У Гомельскім абласным судзе 23 жніўня распачаўся працэс над гамельчуком Міхаілам Лапуновым, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Вядома, што суд адкрыты.
Міхаіл Лапуноў вядомы найперш як бацька палітвязьня Мікіты Залатарова, якога затрымалі ў 2020 годзе за ўдзел у пратэстах яшчэ непаўналетнім. Праз год паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу хлопца асудзілі на 4,5 года зьняволеньня і накіравалі для адбыцьця пакараньня ў ПК-15 пад Магілёў, але пазьней дадалі яшчэ 1 год паводле 411 артыкулу аб «непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі» і перавялі на строгі турэмны рэжым ў турму № 8 у Жодзіна.
У пачатку жніўня 2023 году арыштавалі і бацьку палітвязьня, Міхаіла Лапунова. Цягам трох гадоў ад арышту сына Міхаіл не спыняў актыўнасьці ў змаганьні за ягоныя правы і лепшыя ўмовы ўтрыманьня. У тым ліку расказваў журналістам пра пабіцьцё сына ў сьледчым ізалятары, пра зьдзекі зь яго у калёніі, інфармаваў пра стан здароўя Мікіты, які хварэе на эпілепсію.
Некаторымі зьвесткамі пра зьняволенага сына Міхаіл Лапуноў дзяліўся ў чаце «Гомель за Мікіту Залатарова», які для гэтага завёў у Тelegram. Ужо пасьля арышту Міхаіла Лапунова, летась у кастрычніку менавіта гэты чат КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем», а ягонаму стваральніку выставілі абвінавачаньне паводле двух артыкулаў Крымінальга кодэксу: 361-1 ч. 1 («Стварэньне экстрэмісцкага фарміраваньня альбо ўдзел у ім»), і арт. 361-4 ч. 1 і 2 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Міхаілу Лапунову пагражае 7 гадоў зьняволеньня. Пра стаўленьне самога падсуднага да абвінавачаньня праваабаронцам пакуль нічога невядома.
Працэс над Міхаілам Лапуновым вядзе судзьдзя Алеся Осіпава.
Форум