавіта ва Ўкраіне (як раней прасіў Кіеў). Аднак у дакумэнце адзначаюцца перавагі гэтай опцыі і не выключаецца магчымасьць разьмяшчэньня ў будучыні пэўнай колькасьці інструктараў місіі на ўкраінскіх навучальных аб’ектах.

У дакумэнце зьмяшчаецца прапанова вучыць салдатаў у спэцыяльных цэнтрах, якія будуць знаходзіцца ўдалечыні ад поля бою, напрыклад на паўночным захадзе Ўкраіны. Не выключаюцца і іншыя варыянты, напрыклад навучаньне ў суседніх краінах непадалёк ад мяжы Украіны.

Брусэль крытыкуе недастатковую сувязь з рэальнымі ўмовамі пры навучаньні ўкраінскіх салдатаў на тэрыторыі ЭЗ, якое заснавана на заходніх стандартах у мірны час. У дакумэнце крытыкуецца, што пры навучаньні ў ЭЗ украінскія вайскоўцы занадта доўга адсутнічаюць ва Ўкраіне і ня могуць удзельнічаць у баявых дзеяньнях, а пасьля вяртаньня ва Ўкраіну павінны вучыцца зноўку ў непасрэдных палявых умовах. Акрамя таго, яны не атрымліваюць ведаў аб савецкіх тыпах узбраеньняў, якія ў асноўным прымяняюцца ва Ўкраіне.

Разам з тым Эўрапейская служба зьнешніх сувязяў указвае на патэнцыйныя пагрозы для вайскоўцаў ЭЗ, у выпадку калі яны апынуцца на тэрыторыі Ўкраіны.

«Цалкам верагодна, што вайсковая прысутнасьць ЭЗ на ўкраінскай зямлі будзе ўспрынятая Расеяй як правакацыя», — гаворыцца ў дакладзе.

У ім таксама адзначаецца, што «той факт, што расейскія балістычныя ракеты і дроны могуць трапіць у любы пункт Ўкраіны, можа прывесьці да найвышэйшага ўзроўню пагрозы бясьпекі для вайскова пэрсаналу ЭЗ». У сувязі з гэтым у дакумэнце зьмяшчаецца патрабаваньне «надзейных плянаў эвакуацыі» салдатаў, якія будуць удзельнічаць у місіі, у выпадку прыняцьця такога рашэньня.

У справаздачы адзначаецца, што міністры абароны ЭЗ маюць намер абмеркаваць гэтае пытаньне на сустрэчы на наступным тыдні, паведамілі 24 жніўня Reuters і Welt am Sonntag.

  • Нефармальныя дэбаты наконт місіі ва Ўкраіне прайшлі ў Брусэлі ў ліпені. Падчас іх утварыліся два супрацьлеглыя лягеры. Францыя заклікае прыслухацца да патрабаваньняў Кіева і паслаць эўрапейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіну для навучаньня салдат на месцы, яе падтрымліваюць Польшча, Данія і Швэцыя. Урад Нямеччыны рашуча супраць адпраўкі інструктараў з краін ЭЗ для навучаньня ўкраінскіх ывайскоўцаў на месцы, баючыся эскаляцыі сытуацыі. Пазыцыю Бэрліна падтрымліваюць Мальта, Аўстрыя, Славэнія і Вугоршчына.
  • Кіраўнік Ваеннага штабу Эўразьвязу генэрал Міхель ван дэр Лаан некалькі тыдняў таму выказаўся за навучаньне ўкраінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Ўкраіны. Яго меркаваньне лічыцца асабліва важным, бо генэрал узначальвае місію па навучаньні салдат на тэрыторыі ЭЗ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG