Украінскі парлямэнт з 2014 году ўдасканальвае гэтую працэдуру, але, нягледзячы на заявы пра яе спрашчэньне, на практыцы вельмі цяжка скарыстацца магчымасьцямі празь неадпаведнасьць некаторых тэрмінаў у шэрагу зьвязаных законаў, што прыводзіць да рознага трактаваньня нормаў. Найперш гэта тычылася беларусаў, якія ваявалі спачатку ў складзе добраахвотніцкіх украінскіх батальёнаў, а цяпер — паводле кантрактаў у розных падразьдзелах Узброеных сіл ці Міністэрства ўнутраных спраў Украіны.
Свабода прааналізавала прапанаваныя парлямэнтам новыя зьмены. Іх ужо падпісаў сьпікер парлямэнту Руслан Стэфанчук, а цяпер мусіць падпісаць прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Закон набудзе юрыдычную моц праз чатыры месяцы пасьля публікацыі.
У якія законы ўнесьлі зьмены і на якія катэгорыі яны распаўюджваюцца
Зьмены ўносяцца ў два законы Ўкраіны — «Пра грамадзянства Ўкраіны» і «Аб прававым статусе іншаземцаў і асобаў без грамадзянства», якія рэгулююць працэдуру атрыманьня ўкраінскага грамадзянства, а таксама атрыманьня дазволаў на пражываньне ва Ўкраіне.
Яны датычацца:
- грамадзян іншаземных краін, у тым ліку Расеі і Беларусі, якія ваююць на баку Ўкраіны і абараняюць яе тэрытарыяльную цэласнасьць,
- сужэнцаў і дзяцей іншаземцаў, якія ваююць у складзе Ўзброеных сіл Украіны, Дзяржаўнай спэцыяльнай службе транспарту, Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны,
- сужэнцаў загінулых на вайне ва Ўкраіне іншаземцаў, якія ваявалі за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны,
- грамадзян іншаземных краін, якія пацярпелі ад палітычнага перасьледу.
Закон распаўсюджваецца ня толькі на тых вайскоўцаў, якія служылі паводле кантракту пасьля 2022 году, але і ўдзельнічалі ў Антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны (так заканадаўства Ўкраіны называе баявыя дзеяньні ў Данецкай і Луганскай вобласьці, якія пачаліся ў 2014 годзе. — РС).
Урад і прэзыдэнт Украіны абавязаныя будуць унесьці адпаведныя зьмены ў тыя нарматыўна-прававыя акты, якія яны выдавалі датычна працэдур атрыманьня іншаземцамі ўкраінскага грамадзянства і выдачы дазволаў на пражываньне. Закон вызначае, што гэта яны мусяць зрабіць цягам чатырох месяцаў пасьля набыцьця ім юрыдычнай моцы.
Умовы для звароту па грамадзянства
Іншаземцы, якія прэтэндуюць на ўкраінскае грамадзянства, павінны легальна знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны. Легальнасьць знаходжаньня вызначаюць дазвол на часовае ці сталае пражываньне ва Ўкраіне, а таксама вайсковы білет.
Для атрыманьня дазволу на сталае ці часовае пражываньне іншаземцы, якія служаць у войсках, мусяць падаць адпаведнае хадайніцтва ў Міністэрства абароны або Міністэрства ўнутраных спраў Украіны.
Заяву на атрыманьне грамадзянства вайскоўцы (ці колішнія вайскоўцы) могуць падаць цягам 6 месяцаў з моманту спыненьня кантракту з Узброенымі сіламі Ўкраіны, але не пазьней чым цягам 12 месяцаў з моманту скасаваньня ваеннага становішча.
На момант падачы заявы іншаземец ці ягоны сужэнец і дзеці павінны легальна знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны цягам двух гадоў (раней гэты тэрмін вызначаўся 5 гадамі і быў такім жа, як і пры зваротах па грамадзянства для іншых катэгорый іншаземцаў. — РС).
Для ўсіх іншых катэгорый іншаземцаў застаецца ранейшая норма аб неабходнасьці сталага пражываньня ва Ўкраіне цягам пяці гадоў.
Што зьмяняецца ў дакумэнтах
Прэтэндэнт на грамадзянства (вайсковец) павінен падаць дэклярацыю аб адмове ад грамадзянства краіны паходжаньня. Гэтая ж норма распаўсюджваецца і на тых грамадзян, якія ў краінах свайго паходжаньня пацярпелі ад палітычнага перасьледу, але пры ўмове дакумэнтальнага пацьверджаньня такога перасьледу.
Усе іншыя катэгорыі грамадзян Расеі і Беларусі абавязаныя будуць падаць і дакумэнт аб спыненьні расейскага ці беларускага грамадзянства цягам 12 месяцаў пасьля скасаваньня ваеннага становішча.
Згодна з новымі нормамі, іншаземец можа падаць пашпарт, тэрмін дзеяньня якога скончыўся і не было магчымасьці яго абмяняць.
Апроч таго, новае заканадаўства ня будзе патрабаваць ад вайскоўцаў (колішніх вайскоўцаў) атрыманьня дазволу на іміграцыю і пацьвярджэньня законных крыніц для забесьпячэньня жыцьця пры звароце па грамадзянства. Для ўсіх іншых катэгорый гэтыя патрабаваньні застаюцца.
Умова аб неабходнасьці валоданьня дзяржаўнай мовай застаецца, як і неабходнасьць здачы іспыту на яе веданьне. Аднак прэтэндэнт цяпер павінен падпісаць абавязак здаць іспыт па ўкраінскай мове, асновах Канстытуцыі і гісторыі Ўкраіны цягам двух гадоў ад моманту скасаваньня ваеннага становішча.
Ці ўсе праблемы вырашылі
Як вынікае з экспэртнага заключэньня Галоўнага юрыдычнага ўпраўленьня Вярхоўнай Рады Ўкраіны, апублікаваным на афіцыйным сайце, у новым законапраекце перад галасаваньнем у сэсійнай зале ўсё яшчэ заставаліся пэўныя няўзгодненасьці, якія могуць прывесьці да рознага тлумачэньня нормаў закону.
У прыватнасьці, дэпутаты прапанавалі норму аб магчымасьці прадоўжыць дазвол на часовае знаходжаньне ва Ўкраіне для іншаземцаў, у якіх скончыўся тэрмін дзеяньня пашпартнага дакумэнту, пры ўмове, што яны ў пэрыяд ваеннага становішча аказвалі «стралецкую, тактычную, радыётэхнічную, выбухатэхнічную, мэдычную і іншую дапамогу вайсковым падразьдзелам».
Юрысты зьвярнулі ўвагу, што зьвязанае заканадаўства Ўкраіны не прадугледжвае пэўных відаў дапамогі. Апроч таго, дэпутаты таксама не ўдакладнілі статусу такой асобы цягам 12 месяцаў з дня скасаваньня ваеннага становішча да атрыманьня часовага дазволу на знаходжаньне ва Ўкраіне.
Апроч таго, юрысты апарату Вярхоўнай Рады таксама зьвярнулі ўвагу на розныя фармулёўкі дакумэнту — вайсковага білета, які вызначае належнасьць грамадзян да Ўзброеных сіл Украіны, у прапанаваным і ўжо дзейных законах Украіны.
Пакуль закон не апублікаваны, незразумела, ці ўлічылі дэпутаты гэтыя заўвагі юрыстаў.
Форум