З пачаткам паўнавартаснай вайны ва Ўкраіне пад палітычны перасьлед у Беларусі сталі трапляць украінцы. У асноўным іх абвінавачвалі ў «агентурнай дзейнасьці» і «шпіянажы». 28 чэрвеня Ўкраіна праз абмен вызваліла зь беларускіх СІЗА і калёніяў пяць сваіх грамадзян.
Паводле зьвестак амбасадара Ўкраіны ў асаблівых даручэньнях у Беларусі Ігара Кізіма, за кратамі ў Беларусі застаюцца 8 украінцаў, перасьлед якіх можа быць зьвязаны з палітычнымі прычынамі. Паводле праваабаронцаў «Вясны», такіх асобаў можа быць як мінімум 10. Свабода зьвязалася з роднымі дваіх украінцаў з гэтых сьпісаў.
Забарона на ўезд у Беларусь для маці
Украінцу Арцёму Макавею 25 гадоў. З 2009 году жыў у Беларусі, у Кобрыні, але захоўваў грамадзянства Ўкраіны.
Арцём жыў у бабулі, на радзіме ва Ўкраіне ў яго рана памёр тата, маці цяжка хварэла. Працаваў дыджэем. Маці Арцёма Макавея Іна раней расказвала ў камэнтары Свабодзе, што сын не цікавіўся палітыкай. Але ў студзені 2023 году яго затрымалі супрацоўнікі КДБ, прычынай назвалі «агентурную дзейнасьць». Суд пакараў украінца 6 гадамі пазбаўленьня волі. У чым зьмест абвінавачаньня — невядома дагэтуль, працэс праходзіў у закрытым рэжыме. У чэрвені 2024 году Арцёма перавялі з СІЗА ў калёнію № 2 у Бабруйску. Але ў ліпені зь невядомай прычыны вярнулі назад ў берасьцейскі СІЗА.
Маці Іна нічога не магла даведацца пра сына ад моманту яго затрыманьня. Жанчына прыяжджала ў Беларусь, хадзіла ў СІЗА, КДБ, іншыя органы. Але ніхто ёй нічога не патлумачыў. Падчас апошняй спробы зноў прыехаць у Беларусь, яе не прапусьцілі, а ў пашпарт паставілі адзнаку аб забароне ўезду на 10 гадоў.
«Выслалі папросту, каб я ім не перашкаджала. На словах патлумачылі, што гэта за мае камэнтары беларускім незалежным СМІ, прызнаным «экстрэмісцкімі», — гаворыць Іна Макавей.
Цяпер украінка жыве ў Нямеччыне. З словаў Іны, яна па-ранейшаму амаль нічога ня ведае пра лёс свайго сына.
«Не разумею, за што яго вярнулі ў СІЗА. Што там — дадатковае нешта зьявілася да справы? Наколькі ведаю, яго там будуць трымаць да кастрычніка. Я зь Нямеччыны не магу дапамагчы сыну. Напрыклад, выслаць пасылку. Многія тавары забаронена ўвозіць у Беларусь. Дый ці аддадуць тую пасылку? Прасіла людзей у Беларусі дапамагчы, але яны баяцца, што праз мой грашовы пераказ у іх будуць праблемы», — расказала Іна у размове са Свабодай.
Паводле яе, сын піша лісты 87-гадовай бабулі, якая застаецца ў Беларусі. Іна дадае, што дагэтуль ня ведае, за што пасадзілі сына. Ён пра гэта не пісаў у лістах.
«Адзінае, што сказала мне адвакатка, — што ён у нечым прызнаўся. Можа быць, яго падманулі, маўляў „прызнаесься — дамо меншы тэрмін“. Нічога больш ня ведаю», — кажа суразмоўца.
Іна перажывае, што сыну няма каму дапамагчы. Жанчына спадзяецца, што Арцёма могуць вызваліць падчас магчымага наступнага абмену.
«Можна толькі лісты, перадачы — не»
У бабруйскай калёніі цяпер знаходзіцца яшчэ адзін украінец, прызнаны беларускімі органамі «агентам» — Андрэй Шмай.
Ягоная маці Ірына жыве ў Чарнігаве. У размове з Свабодай жанчына кажа, што наагул нічога ня ведае пра лёс сына, апроч таго, што ён знаходзіцца ў Бабруйску. Ірына сьцьвярджае, што ня ведае нават, на які тэрмін яго асудзілі. Яна перажывае, што сын ня быў вызвалены падчас чэрвеньскага абмену.
«Званю ў амбасаду — але яны ня ў курсе. Ведаю, што ён піша жонцы і што можна толькі лісты, перадачы нельга. Больш нічога ня ведаю пра сына», — зазначыла Ірына.
Андрэй Шмай нарадзіўся ў Чарнігаве. Апошнія 10 гадоў жыў у Віцебску, працаваў рабочым абслугоўваньня будынку ў Віцебскім аблвыканкаме.
Яго затрымалі ў студзені 2023 году. У прапагандысцкім фільме АНТ паведамілі, што Андрэй Шмай нібыта рэгулярна адпраўляў інфармацыю пра сытуацыю ў Віцебскім аблвыканкаме праз Signal ва Ўкраіну свайму малодшаму брату Руслану, які служыць у Чарнігаўскім апэратыўным камандаваньні «Поўнач», дзе ён намесьнік камандзіра ў апэратыўных пытаньнях. У фільме сьцьвярджалі, што перапіска была зашыфраванай, хоць Андрэй Шмай патлумачыў, што проста выдаляў паведамленьні, калі іх зьбіралася шмат. Доўгі час сям’я ня ведала, што зь ім здарылася. Праз два тыдні пасьля затрыманьня жонцы Шмая пазваніў чалавек, які назваўся сьледчым і папрасіў перадаць яго асабістыя дакумэнты. Больш ніякіх дэталяў ён не паведаміў.
Андрэй Шмай — былы вайсковец, у 2006–2013 гадах служыў на беларуска-ўкраінскай мяжы інспэктарам пункту пропуску «Новыя Ярылавічы». Потым пераехаў у Віцебск, уладкаваўся рабочым комплекснага абслугоўваньня і рамонту будынкаў і збудаваньняў — выконваў розныя замовы, зьвязаныя з абслугоўваньнем электрыкі, сантэхнікі, іншыя работы, якія не вымагалі высокай кваліфікацыі.
У бабруйскай калёніі, дзе трымаюць Шмая, таксама адбываў пакараньне ўкраінец Павел Купрыенка. Але ў межах абмену яго вызвалілі 28 чэрвеня, цяпер ён ва Ўкраіне.
Форум