Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Курскай вобласьці прызналі страту кантролю над 28 населенымі пунктамі


На ўкраінска-расейскай мяжы ў Сумскай вобласьці, 11 жніўня 2024 году.
На ўкраінска-расейскай мяжы ў Сумскай вобласьці, 11 жніўня 2024 году.

28 населеных пунктаў у Курскай вобласьці на дадзены момант знаходзяцца пад кантролем Узброеных сіл Украіны. Пра гэта падчас нарады з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным заявіў часовы выканаўца абавязкаў губэрнатара вобласьці Аляксей Сьмірноў.

Ён таксама сказаў, што лінія баявых сутыкненьняў размытая і нестабільная. Украінскія войскі праніклі прыкладна на 40 кілямэтраў углыб расейскай тэрыторыі. Усяго зона баёў і ўкраінскага кантролю складае прыкладна 480 квадратных кілямэтраў. Невядомы лёс дзьвюх тысяч мясцовых жыхароў, якія знаходзяцца ў сёлах, узятых украінскімі войскамі пад кантроль. Сувязі зь імі няма.

Сьмірноў паведаміў, што з пачатку ўварваньня ўкраінскіх войскаў на тэрыторыю Курскай вобласьці 6 чэрвеня загінулі 12 мірных жыхароў. 121 чалавек быў паранены, сярод іх 10 дзяцей.

Выканаўца абавязкаў губэрнатара сказаў, што з Курскай вобласьці былі эвакуаваныя або выехалі самастойна ўжо 121 тысяча жыхароў, а яшчэ каля 180 тысяч чалавек маюць патрэбу ў эвакуацыі.

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што многія жыхары вобласьці таксама стараюцца яе пакінуць з прычыны рэгулярных абстрэлаў і атак бесьпілётнікаў. Паводле яго слоў, з прыгранічнага гораду Шабекіна ўжо зьехалі 50–70% жыхароў. «Напружаньне сярод насельніцтва расьце», — адзначыў ён. З прымежнага Краснаярускага раёну ўлады эвакуююць людзей у больш бясьпечныя месцы. Гладкоў папярэдзіў, што праз абстрэлы ўлады Белгарадзкай вобласьці ня могуць дапамагаць аднаўляць інфраструктуру ў прыгранічных раёнах.

Уладзімір Пуцін на нарадзе заявіў, што Кіеў «выконвае волю заходніх гаспадароў, Захад ваюе з Расеяй рукамі ўкраінцаў». На думку Пуціна, атакай на Курскую вобласьць Кіеў «спрабуе палепшыць свае пазыцыі на будучых перамовах». Адначасова ён адхіліў магчымасьць перамоваў, заявіўшы, што з Кіевам «няма пра што гаварыць».

Таксама ён сказаў, што не выключае магчымасьці новых украінскіх атак на прыгранічныя рэгіёны Расеі, напрыклад на Бранскую вобласьць.

  • Украінская армія ўвайшла на тэрыторыю Курскай вобласьці 6 жніўня. З таго часу ў рэгіёне працягваюцца баі. Паводле ранейшых дадзеных МНС Расеі, з прымежных з Украінай рэгіёнаў Курскай вобласьці былі эвакуаваныя 76 тысяч чалавек.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG