Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зноў судзяць Мікіту Залатарова, які сустрэў за кратамі паўналецьце, прайшоў тры суды, дзьве калёніі і турму


Мікіта Залатароў, архіўнае фота
Мікіта Залатароў, архіўнае фота

11 жніўня ў Жодзіна пачынаецца суд над палітвязьнем з Гомля Мікітам Залатаровым, які адбывае пакараньне за ўдзел пратэстах 2020 году (яму прысудзілі агулам 4,5 года). Мікіта вядомы тым, што ў 2020 годзе стаў адным з самых юных беларускіх палітвязьняў: яму было 16 гадоў.

Цяпер Мікіту Залатарову пагражае яшчэ адзін год калёніі паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).

За што пакаралі Мікіту Залатарова

Мікіту затрымалі ў Гомлі 11 жніўня 2020 году, калі яму было толькі 16 гадоў і 2 месяцы. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў КК – у арганізацыі масавых забурэньняў (арт. 293), незаконных дзеяньнях у дачыненьні да прадметаў з выкарыстаньнем гаручых рэчываў (арт. 295-3) і гвалце альбо пагрозе гвалту адносна супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (арт. 364). Паводле сьледзтва, якое ішло нядоўга, Мікіта Залатароў кінуў у бок міліцыянтаў «кактэйль Молатава», ад якога ніхто не пацярпеў. У лютым 2021 году адбыўся суд, па выніках якога хлопец атрымаў пакараньне ў 5 гадоў зьняволеньня ва ўмовах выхаваўчай калёніі.

Вядома, што пасьля абвяшчэньня прысуду зь Мікітам здарылася гістэрыка, у судзе з жалезнай клеткі ён крычаў: «Выпусьціце мяне адсюль!».

Адбываць пакараньне Мікіту Залатарова адправілі ў выхаваўчую калёнію №2 для непаўналетніх, якая знаходзіцца ў Бабруйску.

У ліпені 2021 году Мікіту чакаў новы суд – гэтым разам палітвязьня абвінавацілі ў тым, што ён нібыта напаў на працаўніка СІЗА і пагражаў другой супрацоўніцы і яе родным. На судзе хлопец прызнаў віну, але тлумачыў, што ён абараняўся ад біцьця. «Гэта быў ня гвалт, а супраціў. Абразьлівыя словы я вымавіў на эмоцыях», – казаў Мікіта. Вынік суду – паўтара года калёніі агульнага рэжыму. Праз складаньне двух тэрмінаў пакараньня малады вязень атрымаў агулам 4,5 года зьняволеньня.

Паводле закону, у выхаваўчай калёніі непаўналетняга асуджанага могуць трымаць да дасягненьня ім узросту ў 21 год, але адразу пасьля таго, як Мікіту Залатарову споўнілася 18, яго з выхаваўчай калёніі №2 перавялі ў папраўчую калёнію №15 пад Магілёвам. Чаму ў чэрвені 2022 году гэтак вырашыў суд Бабруйскага раёну, у праваабаронцаў зьвестак няма. Але і ў ПК-15 Мікіта Залатароў надоўга не затрымаўся. Ужо ў жніўні яго перавялі ў жодзінскую турму № 8 ва ўмовы строгага рэжыму.

Як абыходзіліся зь непаўналетнім вязьнем

Ад сваякоў Мікіты Залатарова і зь ягоных скаргаў у судзе вядома, што падчас сьледзтва яго шмат разоў білі, у тым ліку ўжывалі электрашокер. «Адвядуць далей ад камэры – і б'юць дубінкамі», – казаў пра сьледзтва Мікіта Залатароў. Паводле бацькі палітвязьня Міхаіла Залатарова, у судзе сын у яго пытаўся: «Калі мяне ўжо біць перастануць?».

Падчас сьледзтва ў Гомельскім СІЗА юнака трымалі ў адзіночнай камэры.

Таксама вядома, што Мікіту Залатарова падчас ягонага знаходжаньня ў выхаваўчай калёніі №2 некалькі разоў каралі штрафным ізалятарам.

Праваабаронцам дакладна вядома, што з папраўчай калёніі перавод на строгі рэжым у закрытую турму не адбываецца бязь некалькіх пакараньняў вязьня ШЫЗА і ПКТ. Праваабаронцы не выключаюць, што ў ПК-15 Мікіта Залатароў таксама сядзеў у ШЫЗА.

Здароўе Мікіты Залатарова

12 траўня 2024-га Мікіту Залатарову споўнілася 20 гадоў. У яго ёсьць праблемы са здароўем. Хлопец зь дзяцінства пакутуе на эпілепсію, што значна ўскладніла яму жыцьцё ва ўмовах зьняволеньня. Паводле праваабаронцаў «Вясны», падчас першага судовага працэсу Мікіта расказаў, што яму ў СІЗА не даюць таблетак. «Канваір сказаў: «Ты палітычны, здохнеш»», – казаў тады яшчэ непаўналетні Мікіта Залатароў.

Паводле бацькі палітвязьня Міхаіла, ягоны сын дрэнна пераносіць доўгае знаходжаньне ў адзіночнай камэры. «Мікіта толькі пасьпеў сказаць, што больш ня можа трываць: калі застанецца ў камэры адзін, ён ня вытрымае», – расказваў тата палітвязьня ў лютым 2021 году.

Зьвестак пра тое, за што менавіта цяпер судзяць Мікіту Залатарова паводле 411-га артыкулу, у праваабаронцаў няма.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG