Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: асудзілі жонку лекара Бадамшына; будуць судзіць бацьку палітвязьня Мікіты Залатарова


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Бацьку палітвязьня Мікіты Залатарова абвінавачваюць у стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня»

22 жніўня Гомельскі абласны суд пачне разглядаць крымінальную справу супраць бацькі палітвязьня Мікіты Залатарова Міхаіла Лапунова. Мужчыну абвінавачваюць у стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» (частка 1 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і ў садзейнічаньні «экстрэмісцкай дзейнасьці» (частка 1 артыкула 361-4 КК). Пра гэта стала вядома з раскладу суду, які заўважыла «Медиазона».

У 2023 годзе Міхаіла Лапунова арыштоўвалі сем разоў. У лістападзе 2023 году тэлеграм-чат «Гомель за Мікіту Залатарова» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». КДБ указаў, што да яго мае дачыненьне Лапуноў.

11 жніўня ў Жодзіне пачаўся чарговы суд над самім Мікітам Залатаровым, які адбывае пакараньне за ўдзел у пратэстах 2020 году (яму прысудзілі агулам 4,5 года). Мікіта вядомы тым, што ў 2020 годзе стаў адным з самых юных беларускіх палітвязьняў: яму было 16 гадоў.

Цяпер Мікіту Залатарову пагражае яшчэ адзін год калёніі паводле 411 артыкула Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).

Жонку менскага лекара Руслана Бадамшына асудзілі за пратэсты

Жонку вядомага лекара-нэўроляга Руслана Бадамшына таксама асудзілі паводле «народнага» артыкула, даведалася «Люстэрка».

Тацяну Бадамшыну абвінавачвалі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Звычайна такое абвінавачаньне прад’яўляюць шараговым удзельнікам мірных маршаў пратэсту ў Менску ў 2020 годзе. Справу Тацяны разглядаў суд Фрунзэнскага раёну Менску. Які менавіта прысуд ёй вынесьлі, невядома.

Бадамшына абскардзіла рашэньне суду першай інстанцыі. Яе апэляцыю будуць разглядаць 16 жніўня ў Менскім гарадзкім судзе. Зь яго раскладу і стала вядома, што жанчыну асудзілі, як і яе мужа.

7 траўня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску судзьдзя Юлія Крэпская прызнала Руслана Бадамшына вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і асудзіла на 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»).

Вядома, што з 2020 году Руслана Бадамшына затрымлівалі сама меней пяць разоў, агулам ён адбыў пад арыштам больш за 60 дзён. Пасьля адміністрацыйнага арышту ў красавіку 2021 году Бадамшына звольнілі з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру нэўралёгіі і нэўрахірургіі, дзе ён працаваў лекарам функцыянальнай дыягностыкі.

У сям’і Руслана Бадамшына двое дзяцей, 9 і 6 гадоў.

У Менску за «акт тэрарызму» і «забойства» будуць судзіць маладзёна

22 жніўня Менскі гарадзкі суд у закрытым рэжыме пачне разгляд справы Аляксея Федзічкіна — у судовым раскладзе ён пазначаны як «асоба, якая зьдзейсьніла грамадзка небясьпечнае дзеяньне», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Аляксею інкрымінавалі ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу (забойства), ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Справу будзе разглядаць Міхаіл Макарэвіч.

Праваабаронцы адзначаюць, што справа можа быць аб «замаху на забойства» — артыкул 13 Крымінальнага кодэксу не пазначаецца ў судовым раскладзе. Іншыя акалічнасьці справы праваабаронцам не вядомыя.

Паводле інфармацыі, прадстаўленай «Медиазоне» ініцыятывай BelPol, абвінавачанаму 18 гадоў і родам ён з Асіповічаў.

Палітвязьню Цімуру Рызапуру дадалі яшчэ адзін год зьняволеньня

У судзе Ленінскага раёну Магілёва Цімуру Рызапуру вынесьлі прысуд па крымінальнай справе за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі» (арт. 411 КК). Прысуд вынесьлі яшчэ 17 ліпеня, але праваабаронцам стала вядома пра гэта толькі цяпер.

Судзьдзя Натальля Панасенка прызначыла Цімуру яшчэ адзін год пазбаўленьня волі на дадатак да чатырох з паловай гадоў калёніі, піша «Берасцейская Вясна».

Цімура Рызапуру затрымалі 30 верасьня 2020 году ў Берасьці. Яго абвінавацілі ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» паводле ч. 2 арт. 293 КК і прысудзілі чатыры з паловай гады калёніі.

Тэрмін палітвязень спачатку адбываў у наваполацкай калёніі № 1. Пазьней яму ўзмацнілі пакараньне і перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму № 4.

Пачалі судзіць былога палітвязьня з Баранавічаў, яму пагражае да 12 гадоў калёніі

Суд над Віталём Коршунам пачаўся 13 жніўня ў Берасьцейскім абласным судзе, паведамляе «Вясна».

Яму закідаюць ажно пяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК),
  • «удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК),
  • «арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК),
  • «заклікі да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361),
  • «распальваньне варожасьці або варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК).

Палітвязьню пагражае да 12 гадоў калёніі.

Судзіць яго будзе Сьвятлана Крамянеўская.

Віталю Коршуну 37 гадоў. Родам ён з Баранавічаў. Упершыню яго судзілі ў верасьні 2021 году. За год да гэтага ён пакінуў камэнтар пра тое, што трэба шукаць адрас нейкага амапаўца. Па вэрсіі самога амапаўца, Сяргея Балабановіча, пасьля гэтага допісу ён вельмі спалохаўся, хоць Коршун хутка яго выдаліў. У выніку прадпрымальніку прысудзілі два месяцы арышту.

Наступным разам Віталя затрымалі ў студзені 2024 году.

Палітвязьня Камлёнка судзяць за «абразу Лукашэнкі» і «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

Імя палітзьняволенага Аляксандра Камлёнка зьявілася ў раскладзе Віцебскага абласнога суду на 14 жніўня, заўважылі праваабаронцы «Вясны». 42-гадовага аршанца будуць судзіць паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 361-2 КК (фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня).

Працэс над ім пачнецца 14 жніўня і будзе праходзіць у закрытым рэжыме, судзіць Аляксандра прызначылі судзьдзю Яўгена Бурунова.

Аляксандар Камлёнак — жыхар Воршы. Яго затрымалі ў лютым 2024 году, калі ён вярнуўся ў Беларусь з працы. Раней Аляксандар працаваў у лякаматыўным дэпо, але пасьля 2020 году быў або звольнены, або сам звольніўся — падобна, што звальненьне было палітычна матываванае, адзначаюць праваабаронцы. Пасьля гэтага Камлёнак працаваў дальнабойнікам у заходніх краінах. Яго затрымалі, калі ён вярнуўся ў Беларусь. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Суд Верхнядзьвінскага раёну прызнаў старонку Аляксандра Камлёнка ў «Одноклассниках» «экстрэмісцкай».

Мастачку Віялету Майшук будуць судзіць завочна

Супраць беларускай мастачкі Віялеты Майшук у Беларусі распачалі «спэцвядзеньне» — яе зьбіраюцца судзіць завочна, піша «Вясна».

27-гадовай Віялеце інкрымінуюць ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).

Віялета — мастачка з Гомельшчыны, якая ў 2020 годзе праз палітычны перасьлед мусіла пакінуць Беларусь.

Яе запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсьці ва Ўправу Сьледчага камітэту ў Петрыкаве.

У Магілёве затрымалі кіроўцу

Відэа зь ім апублікавалі у адным з праўладных тэлеграм-каналаў, блізкіх да сілавікоў. Сьцьвярджаецца, што мужчына ўдзельнічаў у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», а таксама прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «пляну Перамога». Дзе ён цяпер і ў чым канкрэтна яго абвінавачваюць, праваабаронцам не вядома.

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманага завуць Юры Галачкін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG