На паседжаньні Эканамічнага суду Менску прынята рашэньне аб банкруцтве адкрытага акцыянэрнага таварыства «Мотавела» з далейшай яго ліквідацыяй.
Суд зацьвердзіў плян аб ліквідацыі «Мотавела», паводле якога цягам месяца мусяць пачацца таргі маёмасьцю таварыства, а ўся працэдура мусіць завершыцца да канца году — на 20 сьнежня прызначана судовае паседжаньне, на якім крызіснае кіраўніцтва дасьць справаздачу аб выкананьні працэдуры банкруцтва.
Паводле крызіснага кіраўніка таварыства Вольгі Рачко, ААТ «Мотавела» завінавацілася крэдыторам 118 мільёнаў рублёў, а мае маёмасьці, прадукцыі, каштоўных папераў і нявернутых яму даўгоў на 71 мільён рублёў. Якімі актывамі валодае «Мотавела»?
«Маёмасьць ААТ „Мотавела“ — гэта комплекс будынкаў на заводзкай пляцоўцы на Партызанскім праспэкце, селькая гаспадарка „Лісіны“ ў Менскім раёне, летнік „Арляня“ ў Смалявіцкім раёне. Мы распрацавалі плян ліквідацыі, які ўхвалілі крэдыторы. Далей пройдзе аўдыт, рэгістрацыя маёмасьці, яе ацэнка і адкрытыя таргі. Разьлічваем, што першыя таргі адбудуцца ў жніўні. Атрыманыя на таргах грошы, у тым ліку за зямлю, на якой знаходзіцца заводзкі комплекс, пойдуць на ліквідацыю запазычанасьці», — сказала Вольга Рачко. Паводле рашэньня суду, крызіснаму кіраўніцтву «Мотавела» дазволена зьніжаць цэны маёмасьці, калі на таргах ня знойдзецца пакупнікоў.
Усяго 26 банкаўскіх установаў, сярод іх такія буйныя, як «Белгазпрамбанк» і «Беларусбанк», чакаюць вяртаньня крэдытаў ад ААТ «Мотавела». Што будзе з крэдытамі, якія таварыста ня зможа вярнуць?
«Іх сьпішуць, таму суд і прыняў рашэньне аб банкруцтве зь ліквідацыяй, каб даць банкам такую магчымасьць», — сказалі адмыслоўцы, якія прысутнічалі на працэсе.
На судзе стала вядома, што неплатаздольнасьць «Мотавела» набыла «ўстойлівы характар» у чэрвені 2017 году, хоць прыкметы няздольнасьці плаціць па даўгах назіраліся ўжо годам раней. Суд ня выявіў, што ў дзейнасьці таварыста была «фіктыўная няплатаздольнасьць».
На ААТ «Мотавела» цяпер працуе каля 100 чалавек, уся гаспадарчая дзейнасьць таварыства — гэта здача ў арэнду заводзкіх плошчаў.
«У нас больш за 170 арандатараў, у тым ліку і „Мотавелазавод“, якім кіруе былы мэр Менска Мікалай Ладуцька», — распавяла Вольга Рачко.
Паводле яе, працоўны калектыў «Мотавела» ведае пра пляны банкруцтва таварыства. Цягам году антыкрызіснае краўніцтва правяло аптымізацыю штату, было скарочана 25% працаўнікоў, сказала антыкрызісная ўпраўляючая.
«Пытаньняў не ўзьнікала, парушэньня калектыўнай дамовы не было», — запэўніў суд прадстаўнік працоўнага калектыву ААТ «Мотавела». Пасьля ліквідацыі таварыства ўсіх яго працаўнікоў звольняць.
Як «Мотавела» давялі да банкруцтва
Паводле стану на 2017 год «Мотавела» меў вялікія даўгі перад сямю банкамі, прычым закладзеная ў банках нерухомасьць прадпрыемства ацэньвалася ў 88 мільёнаў даляраў — амаль удвая менш, чым тыя грошы, якіх патрабавалі крэдыторы. Апошнія два гады прадпрыемства працавала са стратамі па 2–3 мільёны даляраў. У чэрвені 2017 году генэральны дырэктар «Мотавела» Мікалай Ладуцька падпісаў заяву ў эканамічны суд Менску аб прызнаньні заводу банкрутам.
«Мотавела», якое на пачатку 2010-х гадоў фактычна стала прыватным прадпрыемствам, у студзені 2017 году юрыдычна зноў ператварылася ў дзяржаўнае. Тады суд канфіскаваў кантрольны пакет акцый «Мотавела» ў ягонага асноўнага ўласьніка Аляксандра Мураўёва і перадаў акцыі Дзяржкамітэту па маёмасьці. Таксама суд прызнаў Мураўёва вінаватым у шэрагу службовых і эканамічных злачынстваў ды асудзіў на 11 гадоў зьняволеньня. Сваёй віны бізнэсовец так і не прызнаў і ў апошнім слове параўнаў падзеі вакол «Мотавела» з «рэйдэрскім захопам». Да арышту ў 2015 годзе Аляксандар Мураўёў пасьпеў перазапусьціць на «Мотавела» вытворчасьць ровараў пад брэндам «Аист» і дамагчыся, што прадпрыемства пачало працаваць зь невялікім прыбыткам.
У гэтыя дні Аляксандра Мураўёва зноў судзяць, цяпер за ўхіленьне ад падаткаў, у Ленінскім раённым судзе Менску. Бізнэсоўца трымаюць у СІЗА ўжо каля трох гадоў.
У 2007 годзе, калі Мураўёў прыйшоў на прадпрыемства, на «Мотавела» працавала 2500 чалавек, цяпер працуе каля 100 чалавек.
Паводле зьвестак, цяперашняе кіраўніцтва «Мотавела» плянуе перанесьці вытворчасьць менскіх ровараў і матацыклаў у Расею на пляцоўку сумеснага прадпрыемства. Назіральнікі не выключаюць, што ў сумнай гісторыі з банкруцтвам «Мотавела» ключавой прычынай стала заводзкая пляцоўка — амаль 27 гектараў непадалёк ад цэнтру Менску, якая даўно прываблівае патэнцыйных інвэстараў у будаўніцтва нерухомасьці.