Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыкальнае супрацьстаяньне радзей прыводзіць да посьпеху, — палітоляг Пётра Рудкоўскі пра дзьве стратэгіі дэмсілаў


Прадстаўнікі апазыцыі на канфэрэнцыі «Новай Беларусі» ў Вільні, Літва. 3 жніўня 2024 году
Прадстаўнікі апазыцыі на канфэрэнцыі «Новай Беларусі» ў Вільні, Літва. 3 жніўня 2024 году

Беларускі палітоляг Пётра Рудкоўскі разважае, якая стратэгія — на эскаляцыю ці на саступкі рэжыму — можа быць больш эфэктыўнай, адзначае неабходнасьць згуртаванасьці дэмакратычных сілаў і аналізуе, якая стратэгія ў барацьбе супраць аўтарытарных рэжымаў гістарычна часьцей прыводзіла да посьпеху.

Сьцісла:

  • Дэмакратызацыя Беларусі не становіцца больш імавернай пры сцэнары далейшай эскаляцыі.
  • Увядзеньне яшчэ больш жорсткіх санкцыяў у дадзенай геапалітычнай сытуацыі не павялічвае імавернасьць пераменаў.
  • Істотна для заходніх суб’ектаў тое, каб дэмакратычныя сілы Беларусі гаварылі адным голасам.
  • Найчасьцей і найшырэй працэс дэмакратычных пераменаў адбываецца тады, калі абрынаюцца глябальныя гегемоніі.

— Апошнім часам з новай сілай разгараюцца спрэчкі наконт стратэгіі дэмакратычных сілаў Беларусі. Новыя аргумэнты да гэтай дыскусіі нядаўна дадаў допіс сакратара Каардынацыйнай рады Івана Краўцова, які востра ўзьняў пытаньне, ці павінны дэмакратычныя сілы рабіць стаўку на эскаляцыю сытуацыі ў Беларусі, альбо варта аддаць перавагу дээскаляцыі, нават з умовай пэўных саступак Лукашэнку. Наколькі такая пастаноўка пытаньня, такая дылема адпавядае сёньняшняй сытуацыі? Ці не засланяе яна іншыя стратэгіі?

— Я з пэўнай павагай паставіўся да той пастаноўкі пытаньня, якую прапанаваў спадар Краўцоў. Да ягонай спробы прааналізаваць дзьве альтэрнатыўныя стратэгіі з гледзішча тэорыі гульняў, тэорыі імавернасьцяў. Асноўны пасыл, які там прачытваецца, — што выбар стаіць паміж верай і рэальнасьцю, — магчыма, занадта спрошчаны, але ў пэўным сэнсе блізкі мне.

Бо сапраўды стратэгія на эскаляцыю з разьлікам на тое, што так лягчэй і хутчэй у максымальнай ступені дамагчыся сваіх мэтаў, — менш імаверная для рэалізацыі. У параўнаньні зь іншай, больш памяркоўнай мэтай — дамагчыся вызваленьня хаця б значнай часткі палітзьняволеных. Гэты сцэнар больш рэалістычны, хоць і менш амбітны, менш адпавядае тым першапачатковым мэтам, якія ставіліся ў 2020 годзе.

— Пытаньне ж ня толькі ў рэалістычнасьці, а ў тым, якія мэты ставіць перад сабой. Стратэгія, умоўна яе назавем, «эскаляцыі» прадугледжвае мэту зьмены рэжыму Лукашэнкі. А якую мэту ставяць перад сабой прыхільнікі другой стратэгіі, «дээскаляцыі»?

— Пакуль гэта выразна не сфармулявана прыхільнікамі гэтай канцэпцыі, але пэўныя высновы зрабіць можна. Гэта праца ў напрамку таго, каб узамен на нейкія саступкі (вядома, яны ня будуць паходзіць непасрэдна ад дэмакратычных сілаў, але дэмакратычныя сілы маюць пэўны голас у той самай справе санкцыяў) і пэўныя эканамічныя выгады для рэжыму ад перазагрузкі адносінаў з Захадам дабіцца вызваленьня значнай часткі ці ўсіх палітзьняволеных.

Пётра Рудкоўскі
Пётра Рудкоўскі

Можна ўзгадаць некаторыя гістарычныя прыклады. Напрыклад, у Польшчы шматгадовы камуністычны кіраўнік Ярузэльскі яшчэ заставаўся на пасадзе прэзыдэнта ў 1989 годзе, а працэс дэмакратызацыі ўжо ішоў. Вядома, гэта дастаткова тэарэтычны сцэнар.

Асноўная мэта — дэмакратызацыя Беларусі — не становіцца больш імавернай пры сцэнары далейшай эскаляцыі. Увядзеньне яшчэ больш жорсткіх санкцыяў у дадзенай геапалітычнай сытуацыі не павялічвае імавернасьці пераменаў.

— Але калі адна частка дэмакратычных сілаў пачне працаваць на адзін сцэнар і з адной стратэгіяй, іншыя — з адваротнай, то як гэта можа выглядаць на практыцы? Заходнія партнэры могуць спытаць: дык чаго ж вы хочаце на самой справе, за што выступаеце?

— Гэта вельмі важнае пытаньне, але з гледзішча заходніх партнэраў гэта, магчыма, не такая вялікая праблема, бо кожны адэкватны палітык там павінен разумець, што не бывае нейкай раз і назаўсёды ўсталяванай тактыкі. Думаю, што больш істотна для заходніх суб’ектаў было б тое, каб дэмакратычныя сілы Беларусі гаварылі адным голасам, каб была больш-менш кансалідаваная тактыка.

У дэмакратычных сілаў Беларусі сфармаваўся пэўны кансэнсус, пэўны спосаб дзеяньняў, які вызначаецца галоўнымі мэтамі — свабодныя выбары, адстаўка Лукашэнкі, вызваленьне палітвязьняў. Гэта (прынамсі да апошняга часу) надавала тоеснасьць, адносную еднасьць дэмакратычных сілаў. І цяпер ёсьць рызыка, што можа павялічыцца дысананс і ўзмоцняцца рознагалосьсі.

— А што падказвае міжнародны гістарычны досьвед? Якая стратэгія ў барацьбе супраць таталітарных і аўтарытарных рэжымаў часьцей прыводзіла да посьпеху? Жорсткае процістаяньне, санкцыі ці нейкае залагоджваньне і супрацоўніцтва?

— Калі казаць коратка, то радыкальнае супрацьстаяньне «сьценка на сьценку» значна радзей прыводзіць да посьпеху. Найчасьцей аўтарытарныя рэжымы занепадаюць тады, калі ёсьць сытуацыя пэўнай непрадказальнасьці. Калі адкрываюцца пэўныя пазытыўныя магчымасьці ўнутры рэжымнага апарату, напрыклад, магчымасьць усталяваць нейкія адносіны з Захадам. На гэтым фоне рэфарматарскае і лібэральнае крыло мае ў рэжыме ўсё большы голас, унутры сыстэмы пачынаюцца хістаньні.

У нашым кантэксьце найбольш красамоўным выглядае прыклад Польшчы. На пачатку 1980-х там было процістаяньне «сьценка на сьценку», якое скончылася ўвядзеньнем ваеннага становішча. Пазьней, у канцы 1980-х, адбылася дэмакратызацыя — натуральна, у гэтым вялікае значэньне мела геапалітыка, перамены ў Савецкім Саюзе.

Можна ўзгадаць і больш далёкі ад нас выпадак Паўднёвай Карэі, калі прыблізна ў тым самым часе, на пачатку 1980-х, было вельмі рэзкае процістаяньне дэмакратычнай апазыцыі і аўтарытарнага рэжыму, што прывяло да адваротнага выніку. А ў канцы 1980-х на фоне зьніжэньня сацыяльнай напружанасьці, дыялёгу паміж прадстаўнікамі апазыцыі і рэжыму (вядома, таксама не без уплыву геапалітычнага чыньніку) адбыліся дэмакратычныя перамены.

— У гэтых прыкладах, як вы і адзначылі, вялізную ролю адыгралі геапалітычныя чыньнікі: перамены ў канцы 1980-х адбываліся на фоне аслабленьня камуністычнага рэжыму ў СССР. Наколькі вырашальнае значэньне мае гэты геапалітычны аспэкт (а менавіта існаваньне аўтарытарнай Расеі, якая вядзе вайну супраць Украіны) у нашай, беларускай сытуацыі?

— Гэта вельмі магутны чыньнік, ад якога ніяк не ўцячы. Ёсьць дасьледаваньне канадзкага палітоляга Севы Гуніцкі (Seva Gunitsky), які прааналізаваў працэсы палітычнай трансфармацыі за апошнія 200 гадоў. Дасьледаваньне паказала, што найчасьцей і найшырэй працэс дэмакратычных пераменаў адбываецца тады, калі абрынаюцца глябальныя гегемоніі. Пасьля Першай сусьветнай, Другой сусьветнай, напрыканцы 1980-х гадоў — гэта тры найбольш яскравыя сытуацыі. Менавіта ў тыя пэрыяды найбольш імкліва адбываліся працэсы трансфармацыі.

Вядома, адбываліся трансфармацыі і па-за сытуацыямі крушэньня глябальных гегемонаў, напрыклад у Гішпаніі, Партугаліі, Грэцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG