Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 25 жніўня павіншавала беларусаў з гадавінай абвяшчэньня Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.
У сваёй заяве Ціханоўская адзначыла, што «гісторыя нашай краіны — гэта гісторыя барацьбы за свабоду», а незалежнасьць Беларусі не «звалілася зь неба», як ёй часам даводзіцца чуць, але «стала магчымай дзякуючы змаганьню і працы пакаленьняў беларускіх патрыётаў».
«Айцоў-заснавальнікаў БНР і слуцкіх паўстанцаў. Беларускага падпольля. Моладзевых суполак і інтэлігенцыі. Дыяспара, якіая праз гады савецкай акупацыі адстойвала інтарэсы беларусаў у сьвеце. Дзясяткаў тысячаў беларусаў, якія, нягледзячы на страх і прапаганду, выходзілі на цэнтральныя плошчы ў Менску і іншых гарадах. І, безумоўна, адважных дэпутатаў апазыцыі ў Вярхоўным Савеце — якія замацавалі незалежнасьць Беларусі ў асноватворных законах», — пералічвае Ціханоўская.
На думку Ціханоўскай, у беларусаў «ёсьць якасьці, якія заўжды дапамагалі перажыць цёмныя часы». Паводле яе, гэта «цярплівасьць і працавітасьць, талерантнасьць і міралюбнасьць, імкненьне да справядлівасьці і любоў да сваёй зямлі».
«І я веру, што дзякуючы гэтым якасьцям, а таксама нашай салідарнасьці, мы і цяпер зможам вярнуць сабе наш дом, вызваліць людзей з турмаў і адстаяць незалежнасьць нашай краіны. Як паказаў 2020-ы, мы, беларусы, умеем паказаць сябе і зьдзівіць увесь сьвет», — падкрэсьліла Ціханоўская.
У сваёй заяве яна заклікала ўсіх беларусаў «працягваць барацьбу», рабіць для гэтага хаця б «невялікія крокі, але кожны дзень».
«Не дазваляйце дыктатарам зьняверыць вас і паставіць пад сумнеў абраны шлях. Распаўсюджвайце інфармацыю сярод суседзяў, сяброў і родных. Размаўляйце па-беларуску. Праяўляйце салідарнасьць. Дапамагайце тым, хто ў бядзе, асабліва нашым палітвязьням, рэпрэсаваным, добраахвотнікам», — адзначыла Ціханоўская.
Таксама ў сваёй заяве Ціханоўская зьвярнулася да тых, хто працуе «ў сыстэме», у дзяржаўнай намэнклятуры і войску.
«Я ведаю, што сярод вас шмат годных людзей. Незалежна ад таго, якія ў вас погляды, пасады і абавязкі, памятайце: незалежнасьць — найвышэйшая каштоўнасьць і найвышэйшы здабытак нашага народу. Не дазваляйце рэжыму зьнішчыць тое, што мы здабылі 25 жніўня 1991 году, прадаць нашую краіну Расеі і ўцягнуць наш народ у вайну», — заклікала Ціханоўская.
У канцы заявы беларуская дэмакратычная лідэрка выказала ўпэўненасьць у тым, што прыйдзе дзень, «калі беларускі народ скіне, цяпер ужо назаўсёды, цяжар дыктатуры».
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі таксама апублікавла заяву, у якой павіншавала ўсіх беларусаў з гадавінай аднаўленьня Незалежнасьці Беларусі.
У сваёй заяве Рада БНР падкрэсьлівае, што 25 жніўня 1991 году «не было выпадковасьцю ў нашай нацыянальнай гісторыі», але стала вынікам змаганьня паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, асьветнікаў «Нашай Нівы», заснавальнікаў БНР, якія 25 сакавіка 1918 году абвясьцілі незалежнасьць роднага краю, удзельнікаў Слуцкага ды іншых антыбальшавіцкіх паўстаньняў, ахвяраў чэкісцкіх рэпрэсіяў, а таксама «ўсіх тых, у каго прыгнёт камуністычнай імпэрыі ня здолеў зьнішчыць памкненьне да волі».
«Але імпэрыя пакуль не сканала. Яна катуе беларусаў у лукашэнкаўскіх турмах, імкнецца зьнішчыць Украіну, пагражае ўсяму сьвету ядзерным апакаліпсісам.
І ў гэты час трымае нас вера ў нашую праўду, якая асьвечаная крывёю продкаў ды мужнасьцю сёньняшніх вязьняў прамаскоўскага рэжыму — тых, якія плоцяць за будучыню свайго народа ўласнай свабодай.
Беларусь будзе жыць — калі, як сказаў наш нацыянальны геній Васіль Быкаў, 100-годзьдзе якога мы сёлета адзначаем, „ня скорыцца чужой сіле, яшчэ разгорне свой жыцьцёвы патэнцыял і зьдзейсьніць на Боскай замлі сваю людзскую місію“», — падкрэсьліваецца ў заяве Рады БНР.
Аляксандар Лукашэнка на момант публікацыі не рабіў ніякіх заяваў з нагоды 33-ай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь і не віншаваў беларусаў з гэтай нагоды. Затое з самай раніцы 25 жніўня ён павіншаваў асабовы склад і вэтэранаў Спартовага камітэту Ўзброеных сіл «з 80-годзьдзем з дня ўтварэньня ўстановы», а калектыў і вэтэранаў «Беларуськалію» — з Днём шахтара.
Варта адзначыць, што і на «сэсіі Незалежнасьці» ў жніўні 1991 году Аляксандар Лукашэнка дэманстратыўна адмовіўся галасаваць за незалежную Беларусь.
Форум