Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Менску па-ранейшаму можна трапіць у Курск на цягніку, нягледзячы на ваенныя дзеяньні ў рэгіёне


Ілюстрацыйнае фота. Наступствы ракетнага абстрэлу Курску 11 жніўня: абломкі зьбітых ракет упалі на жылы дом, у выніку былі параненыя 13 чалавек
Ілюстрацыйнае фота. Наступствы ракетнага абстрэлу Курску 11 жніўня: абломкі зьбітых ракет упалі на жылы дом, у выніку былі параненыя 13 чалавек

Цягнікі ў Курск адпраўляюцца зь Менску па раскладзе, квіткі на іх даступныя, нягледзячы на ваенныя дзеяньні ў рэгіёне, вынікае са зьвестак з сайта Беларускай чыгункі (БЧ), заўважыла выданьне «Позірк».

Квіткі на цягнік Калінінград — Адлер, які едзе празь Менск і Курск, ходзіць па звычайным раскладзе, квіткі на яго даступныя.

Ніякіх папярэджаньняў пра тое, што ў Курскай вобласьці можа быць небясьпечна з прычыны ваенных дзеяньняў, ні на сайце Беларускай чыгункі, ні пры спробе набыць квіток на гэты цягнік няма.

14 жніўня «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што «з цэнтральнага апарату кіраваньня РЧ (Расейскіх чыгунак — рэд.) на адрас БЧ накіравалі тэлеграму аб неабходнасьці спыненьня адпраўкі з 12.08.2024 грузавых цягнікоў з усіх станцыяў БЧ прызначэньнем да станцыяў Арлоўска-Курскага аддзяленьня Маскоўскай чыгункі (МЧ РЖД)».

Свабода пакуль ня можа пацьвердзіць інфармацыю «Супольнасьці» зь іншых крыніц.

Таксама, паводле зьвестак «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі», цяпер на станцыях Смаленскай вобласьці адзначаецца вялікая колькасьць саставаў, пакінутых без лякаматыву, што ўплывае на рытмічнасьць адпраўкі грузавых цягнікоў ад БЧ на МЧ і вядзе да парушэньня графіка руху.

У РЖД праблему тлумачаць адсутнасьцю неабходнай колькасьці лякаматываў і лякаматыўных брыгадаў для вывазу цягнікоў, але паводле крыніц «Супольнасьці чыгуначнікаў», адсутнасьць лякаматываў «выкліканая правядзеньнем расейскімі ўладамі маштабнай апэратыўнай перакідкі войскаў па кірунку Курскай вобласьці і перадысьлякацыяй значнай часткі парка грузавых лакаматываў МЧ для ажыцьцяўлення воінскіх перавозак з цэнтральнай часткі Расеі».

  • У Курскай вобласьці Расеі з 6 жніўня пасьля заходу ўкраінскіх вайскоўцаў на яе тэрыторыю працягваюцца баявыя дзеяньні. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 14 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі рэгіянальнага ўзроўню ўвялі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
  • 13 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 74 населеныя пункты ў Курскай вобласьці Расеі. Такія лічбы яму назваў галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі.
  • Выканаўца абавязкаў губэрнатара Курскай вобласьці Аляксей Сьмірноў 12 жніўня падчас дакладу Пуціну казаў, што УСУ захапілі 28 паселішчаў рэгіёну.
  • Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, мяркуюць, што на 11 жніўня ўкраінскія сілы дзейнічалі ў 29 паселішчах Курскай вобласьці або паблізу іх, і ў 40 паселішчах — на 12 жніўня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG