Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) ацэньваюць імавернае прасоўваньне ўкраінскіх войскаў прыблізна на 56 кілямэтраў у шырыню і да 28 кілямэтраў у глыб Курскай вобласьці Расеі.
«Украінская апэрацыя ў Курскай вобласьці ўжо спарадзіла апэратыўны і стратэгічны ціск на расейскія войскі, а наступныя этапы баявых дзеяньняў у Расеі, імаверна, будуць ствараць яшчэ большы ціск на Пуціна і расейскую армію», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту за 19 жніўня.
Паводле ацэнак экспэртаў, расейскае камандаваньне перадысьлякавала ў Курскую вобласьць да 11 батальёнаў з гэтага рэгіёну і прыблізна чатыры групоўкі сіл зь іншых лініяў фронту ва Ўкраіне.
«Перадысьлякацыя і прыцягненьне элемэнтаў апэратыўных рэзэрваў дазволілі расейскім войскам запаволіць першапачаткова хуткія заваёвы Ўкраіны ў Курскай вобласьці і пачаць стрымліваць маштабы ўкраінскага ўварваньня. Аднак стрымліваньне зьяўляецца толькі першым і, імаверна, найменш рэсурсаёмістым этапам расейскага адказу ў Курскай вобласьці», — мяркуюць экспэрты.
У той жа час, паводле іх, контранаступальная апэрацыя Расеі ў вяртаньні сваёй тэрыторыі будзе патрабаваць яшчэ большай колькасьці жывой сілы, тэхнікі і матэрыяльных сродкаў.
«Занадта рана ацэньваць, калі расейскія войскі цалкам спыняць наступ украінцаў у Курскай вобласьці і перахопяць ініцыятыву для пачатку больш шырокай контранаступальнай апэрацыі. Расейскія войскі выкарысталі значныя сілы, каб захапіць Пакроўск (Данецкая вобласьць), наступ на які яны пачалі ў сярэдзіне лютага 2024 году пасля захопу Аўдзееўкі, і з таго часу прасунуліся прыкладна на 23 кілямэтры ў гэтым раёне за шэсьць месяцаў самых інтэнсіўных баёў ва Ўкраіне ў 2024 годзе», — адзначаецца ў справаздачы.
У Інстытуце вывучэньня вайны падкрэсьлілі, што апэрацыя Ўкраіны ў Курскай вобласьці прымусіла Расею ўхваліць рашэньне аб доўгатэрміновых стратэгічных патрабаваньнях абароны мяжы з паўночна-ўсходняй Украінай, працягласьць якой складае тысячу кілямэтраў.
«Цяпер украінскае прасоўваньне ў Курскай вобласьці выглядае прыкладна 56 кілямэтраў у шырыню і да 28 кілямэтраў у глыб. [...] Расейскім войскам, хутчэй за ўсё, давядзецца весьці працяглыя контранаступальныя дзеяньні, каб вярнуць сабе ўсю тэрыторыю, захопленую ўкраінскімі сіламі ў Курскай вобласьці, калі толькі яны ня выкарыстаюць пераважныя сілы», — адзначылі экспэрты ISW.
- Украіна пачала сваю апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню абвясьцілі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
- 15 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца больш за 80 паселішчаў Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82.
- Улады Ўкраіны заявілі пра арганізацыю перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны», і магчымае стварэньне вайсковых камэндатураў у паселішчах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.
- Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
Форум