Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курскай вобласьці эвакуавалі 133 тысячы жыхароў, у Белгарадзкай закрылі 35 населеных пунктаў


Эвакуацыя жыхароў у Расеі. Ілюстрацыйнае фота
Эвакуацыя жыхароў у Расеі. Ілюстрацыйнае фота

133 тысячы жыхароў Курскай вобласьці эвакуавалі з памежных раёнаў. Застаюцца ў сваіх дамах яшчэ звыш 19 тысяч чалавек, сказаў губэрнатар Аляксей Сьмірноў. Гаворка ідзе пра жыхароў 8 раёнаў, якія трапілі ў зону адсяленьня і эвакуацыі.

Такія лічбы выканаўца абавязкаў кіраўніка Курскай вобласьці Аляксей Сьмірноў агучыў 22 жніўня на нарадзе з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Пры гэтым, як вынікае са словаў Сьмірнова, у разгорнутых уладамі лягерах часовага знаходжаньня цяпер толькі малая частка ад агульнай колькасьці людзей, якія выехалі, — звыш 12 тысяч. У іншыя рэгіёны вывезьлі больш за 3 тысячы жыхароў. Гаворачы пра лягеры часовага знаходжаньня, курскі губэрнатар на нарадзе ў прэзыдэнта Расеі адзначыў, што іх зараз больш за 500.

Першы віцэ-прэм’ер Расеі Дзяніс Мантураў, выступаючы на нарадзе ў Пуціна, пры гэтым прывёў іншыя лічбы. Паводле Мантурава, зь небясьпечных раёнаў «адселена 115 тысяч чалавек», для якіх абсталявалі пункты часовага знаходжаньня і харчаваньня ў 29 суб’ектах Расейскай Фэдэрацыі.

Губэрнатар Бранскай вобласьці Аляксандар Багамаз заявіў, што 21 жніўня абстаноўка была складаная, рэгіён атакавалі 23 дроны. Увечары, паводле яго, украінскія ДРГ спрабавалі зайсьці на тэрыторыю Клімаўскага раёну, але сіламі памежнікаў і вайскоўцаў сытуацыю нібыта «стабілізавалі».

У Белгарадзкай вобласьці закрытыя 35 населеных пунктаў у сувязі з пастаяннымі абстрэламі, паведаміў губэрнатар рэгіёну Вячаслаў Гладкоў. У 113 школах будзе арганізаванае дыстанцыйнае навучаньне. Паводле Гладкова, шкода сельскай гаспадарцы, папярэдне, склала каля трох мільярдаў рублёў, бізнэсу — каля аднаго мільярда рублёў.

Пуцін пасьля заслуханых дакладаў некалькі разоў сказаў пра неабходнасьць узаемадзеяньня мясцовых уладаў зь дзяржаўнымі органамі для «эфэктыўнай дапамогі людзям». Пытаньне бясьпекі, як заявіў ён, знаходзіцца ў зоне адказнасьці сілавых структур, і гэта «асобная тэма».

  • Украіна пачала сваю апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню абвясьцілі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
  • Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, на 22 жніўня ўкраінскія сілы ўзялі пад кантроль 93 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Паводле Зяленскага, адна з мэтаў украінскіх войскаў — стварэньне «буфэрнай зоны» на расейскай тэрыторыі.
  • Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне вайсковых камэндатур і арганізацыю перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны» і пра магчымае стварэньне вайсковых камэндатур у паселішчах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.
  • Расейская служба BBC у апошнім аглядзе сытуацыі ў рэгіёне 22 жніўня пісала, што за мінулыя суткі значных зьменаў на лініі фронту ў Курскай вобласьці не адбылося. Бакі надалей падцягвалі рэзэрвы, праводзілі перагрупоўкі і ўмацоўвалі занятыя пазыцыі. Усё больш ускладняецца становішча расейскай групоўкі, якая абараняе памежжа на поўдзень ад ракі Сейм. Пасьля вываду са строю ўсіх трох мастоў праз раку расейскія часткі на левым беразе апынуліся ў ізаляцыі, спробы наладзіць пантонныя пераправы цярпяць няўдачу, адзначае ў сваёй публікацыі BBC.
  • Наступ украінскай арміі і баі ў Курскай вобласьці працягваюцца з 6 жніўня. Украінскі бок заяўляе, што пад кантролем УСУ знаходзяцца дзясяткі населеных пунктаў і каля адной тысячы квадратных кілямэтраў расейскай тэрыторыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG