Аляксандар Лукашэнка лічыць, што абмежаваньні Літвы датычна ўезду на яе тэрыторыю аўтамабіляў зь беларускай рэгістрацыяй прывядуць да скарачэньня «эканамічнага турызму», у часе якога беларусы вывозілі «вялікія сродкі».
«Дзякуй богу. Нашы перастануць вывозіць (хоць цяпер меней стала) грошы за межы Беларусі і Расеі. Тое самае расейцы. Грошы застануцца тут. Гэты так званы эканамічны турызм — гэта велічэзныя сродкі, якія вывозілі адсюль», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
У той жа час ён назваў улады Літвы «шаленцамі», якія «ня ведаюць самі, што робяць».
«Калі б там былі адказныя палітыкі, мы маглі б абмяркоўваць іхную палітыку. Але адказных палітыкаў няма», — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго, літоўскія ўлады робяць усё, што не падабаецца грамадзянам Літвы. «Што б мы пра літоўцаў ні казалі, гэта вельмі працавітыя з савецкіх часоў людзі. Яны параўноўваюць тое, што было ў Савецкім Саюзе, і тое, што цяпер», — дадаў ён.
Лукашэнка параіў «не зьвяртаць увагі на гэтае шаленства».
«Можа, недзе праз коску, як прыклад, прыводзіць шаленства гэтага Захаду і Эўрапейскага Зьвязу, і да чаго яны могуць давесьці гэтых сваіх сатэлітаў, якія ня гралі і ня граюць у гісторыі сёньня ніякай ролі. Я на гэта нават увагі не зьвяртаю», — адзначыў Лукашэнка.
Літва ўвяла двухэтапную забарону на ўезд на тэрыторыю краіны аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі. З 18 ліпеня пры ўезьдзе ў Літву забарона не распаўсюджвалася на грамадзян, якія маюць візу або дазвол на жыхарства ў Літве, пры ўмове, што машына ўвозіцца для асабістых, а не камэрцыйных мэтаў, а з 16 жніўня на тэрыторыю Літвы змогуць уяжджаць толькі машыны, якія маюць дыпляматычныя нумары і належаць дыпляматычным прадстаўніцтвам, а таксама міжнародным арганізацыям, якія маюць імунітэт згодна зь міжнародным правам.
Форум