Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны скараціла тэрмін знаходжаньня на ўкраінскай тэрыторыі грамадзянцы Беларусі, жонцы беларускага добраахвотніка, які ваюе на баку Ўкраіны з пачатку чэрвеня 2023 году і цяпер знаходзіцца на перадавой.
Як вынікае з пазову, беларуска разам з дачкой прыехала ва Ўкраіну, паколькі яе муж у чэрвені 2023 году падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Ўкраіны і служыць кулямётнікам на перадавой. [Свабода мае прозьвішча беларускага добраахвотніка, але ў мэтах бясьпекі не называе яго, бо ён дагэтуль не выступаў публічна з заявамі пра тое, што ваюе ў складзе ўкраінскай арміі].
Грамадзянка Беларусі ў сваім пазове адзначыла, што яна прыехала ва Ўкраіну да свайго мужа для аб’яднаньня сям’і і для далейшага сталага пражываньня на яе тэрыторыі і набыцьця ўкраінскага грамадзянства з абавязковай адмовай ад грамадзянства Беларусі.
Жонка беларускага добраахвотніка паведаміла суду, што зьвярнулася ў міграцыйную службу па падоўжаньне часу знаходжаньня ва Ўкраіне, але ёй скарацілі раней дазволены тэрмін. Як высьветлілася, у міграцыі палічылі, што яна падала нібыта «непраўдзівыя зьвесткі, падробленыя ці нядзейныя дакумэнты».
Суд прыняў яе пазоў да разгляду і на час вынясеньня рашэньня прыпыніў дзеяньне рашэньня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны аб скарачэньні тэрміну знаходжаньня беларускі ва Ўкраіне.
Згодна з заканадаўствам Украіны, факт службы грамадзяніна Беларусі паводле кантракту ва Ўзброеных сілах зьяўляецца законнай падставай для знаходжаньня ягонай сям’і на тэрыторыі Ўкраіны.
Разам з пазовам беларуска перадала ў суд копіі ўсіх неабходных дакумэнтаў, у тым ліку кантракту, паводле якога яе муж абараняе тэрыторыю Ўкраіны ад расейскай агрэсіі.
Форум