16 жніўня падчас дакладу Лукашэнку кіраўніца Савету Рэспублікі Натальля Качанава паабяцала, што тэхнапарк на колішнім «Мотавела» ў 2025 годзе «запрацуе на поўную магутнасьць». Раней яна ж абяцала лякальную вытворчасьць для «МотаВелаЗаводу». Расказваем гісторыю колішняга гіганту прамысловасьці, супрацоўнікі якога выходзілі на забастоўку ў 2005 годзе, а інвэстару прысудзілі 11 гадоў турмы.
«Орлёнок» і «Ласточка»
Менскі матацыклетна-роварны завод быў заснаваны ў Менску ў 1945 годзе. Абсталяваньне для прадпрыемства вывезьлі з акупаванай Нямеччыны па дамове з саюзніцкімі ўладамі. Нямецкі завод DKW, адкуль узялі абсталяваньне для ММРЗ, знаходзіўся ў савецкай зоне акупацыі і падлягаў дэмантажу.
У траўні 1946 году на ММРЗ запусьцілі першы цэх, а ўжо ўлетку наступнага году сабралі першыя 10 ровараў. У 1950-я пачалі выпускаць легендарныя ровары «Орлёнок» і «Ласточка». У гэтыя ж часы туды перадалі вытворчасьць матацыклаў «Москва», пазьней на іх базе пачалі выпускаць матацыклы «Мінск».
Напрыканцы 1960-х завод адпраўляў на экспарт мільёны ровараў сваёй прадукцыі. У 1986 мадэль ровара «Мінск» перайменавалі ў «Аист». Яна стала сапраўдным брэндам заводу.
Апошнія дзесяцігодзьдзі існаваньня СССР былі часамі росквіту прадпрыемства, прадукцыя ММРЗ стала візытоўкай Беларусі. Штогод завод выпускаў некалькі сотняў тысяч матацыклаў «Мінск», якія актыўна пастаўляліся на экспарт у краіны Азіі.
Пасьля распаду СССР прадпрыемства пачало павольна губляць рынкі збыту, вытворчасьць скарачалася.
Мянчук Канстанцін, унук колішніх шматгадовых працаўнікоў заводу, расказвае на ўмовах ананімнасьці гісторыю, пачутую ад свайго дзеда.
«У канцы 1980-х прадпрыемствам нібыта зацікавіліся японцы. Прыехала цэлая дэлегацыя, уважліва ўсё разглядалі, выпытвалі. Нібыта хацелі інвэставаць у супольную вытворчасьць ровараў і матацыклаў. Мой дзядуля, які 40 год адпрацаваў за станком у аўтаматным цэху, расказваў, як адзін з прадстаўнікоў японскай дэлегацыі бялюткай насоўкай падмахнуў пад станком — хацеў даведацца пра стандарты працы не з афіцыйных прамоваў. Насоўка, натуральна стала чорная. Так і зьехалі японцы, ніякага кантракту не падпісаўшы».
«Супрацоўнікаў схілялі да прыватызацыі»
Свабода пагаварыла з колішняй супрацоўніцай заводу, якая ўладкавалася туды ў 1990-х і адпрацавала амаль два дзесяцігодзьдзі. На ўмовах ананімнасьці суразмоўца расказала, што ўжо ў 1990-я зарабіць там было цяжка.
«Мне трэба была праца. Там якраз была прыватызацыя, у людзей пазабіралі заробкі і абяцалі плаціць дывідэнды. Я не пагадзілася на прыватызацыю, бо трэба былі грошы на ежу. Жыла тады ад заробку да заробку. Гэта была цяжкая праца на станках. Абяцалі нейкія паляпшэньні, але яны не атрымаліся», — прыгадвае былая супрацоўніца ММРЗ. У дзяцінстве у яе таксама быў ровар з гэтага прадпрыемства.
Праз прыватызацыю «Мотавела» стаў камунальнай уласнасьцю, прадпрыемства пачало належаць самім супрацоўнікам. У 1999 годзе прайшла яшчэ адна рэарганізацыя, «Мотавела» стаў адкрытым акцыянэрным таварыствам і актыўна спрабаваў гандляваць на расейскім рынку. Аднак рынак збыту ўсё адно паступова мізарнеў, заробкі супрацоўнікам усе часьцей затрымлівалі.
«Рознае было. Было і такое, што заробак прапаноўвалі даваць роварамі ці запчасткамі ровараў. Не было куды прадаваць прадукцыю. У 1997 годзе людзей адпраўлялі дадому, бо проста не было працы», — расказвае былая супрацоўніца заводу.
«На пачатку 2000-х, — працягвае мянчук Канстанцін, — калі я праходзіў на „Мотавела“ практыку, тэрыторыя заводу была заваленая непрададзенай прадукцыяй, якая проста гібела пад сонцам і дажджом. Тагачасны галоўны канструктар заводу паказваў мне стосы часопісаў з кітайскімі роварамі ды разводзіў рукамі: мы ня можам зь імі канкураваць, трэба закупляць у іх дэталі і зьбіраць тут».
Пратэсты і перакрыцьцё вуліцы
У лістападзе 2005 году рабочыя заводу «Мотавела» выйшлі на акцыю пратэсту супраць нясплаты заробкаў. Каля 300 супрацоўнікаў патрабавалі выдаць ім грошы за мінулы месяц і аванс за бягучы. У выніку іх дзеяньняў адна з найбуйнейшых вуліц сталіцы — Партызанскі праспэкт — была некаторы час перакрытая для руху транспарту. Тады ж высьветлілася, што завод мае мільёны даляраў даўгоў. Пратэст рабочых прыцягнуў увагу Лукашэнкі, які паабяцаў «прадпрыняць высілкі, каб забраць прадпрыемства». Заробак рабочым выплацілі ў сьнежні. У тым жа месяцы Лукашэнка падпісаў указ аб рэструктурызацыі даўгоў прадпрыемства, наўзамен дзяржава забрала кантрольны пакет акцый раней прыватызаванага ААТ «Мотавела». З гэтага часу дзяржава спрабуе ўратаваць завод, прыцягваючы інвэстараў і даючы датацыі.
«Я калі звальнялася з заводу, там ужо былі склады з гарэлкай. Гэта былі арандаваныя плошчы. Тады ўжо ровары там амаль не выпускаліся», — прыгадвае суразмоўца Свабоды.
Новы інвэстар, арышт і турма
У 2007 годзе «Мотавела» набылі інвэстары: кампанія ATEC Holding GmbH заплаціла за кантрольны пакет акцый прадпрыемства больш як 7 мільёнаў даляраў. Да таго ж паводле дамовы ATEC Holding GmbH мусіла інвэставаць у завод каля 20 мільёнаў даляраў. Улады крытыкавалі інвэстараў, бо тыя за кароткі тэрмін не змаглі выцягнуць «Мотавела» з даўгоў. А пазьней, у 2015 годзе, новага дырэктара заводу Аляксандра Мураўёва арыштавалі і асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня.
Падчас суду Мураўёў расказваў, што рахункі прадпрыемства аказаліся арыштаванымі — і гэта высьветлілася толькі пасьля набыцьця кантрольнага пакета.
За кратамі бізнэсовец правёў больш за 7 гадоў, на свабоду выйшаў у 2022-м. Завод жа ў 2015 годзе зноў нацыяналізавалі і прызначылі на яго антыкрызіснае кіраўніцтва — колішняга кіраўніка Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцьку. Ужо праз 2 гады Ладуцька зьвярнуўся ў Эканамічны суд з просьбай аб прызнаньні банкруцтва, што і адбылося ў 2018 годзе.
У выніку была створаная новая юрыдычная адзінка: «МотаВелаЗавод» — пераемнік «Мотавела», які існуе і цяпер. Дырэктарам туды зноў пайшоў Мікалай Ладуцька.
Тэхнапарк
«МотаВелаЗавод» праз 6 гадоў пасьля рэарганізацыі наведаў Лукашэнка. Падчас візыту ён расказваў, як важна лякалізаваць вытворчасьць, каб прадукт быў свой, бяз імпартных дэталяў. Згодна з сайтам прадпрыемства, цяпер там робяць ровары. У 2022 годзе Лукашэнка зноў прыехаў на завод. Яму паказалі матацыкл нібыта айчыннай вытворчасьці, што аказалася няпраўдай — дэталі былі імпартныя. Тады ж старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава паабяцала, што праз год лякалізацыя будзе 90%. Мікалая Ладуцьку з заводу звольнілі.
У 2023 годзе прадпрыемства атрымала ад Інавацыйнага фонду 6,5 мільёна рублёў на імпартазамяшчэньне. Аднак пляны лякалізацыі зноў праваліліся. Цяпер кіраўніцтва «МотаВелаЗаводу» абяцае, што гэта адбудзецца толькі да 2029 году. І то ня цалкам, а на 50%.
Акрамя гэтага, на месцы пустуючых цэхаў збанкрутаванага «Мотавела» сабраліся будаваць тэхнапарк. 30 гектараў зямлі хочуць пераўтварыць у бізнэс-хаб з вытворчасьцю, каворкінгамі, кавярнямі і іншым. Працы там вядуцца з 2023 году. Паводле словаў Натальлі Качанавай, «тэхнапарк запрацуе на поўную моц» ужо ў 2025-м. Цяпер, як кажа старшыня Савету Рэспублікі, там ужо працуюць 83 прадпрыемствы.
Пры гэтым Менскі гарадзкі тэхнапарк працуе з 2011 году. А пляцоўка былога «Мотавела», пра якую гаворыць Качанава, мае стаць другой па ліку ў гэтым парку. Пакуль жа адрас парку — Солтыса, 187 — за 6,5 кілямэтра ад былога «Мотавела». Там жа зарэгістраваная і большасьць рэзыдэнтаў парку.
«Дзяржава проста ўлівае сродкі»
Паводле старшай навуковай супрацоўніцы Beroc Анастасіі Лузгіной, праблема аздараўленьня дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі ў тым, што дзяржава не дасьледуе рынкі, не ацэньвае сытуацыю, а проста ўлівае сродкі.
«Шматгадовыя высілкі дзяржавы па рэанімацыі прадпрыемстваў патрабуюць шмат грошай падаткаплатнікаў, але не прыносяць плёну. Праблема ў эфэктыўнасьці кіраваньня. Прадпрыемства робіць ровары і матацыклы, павінна быць гнуткая палітыка бізнэс-мадэляваньня. А дзяржава проста ўлівае сродкі. Ніхто не задумваецца, які цяпер попыт на рынку, наколькі ён патрэбны ў такой колькасьці», — мяркуе экспэртка.
Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што чыноўнікі любяць гаварыць пра імпартазамяшчэньне, але не ацэньваюць складанасьць гэтай працэдуры. Усё вырашаецца за кошт плянавых даручэньняў.
«Ставяцца пляны, але яны не рэалізоўваюцца. У Беларусі ёсьць не адзін тэхнапарк. Не абавязкова адкрываць яго на „Мотавела“, калі ёсьць альтэрнатывы. Проста ёсьць тэрыторыя, яе трэба запоўніць і нешта там рабіць», — кажа Лузгіна.
Суразмоўца заўважае, што калі б прадпрыемства добра сябе адчувала і ягоная прадукцыя мела попыт на рынку, то ня трэба было б прыдумляць тэхнапарк. Нешта падобнае чыноўнікі ўжо спрабуюць зрабіць на плошчах «Гарызонту», але таксама беспасьпяхова.
Форум