Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілы абароны Ўкраіны: Беларусь павінна разабрацца з Расеяй наконт бесьпілётнікаў у сваім небе


Беларуская тэхніка на вучэньнях каля ўкраінскай мяжы. Архіўнае фота
Беларуская тэхніка на вучэньнях каля ўкраінскай мяжы. Архіўнае фота

«Сыстэма абароны ахоплівае мяжу Ўкраіны і зь Беларусьсью, і з Расеяй. Сілы абароны гатовыя да абароны і ўжо ўлічылі досьвед поўнамаштабнага наступу».

Сьпікер апэратыўна-тактычнай групоўкі «Сіверск» (зона адказнасьці — Сумская і частка Чарнігаўскай вобласьці. — РС) Вадзім Місьнік заявіў, што на тэрыторыі Беларусі знаходзіліся менавіта расейскія, а не ўкраінскія бесьпілётнікі.

«Яны там у сябе могуць зьбіваць нешта ў сваім паветры, бо апошнія дні, тыдзень таму, два тыдні, фіксавалася неаднаразова, калі менавіта расейскія бесьпілётныя лятальныя апараты такімі маршрутамі праз Чарнігаўшчыну і далей у Беларусь заходзілі. Такія выпадкі былі. Таму што і як у іх там лятае — яны павінны паміж сабой разабрацца з Расеяй», — сказаў Вадзім Місьнік у этэры ўкраінскай службы Радыё Свабода.

Паводле яго, пакуль што апэратыўная абстаноўка на мяжы зь Беларусьсю не зьмянілася. «Сыстэма абароны ахоплівае мяжу Ўкраіны і зь Беларусьсю, і з Расеяй. Сілы абароны гатовыя да абароны і ўжо ўлічылі досьвед поўнамаштабнага наступу», — дадаў ён.

«На ўчастку мяжы зь Беларусьсю, што датычыць Чарнігаўшчыны, значных зьмен у апэратыўнай сытуацыі не адбылося. Мы ўважліва назіраем за разьвіцьцём падзей. Неаднаразова чулі заявы вайскова-палітычнага кіраўніцтва Беларусі пра розныя актывізацыі сваіх дзеяньняў або праверкі баявой гатоўнасьці і гэтак далей. Але мы ўважліва сочым не за словамі, а за дзеяньнямі. Мы ня робім выняткаў, сыстэму абароны будуем адзіную: як з боку Расеі, так і з боку Беларусі. Яна створаная, яна ўмацаваная, мы ўлічваем досьвед папярэдніх падзей», — падкрэсьліў Вадзім Місьнік.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што выведка Міністэрства абароны і памежнай сыстэмы не фіксуюць руху сіл і тэхнікі на памежнай з Украінай тэрыторыі Беларусі.

«У глыбіні сваёй тэрыторыі яны могуць перамяшчаць і тэхніку, і асабовы склад, нейкія падразьдзелы. Магчыма, гэта [адбываецца] у нязначнай колькасьці, для таго каб рабіць карцінку ў працяг інфармацыйнага ўплыву, нагнятаньня сытуацыі. Але калі гаварыць пра лінію мяжы, пра блізкасьць да мяжы, то мы не фіксуем перамяшчэньня ні тэхнікі, ні асабовага складу. Мы нават не назіраем зьмены памежных нарадаў або сіл памежнага ведамства Беларусі», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка 12 жніўня ў этэры ўсеўкраінскага тэлемаратону.

Паводле яго, Беларусь працягвае заставацца для Ўкраіны пагрозьлівым кірункам, таму Ўкраіна працягвае ўтрымліваць там неабходныя на выпадак абароны сілы.

  • 10 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 9 жніўня ў 18.10 сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі прывялі ў павышаную баявую гатоўнасьць у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Беларусі ў раёне Касьцюковіцкага раёну. На думку Лукашэнкі, яе парушылі Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Як сьцьвярджае Лукашэнка, у 19.04 беларускія сілы СПА нібыта зьнішчылі некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі, а астатнія перадалі Расеі — іх, паводле Генштабу Расеі, «паразілі пад Яраслаўлем». «Іх было каля дзясятка, — заявіў Лукашэнка. — Мы падазраём, што гэта ўдарныя бесьпілётнікі», — дадаў ён.
  • Пасьля гэтага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Лукашэнка даў загад узмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках. Паводле Хрэніна, «воінскія часткі сіл спэцапэрацый, сухапутных войскаў, ракетных войскаў, у тым ліку рэактыўныя сыстэмы „Палянэз“ і комплексы „Іскандэр“, атрымалі задачы на зьдзяйсьненьне маршаў у прызначаныя раёны. Таксама ажыцьцявілі нарошчваньне сілаў і сродкаў зэнітна-ракетных войскаў, радыётэхнічных войскаў і авіяцыі».
  • Пазьней Мінабароны Беларусі апублікавала кадры зь нібыта «зьбітымі над тэрыторыяй Беларусі БПЛА». На відэа — фрагмэнты чагосьці падобнага да крыла дрона, якія вісяць на дрэвах і ляжаць на зямлі. Яны ня маюць ніякіх маркіровак і апазнавальных знакаў, якія дазволілі б адназначна сьцьвярджаць, што гэта рэшткі ўкраінскіх дронаў.
  • Ніякіх іншых доказаў таго, што ўкраінскія дроны перасеклі ўвечары 9 жніўня беларускую мяжу, ні Аляксандар Лукашэнка, ні Міністэрства абароны Беларусі не прывялі.
  • МЗС Беларусі ўручыла часовай паверанай у справах Украіны ў Беларусі Вользе Цімуш ноту пратэсту ў сувязі з «парушэньнем мяжы» Беларусі, а таксама прыгразіла «адказам для абароны сваёй тэрыторыі» і закрыцьцём украінскай амбасады ў Беларусі.
  • У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны ў адказ на заявы Лукашэнкі падкрэсьлілі, што «беларускі дыктатар не прывёў ніякіх доказаў сваёй безадказнай і правакацыйнай заявы» і што, «па ўсім відаць, Лукашэнка спрабуе зладзіць нейкую правакацыю ў інтарэсах Расеі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG