Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЗС Літвы патлумачылі, ці можа аўтамабіль зь беларускімі нумарамі ўехаць у Літву зь іншай краіны ЭЗ


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Чарга на беларуска-польскай мяжы, 2022 год
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Чарга на беларуска-польскай мяжы, 2022 год

З 18 ліпеня Літва забараніла ўезд на сваю тэрыторыю легкавых аўтамабіляў на беларускіх нумарах. А ці можа беларускі аўтамабіль уехаць у Літву зь іншай краіны ЭЗ — напрыклад, з Польшчы? На гэтае пытаньне «Люстэрку» адказалі ў Міністэрстве замежных спраў Літвы.

«Паміж Літвой і іншымі краінамі — сябрамі Эўрапейскага Зьвязу няма памежнага кантролю. Таму, калі ўладальніку аўтамабіля зь беларускай рэгістрацыяй дазволілі ўехаць у адну з краін ЭЗ пасьля 18 ліпеня 2024 году, ён зможа ўехаць у Літву і праз Польшчу ці Латвію», — гаворыцца ў адказе Дэпартамэнту камунікацыяў і культурнай дыпляматыі МЗС Літвы.

Пры гэтым літоўскія дыпляматы падкрэсьліваюць, што легкавыя аўтамабілі зь беларускімі рэгістрацыйнымі знакамі, якія ўжо знаходзяцца ў Эўразьвязе (у тым ліку ў Літве), абавязаныя пакінуць тэрыторыю ЭЗ да 18 студзеня 2025 году альбо прайсьці літоўскую рэгістрацыю.

Калі аўтамабіль зь беларускай рэгістрацыяй будзе знаходзіцца ў ЭЗ пасьля 18 студзеня 2025 году, ён таксама зможа ўехаць у Літву зь іншых краінаў (з той жа прычыны: бо паміж краінамі — сябрамі ЭЗ няма памежнага кантролю), але ў гэтым выпадку «існуе вялікая імавернасьць таго, што ён будзе спынены літоўскай паліцыяй у любым пункце Літвы», адзначылі ў літоўскім МЗС.

«У гэтым выпадку кіроўца можа быць аштрафаваны, а аўтамабіль — канфіскаваны», — дадалі ў ведамстве.

  • З 18 ліпеня Літва забараніла ўезд на сваю тэрыторыю легкавых аўтамабіляў на беларускіх нумарах.
  • Абмежаваньне распаўсюджваецца на аўтамабілі незалежна ад грамадзянства іх уладальніка ці кіроўцы.
  • Такім чынам Літва выконвае рашэньне аб новых санкцыях ЭЗ адносна Беларусі за яе саўдзел у ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.
  • 15 ліпеня аналягічнае абмежаваньне ўвяла Латвія, а 17 ліпеня стала вядома пра такую ж забарону ў Эстоніі.
  • У Польшчу аўтамабілі зь беларускай рэгістрацыяй пакуль могуць уяжджаць без абмежаваньняў, але толькі ў выпадку, калі ў салёне машыны знаходзіцца яе ўладальнік.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG