Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі паведамілі пра пашкоджаньне трэцяга моста ў Курскай вобласьці. Што гэта значыць для Ўкраіны


На кадрах, апублікаваных Узброенымі сіламі Ўкраіны 18 жніўня, можна пабачыць дым ад, як паведамляюць, зьнішчэньня моста ў Курскай вобласьці
На кадрах, апублікаваных Узброенымі сіламі Ўкраіны 18 жніўня, можна пабачыць дым ад, як паведамляюць, зьнішчэньня моста ў Курскай вобласьці

Ва Ўкраіне гэтую інфармацыю пакуль не камэнтуюць.

Прадстаўнік Сьледчага камітэту Расеі (ягонага прозьвішча не пазначылі) заявіў, што ўкраінскія сілы пашкодзілі трэці мост у Курскай вобласьці.

«18 жніўня ў выніку мэтанакіраванага абстрэлу з выкарыстаньнем ракетна-артылерыйскага ўзбраеньня па аб’ектах жылой забудовы і цывільнай інфраструктуры ў населеным пункце Карыж Глушкоўскага раёну Курскай вобласьці пашкоджаны трэці мост праз раку Сейм», — сказаў прадстаўнік Сьледчага камітэту Расеі. Відэазапіс з гэтым камэнтаром разьмясьціў расейскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў.

Што кажуць экспэрты

Ва Ўкраіне гэтую інфармацыю пакуль не камэнтуюць. Цягам апошніх двух дзён паведамлялася, што ўкраінскія сілы зьнішчылі першыя два масты ў Курскай вобласьці, празь якія ажыцьцяўлялася матэрыяльна-тэхнічная падтрымка расейскіх войскаў.

Назіральнікі адзначаюць, што ў выніку разбурэньня мастоў частка Глушкоўскага раёну аказалася адрэзаная ад Курскай вобласьці.

«Фактычна тыя расейскія падразьдзелы, якія знаходзяцца ў Глушкоўскім раёне, адрэзаныя ад нармальнай лягістыкі, адсутнічае нармальнае матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне гэтых падразьдзелаў, і яны становяцца заціснутымі непасрэдна ў раку Сейм. Выхадам можа быць толькі стварэньне пантонных перапраў», — сказаў тэлеканалу «Настоящее время» ўкраінскі вайсковы экспэрт Аляксандар Каваленка.

У той жа час экспэрт лічыць, што пантонныя пераправы таксама ўразьлівыя для абстрэлаў. Апроч таго, яны ня маюць такой прапускной здольнасьці, як маналітныя масты.

«Таму будзе падарваная ўвогуле сама функцыянальнасьць матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня гэтых падразьдзелаў у Глушкоўскім раёне, што адназначна іх аслабіць у выпадку адкрыцьця новых кірункаў сіламі абароны Ўкраіны ўжо ў гэтай частцы Курскай вобласьці», — патлумачыў Аляксандар Каваленка.

Паводле яго, украінскія сілы выкарыстоўваюць раку Сейм у якасьці прыроднага абароннага бар’ера.

Што тычыцца магчымага прасоўваньня ўкраінскіх сіл да Курскай АЭС, вайсковы экспэрт адзначыў, што гэты кірунак ускладнены вялікай колькасьцю населеных пунктаў і гарадоў, якія трэба праходзіць і, адпаведна, затрымлівацца, каб зачышчаць іх ад расейскіх сілавікоў, якія там засталіся. Таму, паводле яго, дайсьці да гораду Курчатава, дзе знаходзіцца АЭС, у сьціслыя тэрміны «наўрад ці ўдасца».

Што адбываецца цяпер у Курскай вобласьці

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале паведаміў, што прыняў даклад галоўнакамандуючага Аляксандра Сырскага пра сытуацыю на фронце і ў Курскай вобласьці.

«Найперш — франтавая сытуацыя і нашы захады кантролю над ёй. Працягваюцца цяжкія баі на пакроўскім кірунку, абарона Тарэцку. Удзячны за кожны вынік у зьнішчэньні акупанта. Працуем над забесьпячэньнем зброяй і неабходнымі моцнымі рашэньнямі партнэраў нашых дзеяньняў на фронце», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго, у Курскай вобласьці таксама дасягаюць вынікаў. «Ёсьць і чарговае папаўненьне абменнага фонду для нашай дзяржавы», — паведаміў прэзыдэнт Украіны.

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што адбілі атакі ўкраінскіх штурмавых груп у кірунках населеных пунктаў Ольгаўка, Рускае і Чаркаскае Парэчнае. У палон узялі чатырох украінскіх вайскоўцаў, а пры дапамозе авіяцыі нанесьлі ўдары па жывой сіле і тэхніцы ўкраінскіх падразьдзелаў у раёне населеных пунктаў Боркі, Багданаўка, Вішнёўка, Віктараўка, Косіца, Любімаўка і іншых.

Паводле ацэнак экспэртаў амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), украінскія войскі прасунуліся прыблізна на 56 кілямэтраў у шырыню і да 28 кілямэтраў углыб Курскай вобласьці Расеі.

  • Украіна пачала сваю апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню абвясьцілі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
  • 15 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца больш за 80 паселішчаў Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82.
  • Улады Ўкраіны заявілі пра арганізацыю перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны», і магчымае стварэньне вайсковых камэндатураў у паселішчах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.
  • Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG