Паводле зьвестак «Вясны», сярод затрыманых: Андрэй Ліпскі, журналіст; Павал Рабко, апэратар; Вадзім Вежнавец, галоўны рэдактар мэдыякампаніі; Уладзімер Папоў, апэратар; Марына Бычкоўская, маркетоляг; Алена Кісялёва, галоўная бухгальтарка; Крысьціна Казялькова, сакратарка; Ганна Згурская (цяжарная жанчына, на якую склалі пратакол і адпусьцілі, суду над ёй пакуль не было), Лізавета Шавяленка (яе таксама адпусьцілі пасьля складаньня пратакола, бо яна мае інваліднасьць, суду таксама пакуль не было).
Вядома, што ўсіх затрымлівалі ў розных месцах пасьля працоўнага дня. Адну з жанчын затрымалі ў іншым горадзе.
На ўсіх супрацоўнікаў светлагорскага «Ранка» склалі пратаколы паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Мужчынам прысудзілі па 7 дзён адміністрацыйнага арышту, Бычкоўскай, Кісялёвай і Казяльковай — штраф у памеры 25 б. в.
Затрыманьне супрацоўнікаў сьветлагорскага тэлеканалу
Дакладная прычына затрыманьня адразу 8 супрацоўнікаў тэлеканалу невядомая, піша «Гомельская вясна».
Ёсьць інфармацыя, што затрыманьнем кіраваў гомельскі ГУБАЗіК. Паводле крыніцы, людзей затрымалі за падпіскі на суполку «Сьветлік Светлагорск» у «Аднаклясьніках», хаця яе няма ў сьпісе «экстрэмісцкіх».
Сапраўднай прычынай затрыманьня, мяркуюць праваабаронцы, мог стаць сюжэт пра выбух на Сьветлагорскім ЦКК, у якім загінулі тры чалавекі.