Падзеі ў Курскай вобласьці і іх уплыў на дзеяньні Лукашэнкі абмяркоўваюць Міхайла Самусь, экспэрт Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канвэрсіі і раззбраеньня, а таксама ўкраінскі палітоляг беларускага паходжаньня, экспэрт Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.
Глядзіце дыскусію на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Што мяняе для Лукашэнкі пераход вайны на тэрыторыю Расеі?
Міхайла Самусь: Для мяне вельмі цікавы наступны аспэкт. Я перакананы, што вайскова-палітычнае кіраўніцтва Расеі не дапускала нават тэарэтычна, што Ўкраіна пасьмее перайсьці расейскую мяжу і правядзе ня проста рэйды, якія робяць дывэрсійна-выведныя групы ці сілы спэцыяльных апэрацый вайсковай выведкі, а наўпрост зладзіць вайсковую апэрацыю. Пуцін проста шакаваны. Ён заяўляе, што Ўкраіна такім чынам дамагаецца паляпшэньня пазыцый на перамовах. У чым праблема, а ты тады што робіш на Данбасе ўвогуле?
А што адчувае Лукашэнка? Калі Ўкраіна наважылася перайсьці расейскую мяжу, то што можа спыніць украінскія ўзброеныя сілы ад таго, каб перайсьці беларускую мяжу? Дагэтуль такое ўяўлялася немагчымым, бо Ўкраіна была стрыманая нашымі заходнімі партнэрамі. А цяпер уяўляецца, што Ўкраіне можна пераходзіць мяжу і праводзіць вайсковыя апэрацыі на Куршчыне. А чаму не правесьці ў Беларусі? Для Лукашэнкі сапраўды наступаюць напружаныя часы, калі ён павінен моцна кантраляваць свае словы і разумець, наколькі балянс сілаў у трохкутніку Менск — Масква — Кіеў адпавядае ягонаму спакойнаму стану. Бо можна справакаваць украінскі бок, і ён можа перайсьці мяжу. А там выявіцца, што (дарогі добрыя ў Беларусі) і да Менску ня так і доўга ехаць.
— Спадар Тышкевіч, давайце прааналізуем дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі. Спачатку ён маўчыць, а праз дні тры пасьля пачатку ўкраінскай атакі на Куршчыну заяўляе пра нібыта зьбітыя ўкраінскія бесьпілётнікі ў небе Беларусі, далей МЗС Беларусі пагражае закрыць амбасаду Ўкраіны, Мінабароны Беларусі заяўляе пра перасоўваньне войскаў да ўкраінскай мяжы. Паводле аналітыка Свабоды Валера Карбалевіча, «афіцыйны Менск заўважна мітусіцца». Што, хто прымушае заўважна мітусіцца Аляксандра Лукашэнку?
Ігар Тышкевіч: Тое, што адбываецца, гэта хутчэй гульня на расейскага спажыўца інфармацыі, чым рэальныя дзеяньні. Вельмі просты прыклад. Думаю, што жыхары Беларусі ўяўляюць мапу сваёй краіны. Зь любога пункту Рэспублікі Беларусь, што з-пад Віцебску, што з-пад Горадні, што з-пад Берасьця, якім чынам прасьцей за ўсё перакінуць два дзясяткі танкаў кудысьці ў Гомельскую вобласьць? Улічваючы сетку аўтамабільных дарог, выснова напрошваецца сама сабой: загнаў на тралы, і праз 3, 4, 5, 6 гадзін усё на месцы. Замест гэтага робіцца прыгожая тэлевізійная карцінка, як гэта ўсё грузіцца на чыгуначныя плятформы. Паглядзіце карту беларускай чыгункі, як гэта будзе ехаць...
На пачатку апэрацыі Ўкраіны ў Курскай вобласьці Лукашэнка маўчаў, таму што ня ведалі, як камэнтаваць. А далей атрымалася цікавая сытуацыя, што ў самой Расейскай Фэдэрацыі з боку так званых ваенкораў, потым цэнтральнай прэсы паднялася інфармацыйная хваля, што быццам бы Лукашэнка здрадзіў Пуціну і ўкраінскія часткі былі зьнятыя зь беларускай мяжы. На пачатковым этапе спрабавалі адказваць Азаронак, Тур і ўся прапагандысцкая тусоўка, але перабіць гэтую хвалю не атрымалася. І тады зьяўляецца ідэя — давайце зробім заяву пра правакацыю і нейкія паказальныя дзеяньні, якія проста добрыя з пункту гледжаньня карцінкі, але абсалютна бязглуздыя з пункту гледжаньня вайсковых меркаваньняў. Што і зрабілася. Паглядзіце ўчорашнія загалоўкі ў расейскай прэсе: «Лукашэнка перакідае танкі на мяжу з Украінай». Па вялікім рахунку, як інфармацыйная гэтая апэрацыя ўдалася.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум