Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (прадстаўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне) заявіла, што не падтрымлівае і адмяжоўваецца ад ідэалёгіі «русского мира», які напярэдадні на пазачарговым пасяджэньні Ўсясьветнага расейскага народнага сабору абвясьціў патрыярх Кірыл і назваў «спэцыяльную ваенную апэрацыю» Расеі «сьвятой вайной» супраць Украіны.
«Украінская праваслаўная царква, вернікі якой зьяўляюцца грамадзянамі Ўкраіны, зьвязвае сябе ў зямным сваім служэньні зь дзяржавай Украінай, на абарону якой царква заклікала зь першага дня поўнамаштабнага расейскага ўварваньня», — адзначаецца ў заяве УПЦ МП, кіраўніком якой зьяўляецца мітрапаліт Ануфры.
У дакумэнце адзначаецца, што азначэньне «сьвятой вайны» супярэчыць базавым прынцыпам хрысьціянскай маралі, асабліва ў кантэксьце ўзброенай агрэсіі з выкарыстаньнем гвалту.
«З пункту гледжаньня Эвангельля ваенныя дзеяньні ня могуць быць апраўданыя як „сьвятыя“, а таксама ня могуць гучаць ад людзей, якія называюць сябе сьвятарамі. Заявы пра тое, што пасьля завяршэньня так званай „спэцыяльнай ваеннай апэрацыі“ ўся тэрыторыя Ўкраіны павінна ўвайсьці ў зону выключнага ўплыву Расеі, зьяўляецца прамым заклікам да парушэньня сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны», — адзначаецца ў заяве.
Рэакцыя аўтакефальнай праваслаўнай царквы
Мітрапаліт Белацаркоўскі Яўстраці Зара, які прадстаўляе аўтакефальную Праваслаўную царкву Ўкраіны, што перайшла ў Канстантынопальскі патрыярхат, назваў заяву Кірыла чарговым доказам неабходнасьці заканадаўчай забароны ва Ўкраіне рэлігійных арганізацый з цэнтрам у Расеі.
Паводле яго, заява Кірыла пра «сьвятую вайну» чарговы раз даказвае, што ідэалёгія «русского мира» выціскае з РПЦ апошнія рэшткі праваслаўя.
«Якія яшчэ патрэбныя доказы, каб забараніць рэлігійным арганізацыям Украіны мець падначаленасьць расейскім дзяржаўным цэнтрам кантролю над рэлігіяй — Маскоўскай патрыярхіі ці іншым падобным?» — заявіў ён.
У той жа час ён раскрытыкаваў УПЦ МП за тое, што нават пасьля сваёй заявы з рэакцыяй на выказваньне патрыярха Кірыла гэтая царква ўсё яшчэ застаецца ў рэлігійнай залежнасьці ад Масквы.
«Адпаведныя зьмены ў закон павіны быць ухваленыя, і тэрмінова. Зь імі ўжо і так спазьніліся, таму далейшае прамаруджваньне не апраўдваецца нічым. Бо „русский мир“ не чакае — ён забівае кожны дзень ня толькі целы, але і розум і душы тых, хто застаецца пад яго ўплывам», — перакананы Яўстраці Зара.
Што папярэднічала
27 сакавіка ў Маскве Ўсясьветны расейскі народны сабор, які прайшоў пад кіраўніцтвам патрыярха Расейскай праваслаўнай царквы Кірыла зацьвердзіў загад «Сучаснасьць і будучыня расейскага сьвету».
У гэтым дакумэнце «спэцыльную ваенную апэрацыю» назвалі «сьвятой вайной», у якой «Расея і яе народ абараняюць адзіную духоўную прастору Сьвятой Русі, выконваюць «місію „ўтрымальніка“, які абараняе сьвет ад націску глябалізму і перамогі Захаду, які ўпаў у сатанізм».
«Пасьля завяршэньня спэцыяльнай ваеннай апэрацыі ўся тэрыторыя сучаснай Украіны павінна ўвайсьці ў зону выключнага ўплыву Расеі. Магчымасьць існаваньня на гэтай тэрыторыі русафобскага, варожага Расеі і яе народу палітычнага рэжыму, які кіруецца з варожага Расеі вонкавага цэнтру, павінна быць цалкам выключаная», адзначаецца ў гэтым загадзе.