Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі абвясьцілі пра стварэньне груповак войскаў «Белгарад», «Курск» і «Бранск» для абароны памежных абласьцей


Ілюстрацыйнае фота. Дарожны знак у Суджы, Курская вобласьць Расеі. 16 жніўня 2024 году
Ілюстрацыйнае фота. Дарожны знак у Суджы, Курская вобласьць Расеі. 16 жніўня 2024 году

Ва Ўзброеных сілах Расеі створаць групоўкі войскаў «Белгарад», «Курск» і «Бранск». Пра гэта стала вядома на пасяджэньні Каардынацыйнай Рады ў пытаньнях ваеннай бясьпекі памежных тэрыторыяў Белгарадзкай, Бранскай і Курскай абласьцей.

«Па кожнай задачы Каардынацыйнай рады ў міністэрстве вызначаная службовая асоба, якая нясе адказнасьць за яе выкананьне ў сутачны тэрмін», — заявіў кіраўнік рады, міністар абароны Андрэй Белавусаў і дадаў, што ў выпадку немагчымасьці вырашэньня праблемы пра гэта павінны паведамляць яму асабіста.

На іншых кіраўнікоў Мінабароны ўсклалі абавязкі па матэрыяльна-тэхнічным і вайскова-тэхнічным забесьпячэньні, садзейнічаньні цывільным уладам пры эвакуацыі грамадзян, інжынэрным уладкаваньні і будаўніцтве, міжведамасным узаемадзеяньні і каардынацыі, а таксама мэдычным забесьпячэньні і абароне грамадзян і тэрыторыяў ад атак дронамі.

Да гэтага групоўкі войскаў прымянялі толькі для нападу на Ўкраіну, агулам іх было шэсьць: «Цэнтар», «Захад», «Поўдзень», «Усход», «Днепр» і «Поўнач», адзначаюць «Важные истории». Апошняя адказвала за абарону Курскай і Белгарадзкай абласьцей.

  • Украіна пачала сваю апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню абвясьцілі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
  • 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 населеныя пункты Курскай вобласьці Расеі. Расейскі бок не камэнтаваў гэтую інфармацыю.
  • Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне вайсковых камэндатур і арганізацыю перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны» і пра магчымае стварэньне вайсковых камэндатур у паселішчах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.
  • 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк заявіў, што Ўкраіна ня мае плянаў акупацыі расейскай тэрыторыі. Паводле яго, апэрацыя ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласьці дазволіць стварыць «санітарную зону», зь якой Расея ня зможа атакаваць цывільнае насельніцтва і аб’екты інфраструктуры Сумскай і Чарнігаўскай абласьцей, а таксама дасьць магчымасьць разарваць лягістыку, зьнішчыць складзкую і іншую вайсковую інфраструктуру, якую Расея стварыла ў памежных з Украінай раёнах і выкарыстоўвае для сваіх атак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG