Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Маскве арыштаваў грамадзяніна ЗША за напад на паліцыянтку


Джозэф Татэр
Джозэф Татэр

Раённы суд Масквы арыштаваў да 14 кастрычніка грамадзяніна ЗША Джозэфа Татэра паводле абвінавачаньня ў гвалце адносна прадстаўніка ўлады. Яму пагражае да пяці гадоў калёніі за, як сьцьвярджаецца, удар у перадплечча супрацоўніцы паліцыі.

12 жніўня Татэру адмовілі ў засяленьні ў гатэль у Маскве, як сьцьвярджаецца, з прычыны браку міграцыйнай карты. Яго затрымалі выкліканыя ў гатэль паліцыянты і даставілі ў пастарунак. Там ён і ўдарыў паліцыянтку, настойвае абвінавачаньне.

У сераду суд арыштаваў яго паводле адміністрацыйнага артыкулу аб дробным хуліганстве. Новае абвінавачаньне супраць яго крымінальнае. Пазыцыя самога Татэра невядомая. Яго адвакат прасіў прызначыць амэрыканцу меру стрыманьня, ня зьвязаную з арыштам.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША рэкамэндуе грамадзянам ня езьдзіць у Расею. Напярэдадні прадстаўнік Дэпартамэнту Вэдант Патэль паведаміў журналістам, што Вашынгтону вядома пра арышт яшчэ аднаго амэрыканца ў Расеі.

У чацьвер у Расеі суд вынес вырак у крымінальнай справе яшчэ адной амэрыканкі, Ксеніі Карэлінай. Акрамя амэрыканскага, яна мае расейскае грамадзянства. Яе абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе за перавод ахвяраваньня амэрыкана-ўкраінскай некамэрцыйнай арганізацыі, якая падтрымлівае ў тым ліку ўкраінскую армію. Суд прызначыў Ксеніі Карэлінай 12 гадоў калёніі.

  • 1 жніўня паміж Расеяй і некалькімі заходнімі краінамі на чале з ЗША адбыўся абмен вязьнямі. У яго межах у Расею вярнуліся 8 агентаў спэцслужбаў і двое дзяцей, на Захад трапілі некалькі амэрыканцаў, у тым ліку журналістка татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашава і група расейскіх апазыцыянэраў, усяго 16 чалавек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG