Пра тое, якіх зьменаў чакаць на абодвух франтах і ці апраўдае сябе бліцкрыг Украіны ў Курскай вобласьці ў будучыні, украінская служба Радыё Свабода пагаварыла зь вядучымі экспэртамі ў бясьпецы і палітыцы ў Эўразьвязе, а таксама з вайсковымі аналітыкамі.
Ацэнкі і каментары давалі:
- Джон Гелін, аналітык OSINT-групы Black Bird Group (Фінляндыя);
- Марцін Забароўскі, выканаўчы дырэктар арганізацыі GLOBSEC (Славакія);
- Робэрт Пшчэль, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў (Польшча);
- Аманда Пол, старшы палітычны аналітык Цэнтру эўрапейскай палітыкі (Бэльгія).
Украіна ў Курскай вобласьці: дасягненьні і выклікі
Джон Гелін: «Адной з мэтаў украінскай апэрацыі на Куршчыне быў вывад расейскіх войскаў з усходу. Гэты плян пакуль не спрацаваў. Расейцы па-ранейшаму ціснуць вакол Пакроўску.
Але ў цэлым тое, што мы ўбачылі, было пасьпяховай мабільнай апэрацыяй. Украіне ўдалося ператварыць гэта ў нейкую дынамічную вайну, прынамсі ў першыя дні гэтай апэрацыі...
Пакуль не выглядае, што Расея спрабуе сабраць буйныя сілы контранаступу ў раёне Курскай дугі.
Гэта сьведчыць аб тым, што зь цяперашнім узроўнем сіл Украіна, пэўна, зможа ўтрымліваць гэтыя тэрыторыі даволі доўга, паколькі Расея канцэнтруе свае намаганьні на ўсходзе (Украіны. — Рэд.) і, здаецца, ня хоча адводзіць свае сілы аддтуль.
Так што ўсё залежыць ад таго, калі расейцы паспрабуюць адказаць на атаку Куршчыны. І колькі часу будуць мець украінцы, каб умацавацца на той тэрыторыі, якую яны цяпер занялі».
«Прынамсі псыхалягічнае ўзьдзеяньне апэрацыі на Куршчыне вельмі глыбокае. Цяпер расейцы ведаюць, што іхная ўласная тэрыторыя ня ёсьць непераможнай і што гэта ня так, што яны могуць весьці вайну з Украінай без пакараньня і наступстваў. Яны цяпер бачаць гэтыя наступствы і тое, што ад іх цярпіць расейскае насельніцтва. Гэта тое, што не было відавочным для многіх расейцаў у мінулым...
Калі Ўкраіне ўдасца захаваць тэрытарыяльныя здабыткі пад Курскам і нават прасунуцца крыху далей, гэта стане важкім аргумэнтам у руках украінцаў на будучыню.
Ёсьць і ваеннае значэньне гэтай атакі, таму што, маючы такую буфэрную зону, звычайная расейская артылерыя ўжо ня можа беспакарана дасягнуць украінскай тэрыторыі, прынамсі з гэтага кірунку».
Робэрт Пшчэль:
«Гэта доўгатэрміновая гісторыя — як доўга ўкраінцы змогуць утрымліваць тэрыторыю? Ці хочуць яны яе ўтрымліваць?
Мне здаецца, што яны будуць утрымліваць яе датуль, дакуль змогуць, не несучы вялікіх стратаў, таму што ўкраінцы, у адрозьненьне ад пуцінскага рэжыму, сапраўды дбаюць пра сваіх салдатаў.
І потым, вядома, гэтыя падразьдзелы, якія ваююць, утрымліваюць пазыцыі ў Курску, — гэта добра загартаваныя ў баях падразьдзяленьні. Таму Кіеву давядзецца прымаць гэтыя рашэньні. Але пакуль яны, здаецца, могуць утрымліваць тэрыторыю без асаблівых страт. Я думаю, што яны будуць гэта рабіць і далей».
Аманда Пол:
«Украіне ўдалося засьпець расейцаў цалкам зьнянацку. Гэта тое, што на самай справе здараецца ня так часта. І Ўкраіна мае важныя дасягненьні ў Курскай вобласьці.
Мы бачылі, як яны зьнішчалі ключавыя вайсковыя аб’екты, інфраструктуру, масты і г. д. Гэта можа паўплываць на лініі забесьпячэньня Расеі і яе здольнасьць нанесьці ўдар па Ўкраіне зь яе тэрыторыі. Такім чынам, зрэшты, гаворка ідзе пра здольнасьць Украіны ня даць Расеі разьвязаць вайну супраць Украіны...
Але на дадзены момант гэта не аказала рэальнага ўплыву на ўнутраныя працэсы ў Расеі. Гэта можа зьмяніцца ў залежнасьці ад таго, што адбудзецца ў наступныя дні і тыдні. У Курскай вобласьці шмат маладых прызыўнікоў, бацькі якіх скардзіліся. Мы бачылі, як прэзыдэнт Пуцін сапраўды спрабаваў утаймаваць іх занепакоенасьць. Але калі мы ўбачым рост колькасьці маладых прызыўнікоў, якія гінуць на расейскай тэрыторыі з боку Украіны, гэта можа стаць праблемай для Расеі. Зараз жа з палітычнага пункту гледжаньня сытуацыя адносна стабільная».
Заваяванне на Куршчыне коштам Пакроўску?
Джон Галін:
«Расея баіцца, каб Ўкраіна яшчэ недзе не зрабіла нечага падобнага, для чаго ў яе павінны застацца сілы. Расея таксама хоча арыентавацца на ўсход (Украіны. — Рэд.). Так што я ня думаю, што мы ўбачым нейкі маштабны адказ на ўварваньне, пакуль Расея не дасягне сваёй мэты — узяць Пакроўск на ўсходзе...
Украінцы ідуць на вялікую рызыку, бо, адцягнуўшы свае рэсурсы з усходу, яны як бы далі Расеі гэты шанец працягваць трымацца ўласных мэтаў захопу ўсёй Данецкай вобласьці...
Цалкам імаверна, гэтай восеньню расейцы дойдуць да Пакроўску... і страта гэтага цэнтру моцна ўскладніць становішча Ўкраіны на ўсходзе...
Расея набліжаецца да сваёй мэты захапіць увесь Данбас. Гэта адкрытая мэта іх апэрацыі... Але наўрад ці яны змогуць хоць нейкім чынам павялічыць гэты апэратыўны посьпех. Ня думаю, што ў Расеі ёсьць сілы нейкім чынам павярнуць на поўнач і потым паспрабаваць захапіць усю Данецкую вобласьць... Хутчэй за ўсё, яны ня вытрымаюць тэмпу, каб рухацца ў бок Краматорску і Славянску».
Марцін Забароўскі:
«Было б заўчасна рабіць высновы з Курскай апэрацыі, што рэжым Уладзіміра Пуціна валіцца і што Ўкраіна цяпер на шляху да перамогі ў гэтай вайне і да вяртаньня сваёй тэрыторыі. Расейская армія ўсё яшчэ наступае на Данеччыну і замацоўваецца. Так што цяпер мы проста маем больш складаную карціну, і ацэньваць рэальную значнасьць штуршку на Куршчыне пакуль рана...
З улікам элемэнту нечаканасьці можна сказаць, што ва Ўкраіны цяпер больш пасьпехаў, чым у Расеі на Данбасе. Але мы ня ведаем, як доўга гэта працягнецца. І ці азначае посьпех украінцаў, што Расеі давядзецца затармазіць свае апэрацыі на Данбасе, а таксама вывесьці частку сваіх сілаў і перакінуць іх у Курскую вобласьць».
Роберт Пшчэль:
«Здаецца, расейскі рэжым мае дылему, бо ён ня ведае, што павінна быць прыярытэтам для ўласнага народу. Тэарэтычна — абарона ўласнай тэрыторыі. Але для рэжыму гэта ня так зразумела. Для рэжыму прыярытэтам зьяўляецца рэжым. Таму яны б палічылі за лепшае не спыняць наступу на Данбасе.
Але цана, якую яны плацяць, палягае ў тым, што ўкраінцы акапаюцца, а расейскім сілам, якімі б яны ні былі, будзе цяжэй. Безумоўна, ёсьць навабранцы, якія без падрыхтоўкі вымушаныя ісьці на фронт. І нават прафэсійныя падразьдзелы ня вызначаліся эфэктыўнымі вайсковымі якасьцямі.
Так, гэта складаная сытуацыя, але я ня думаю, што мы бачылі, каб расейцы хацелі ці маглі кідаць у бой у Курскай вобласьці поўныя, вялікія, новыя падразьдзелы».
Аманда Пол:
«Узяцьце Пакроўску — стратэгічны прыярытэт для расейцаў. Калі ім гэта ўдасца, гэта будзе надзіва кепская навіна для Ўкраіны.
Таму фактычна гэтая апэрацыя, якую праводзіць Украіна (на Куршчыне. — Рэд.), — авантура. Відавочна, што ў Кіеве ўпэўненыя, што змогуць выйграць гэтую азартную гульню. Да гэтага пранікненьня сытуацыя ва Ўкраіне не была добрай. Гэта паўплывала на маральны дух, але і ў многіх на Захадзе склалася ўражаньне, што Ўкраіна ня можа перамагчы Расею...
Думаю, пранікненьне (на Куршчыну. — Рэд.) зьмяніла дынаміку. Сьвету паказваюць, што ўкраінская армія — гэта армія-пераможца, якая здолела пайсьці на Расею і стварыць ёй гэтыя праблемы, і што Ўкраіна заслугоўвае пастаяннай падтрымкі...
Важна, каб у гэтай сытуацыі яна сапраўды дасягала сваіх мэтаў, якія ў выніку падштурхнуць расейцаў да вываду войскаў з Данбасу. Мы яшчэ не на гэтым этапе. Але калі гэтага не адбудзецца, то ёсьць імавернасьць, што Ўкраіна страціць гэтую тэрыторыю на Данбасе, што будзе для яе стратэгічнай стратай...
Украіне неабходна працягнуць пасьпяховую апэрацыю ў Курскай вобласьці. Тым часам ёсьць надзея, што прыбудзе нашмат больш заходняй вайсковай тэхнікі, якая дазволіць украінскім сілам адкінуць Расею на Данбасе».
Пазыцыі бакоў у больш аддаленай будучыні
Джон Гелін:
«Калі Ўкраіна думае, што ёй давядзецца весьці перамовы ў найбліжэйшыя месяцы (магчыма, пасьля Новага году, калі пройдуць прэзыдэнцкія выбары ў ЗША), і ў той час тэрыторыі пад Курскам яшчэ будуць пад яе кантролем і Расея сядзе за стол перамоваў, зразумела, што гэта можа паўплываць на ход перамоваў, але тут шмат пытаньняў „ці“.
Ці будзе Расея лічыць сябе здольнай працягваць вайну? Ці паверыць, што пасьля заканчэньня наступу на ўсходзе ў сувязі з дасягненьнем мэтаў ці зьнясіленасьцю зможа гвалтоўна вярнуць падкантрольныя Ўкраіне тэрыторыі?
Гэта зводзіцца да пытаньня, як доўга Ўкраіна зможа ўтрымліваць гэтыя тэрыторыі. Калі ёй удасца некалькі месяцаў утрымаць іх ад расейскіх нападаў і перамовы адбудуцца зімой, імаверна, сваю ролю ў іх адыграе гісторыя з Курскам.
Але калі вайна будзе працягвацца, значна менш зразумела, якая будзе роля Курску. А яшчэ — ці будзе нейкі чысты пазытыў для Ўкраіны ў доўгатэрміновай пэрспэктыве».
Марцін Забароўскі:
«Калі вы паглядзіце на мапу і тэрыторыі (захопленыя ўкраінскімі сіламі на Куршчыне. — Рэд.), то ўбачыце, што гэта немалы кавалак зямлі. Аднак ён далёка не такі вялікі, як тое, што Расея акупавала на Данбасе і на поўдні Ўкраіны.
Такім чынам, украінцы маюць значны посьпех, але гэта фактычна не мяняе стратэгічнай сытуацыі настолькі, каб можна было казаць: расейцы акупуюць частку Ўкраіны — мы ў сваю чаргу бяром пад кантроль частку Расеі. У будучыні мы маглі б імі абмяняцца і вярнуцца да даваеннага становішча.
На дадзены момант гэта нельга параўноўваць. Больш за тое, мы ня ўпэўненыя, ці сапраўды Ўкраіна зможа ўтрымаць гэтую тэрыторыю, якую яна ўзяла пад свой кантроль пад Курскам».
Робэрт Пшчэль: «На сёньня я лічу, што больш пераваг ва Ўкраіне. Я ня маю на ўвазе пляны Пуціна і яго паплечнікаў, якія не жадаюць спыняць наступ на Данбасе, нават нягледзячы на страты.
Маю на ўвазе, нават па расейскіх мерках, калі можна так сказаць, страты дастаткова ашаламляльныя. Таму Пуцін хоча заваяваць як мага больш тэрыторыі.
Але нават калі і ёсьць посьпехі, то ня вельмі вялікія. Яны будуць не такімі вялікімі, як хацелася б Маскве. І тады ім, магчыма, давядзецца адвесьці яшчэ большую частку сілаў. І гэта будзе мець наступствы для далейшага ходу расейскага наступу на Данбасе.
На гэты момант, калі ня здарыцца нешта радыкальна дрэннае для Ўкраіны, украінская пазыцыя як у вайсковых справах, так і ў палітычных падзеях, якія могуць адбыцца, больш моцная. І гэта добрая навіна для Кіева і тых, хто яго падтрымлівае».
Аманда Пол: «Калі мы паглядзім далей, гэта дасьць Украіне вельмі важны палітычны рычаг у будучых перамовах, дзе будзе патэнцыйная магчымасьць абмену тэрыторыямі і вяртаньня часткі акупаваных зямель у абмен на расейскія.
Гэта таксама дае магчымасьць Украіне павялічыць колькасьць расейскіх ваеннапалонных, што будзе вельмі важна для вяртаньня ўкраінскіх ваеннапалонных. Гэта прыярытэт. І гэта таксама падкрэсьлівае той факт, што Расея блефавала наконт чырвоных ліній. Гэта важна, таму што заходнія саюзьнікі часта згадвалі пра іх — што іх нельга перасякаць.
Усе гэтыя чырвоныя лініі былі фактычна зьнесеныя за апошнія два з паловай года. І гэта самая вялікая чырвоная лінія, якая можа быць — уварваньне Ўкраіны ў Расею. І вельмі пазытыўна, што заходнія партнэры падтрымалі Ўкраіну».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум