Сьцісла:
- Заява Лукашэнкі пра нібыта зьбітыя ўкраінскія бесьпілётнікі ў небе Беларусі стала стартам для маштабнай інфармацыйнай кампаніі беларускіх уладаў.
- Нейкі моцны штуршок прымусіў афіцыйны Менск заўважна мітусіцца і актыўна дэманстраваць сваю падтрымку расейскаму саюзьніку.
- Рэакцыя афіцыйнага Менску на гэты сыгнал ці штуршок з Масквы выявілася даволі штучнай і дэманстратыўнай.
- Імавернасьць рэальнага ўдзелу беларускай арміі ў расейска-ўкраінскай вайне невысокая.
Інфармацыйны выбух пачаўся з заявы Лукашэнкі: маўляў, над тэрыторыяй Беларусі зьявіліся ўкраінскія паветраныя цэлі, частка якіх была зьбітая, іншыя паляцелі ў бок Расеі. Паведамленьне было даволі няўцямнае. Не да канца зразумела, што гэта былі за цэлі. Нібыта бесьпілётнікі. Незразумела, колькі іх было зьбіта. Звычайна інфармацыя вайскоўцаў больш дакладная. Трохі пазьней дзяржаўныя мэдыя паказалі рэшткі нібыта зьбітых бесьпілётнікаў.
Гэтая заява Лукашэнкі стала стартам для маштабнай інфармацыйнай кампаніі беларускіх уладаў. Раптам ажыло Міністэства абароны. Яно паведаміла, што да ўкраінскай мяжы перасоўваюцца войскі, узброеныя у тым ліку ракетнымі комплексамі «Палянэз» і «Іскандэр».
Незвычайную актыўнасьць праявіла МЗС, якое пасьпела за адзін дзень выступіць з асуджэньнем рэйду ўкраінскіх войскаў у Курскую вобласьць, заявіць пратэст часоваму паверанаму ў справах Украіны і нават паскардзіцца у ААН і АБСЭ на ўкраінскія бесьпілётнікі.
Выбухнулі ўсе прапагандысцкія рэсурсы. Навыперадкі сталі камэнтаваць дзеяньні Ўкраіны дэпутаты.
Што адбываецца насамрэч? Найперш — ці была сапраўды атака бесьпілётнікаў з тэрыторыі Ўкраіны на Беларусь? Украінскі бок гэта зьняпраўджвае. Паводле маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», ніякіх дронаў з тэрыторыі Ўкраіны ў гэтыя дні выяўлена не было, як не было ніякіх запускаў ракет са зьнішчальніка Су-30 або верталёта Мі-24 Узброеных сілаў Беларусі.
Таксама ўкраінская памежная служба заяўляе, што дадатковых беларускіх войскаў каля мяжы пакуль няма.
З усяго гэтага можна зрабіць наступныя высновы.
Найперш — здарыўся нейкі моцны штуршок, які прымусіў афіцыйны Менск заўважна мітусіцца і актыўна дэманстраваць сваю падтрымку расейскаму хаўрусьніку. І такім штуршком, відавочна, сталі не дакоры з боку расейскіх Z-блогераў, на якія Лукашэнка дасюль ня надта рэагаваў. Можна меркаваць, што гэта быў нейкі моцны сыгнал з вышэйшых расейскіх інстанцыяў. І сыгнал такі, які нельга было праігнараваць.
Рэакцыя афіцыйнага Менску на гэты сыгнал ці штуршок з Масквы выявілася даволі штучная. Выглядае, не было часу прыдумаць нешта больш рэалістычнае. Варта зьвярнуць увагу на пэўную разгубленасьць палітычнага кіраўніцтва Беларусі. Не было ўжо традыцыйнай нарады Лукашэнкі з кіраўнікамі сілавых ведамстваў.
10 жніўня Лукашэнка ў часе размовы з жыхарамі вёскі Гарадзішча Шклоўскага раёну заявіў: «Там ужо на мяжы неспакойна. Вось я павінен тэрмінова заўтра быць на месцы і разьбірацца з гэтымі праблемамі». Але назаўтра ён чамусьці не паехаў на беларуска-ўкраінскую мяжу, як анансаваў, а наведаў агракамбінат «Юбілейны» ў Аршанскім раёне.
Трэба адзначыць, што рэакцыя афіцыйнага Менску на падзеі вельмі дэманстратыўная. Шмат шуму, публічных дзеяньняў, разьлічаных на тое, каб гэта ўхвальна ўспрынялі ў Маскве. Маўляў, мы перасоўваем да ўкраінскай мяжы дадатковыя войскі, адцяваем увагу вайскоўцаў Украіны, тым самым падтрымліваем расейскага саюзьніка. Таму ня трэба нас папракаць.
Можна меркаваць, што гэтым усё і абмяжуецца. Імавернасьць рэальнага ўдзелу беларускай арміі ў расейска-ўкраінскай вайне застаецца невысокай.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум